Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці лічаць жыхары Гомелю Беларусь экалягічна бясьпечнаю краінаю?


Казімер Яноўскі, Гомель “Ці можна лічыць Беларусь экалягічна бясьпечнаю краінаю й што найбольш пагражае навакольнаму асяродзьдзю Беларусі”? Гэтае пытаньне задаваў жыхаром Гомелю наш карэспандэнт.

(Жанчына: ) “На мой погляд, самае небясьпечнае ў нас — радыяцыя, і гэта я бачу па свайму дзіцяці, ягоным здароўі”.

(Мужчына: ) “ Горш за ўсё — Чарнобыль. Бяды ён, канечне, нарабіў шмат”.

(Жанчына: ) “Якая тут бясьпека! Шкодная радыяцыя і для дзяцей, і для дарослых, і для зьвяроў — для ўсяго жывога”.

(Жанчына: ) “Каля нас ёсьць возера, гэта за вуліцай Юбілейнай. Возера ня чышчанае, бруднае, у цэнтры гораду”.

(Пенсіянэрка: ) “Дажджы небясьпечныя. Яны ўсё пазалівалі ў нас, усе дачы, гароды. Гэта яшчэ горш за радыяцыю”.

(Дзяўчына: ) “Многа шкодных выкідаў у атмасфэру. І людзі шмат засьмечваюць навакольле, самі таго не разумеючы”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна лічыць Беларусь экалягічна бясьпечнаю краінаю й што найбольш пагражае навакольнаму асяродзьдзю Беларусі?”

(Мужчына: ) “Больш за ўсё ў экалёгіі мяне хвалюе некампэтэнтнасьць нашых кіраўнікоў. Калі будзе ў нас добрае кіраўніцтва, — будзе й экалёгія добрая”.

(Мужчына: ) “Мяне турбуе аўтатранспарт і лавіны выхлапных газаў, асабліва — у велізарных грузавікоў і аўтобусаў”.

(Хлапец: ) “Псуюць экалёгію заводы, і, найперш, — хімзавод”.

(Жанчына: ) “Я лічу, што атамныя станцыі суседзяў найбольш пагражаюць Беларусі”.

(Жанчына: ) “Пасьля Чарнобыльскай трагедыі экалёгія ў Беларусі значна пагоршылася, яе нельга лічыць бясьпечнаю”.

(Пенсіянэрка: ) “Транспарту шмат разьвялося ў горадзе. Цяжка дыхаць, і асабліва — старым людзям”.

(Жанчына: ) “Многа ў нас яшчэ заводаў, якія забруджваюць рэкі й усю нашу экалёгію”.

(Жанчына: ) “Выкіды шкодных рэчываў у рэкі, радыяцыя не даюць Беларусь лічыць экалягічна бясьпечнаю краінаю. Зноў-такі — выхлапныя газы. У спалучэньні з радыяцыяй яны й даюць шмат анкалягічных, сардэчных захворваньняў”.

(Мужчына: ) “У дадзены момант навакольнаму асяродзьдзю найбольш пагражае радыяцыя. Па-другое, гарады загружаны тракспартам. Куды столькі машын?! Немагчыма дыхаць”.

(Жанчына: ) “Чарнобыльская АЭС нам пагражае. Усе кажуць, што саркафаг не надзейны, радыяцыю прапускае. Выкіды ёсьць”.

Дзяўчына: ) “У нас адна праблема — Чарнобыль. І чалавек, ягонае не культурнае стаўленьне да прыроды”.

(Жанчына: ) “Мы абавязаны самі сачыць за ўсім, таму што экалёгія, прыгажосьць нашай Беларусі залежыць ад людзей”.
XS
SM
MD
LG