Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палітвязьням створаны горшыя ўмовы


Любоў Лунёва, Менск Мікалай Статкевіч ужо два тыдні адбывае пакараньне ў Баранавіцкай папраўчай установе — на так званай “хіміі”. Яго пакаралі за арганізацыю вулічных дэманстрацый 18 і 19 кастрычніка супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Спадара Статкевіча пасялілі ў найгоршым пакоі. Ён лічыць, што адміністрацыя наўмысна стварыла для яго такія ўмовы.

Адміністрацыя камэндатуры пасяліла Міколу Статкевіча ў пакоі, што мае плошчу 15 квадратных мэтраў, у якім 7 ложкаў, тры старыя тумбачкі й адна шафа. Да ўсяго, больш за сотню чалавек карыстаюцца адной прыбіральняй, якая знаходзіцца якраз побач з гэтым пакоем.

Адміністрацыя дагэтуль не перавяла палітвязьня ў іншае памяшканьне. Мікалай Статкевіч паведаміў Радыё Свабода, што ня будзе скардзіцца ў вышэйшыя ўстановы й прасіць паляпшэньня ўмоваў, бо, на ягоную думку, менавіта такія ўмовы створаны яму наўмысна.

(Статкевіч: ) “Ну, гэты пакой знаходзіцца побач з прыбіральняй, што, як кажуць, камфорту не надае. Безумоўна, там ёсьць іншыя пакоі. Мяркую, што яны нечым лепшыя. Але я не хачу ні скардзіцца, ні прасіцца ў гэтай адміністрацыі, хаця лічу, што гэтыя ўмовы створаны мне адмыслова. У нейкай ступені, мабыць, кіраўнікі ўстановы хочуць дагадзіць свайму начальству й паказаць, што яны тут да апазыцыі так ставяцца. Мяне гэта не зьдзіўляе”.

Кожны з засуджаных мусіць штомесяц плаціць за карыстаньне пакою 24.000 рублёў. Такім чынам, за пакойчык, у якім месьцяцца шэсьць чалавек разам зь Мікалаем Статкевічам, плацяць 168.000 рублёў. Гэта пры тым, што арыштанты прыходзяць туды толькі начаваць. У будынку няма гарачай вады, у адзінай на ўсіх прыбіральні — толькі адзін кран.

Прадстаўнікі адміністрацыі ўстановы адмовіліся камэнтаваць гэтую сытуацыю без дазволу свайго кіраўніцтва. Яны спаслаліся на тое, што ёсьць праблема перанаселенасьці ўстановы і запэўнілі, што Мікалая Статкевіча перавядуць у лепшы пакой, як толькі вызваліцца месца.

Харчавацца нявольнікі мусяць самастойна. Мікалай Статкевіч лічыць, што ўмовы пражываньня не адпавядаюць тым сродкам, якія даводзіцца плаціць. На ягоную думку, такія ўстановы, названыя ў народзе “хіміяй”, створаны дзеля таго, каб як мага больш зьняважыць чалавека.

Мікалай Статкевіч зь першага дня адчуў да сябе ўвагу з боку міліцыі. Яго ўжо дапытваў сьледчы ў адміністрацыйнай справе — за арганізацыю, нібыта, несанкцыянаванага мітынгу.

Справа ж у тым, што Міколу Статкевіча праводзілі многія паплечнікі й прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый. І разьвітаньне гэтай грамады са Статкевічам ля брамы спэцкамэндатуры міліцыянты палічылі несанкцыянаваным мітынгам.
XS
SM
MD
LG