Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўпершыню выдадзены Францішак Аляхновіч


Валянціна Аксак, Менск Упершыню ў Беларусі асобнаю кнігаю выдадзеныя выбраныя творы Францішка Аляхновіча — аднаго з найзначнейшых беларускіх драматургаў першай паловы XX стагодзьдзя. Імя яго было ў свой час вядомае ў многіх краінах сьвету, дзякуючы першаму ў гісторыі ўсясьветнай літаратуры дакумэнтальнаму антыгулагаўскаму твору “У капцюрох ГПУ”.

Том выбраных твораў Францішка Аляхновіча выйшаў у незалежным выдавецтве “Беларускі кнігазбор”. Складальнік і адзін з аўтараў камэнтароў выданьня тэатразнаўца Анатоль Сабалеўскі гаворыць, што гэтая кніга — айсбэрг творчае спадчыны шырока знанага ў свой час пісьменьніка, імя якога за савецкім часам было забаронена.

(Сабалеўскі: ) “Літаратурная спадчына Францішка Аляхновіча складзе чатыры такія важкія тамы. Гэта — два тамы драматургіі, том прозы й вершаў, якіх у яго ня многа, і том публіцыстыкі й журналістыкі”.

У кнігазбораўскім томе Аляхновіча пададзены лепшыя, на думку складальніка, творы ўсіх жанраў, у якіх захавалася творчая спадчына пісьменьніка, забітага ў Вільні ў 1944 годзе пры нявысьветленых да сёньня абставінах. Гэта першае ў нацыянальным тэатразнаўстве дасьледаваньне гісторыі беларускага сцэнічнага мастацтва, надзённыя й цяпер публіцыстычныя творы, самыя вядомыя вершы й пьесы, а таксама проза ўлучна з дакумэнтальным творам “У капцюрох ГПУ”, напісаным паводле ўласнага шасьцігадовага досьведу зняволеньня ў савецкіх лягерох. Гэты твор быў перакладзены на сем эўрапейскіх моваў і прынёс аўтару шырокую вядомасьць.

(Сабалеўскі: ) “У трыццатыя гады на сямі мовах сьвету выходзіў “У капцюрох ГПУ”, і гэта першы ва ўсясьветнай літаратуры твор на гулагаўскую тэматыку”.

Драматургічная спадчына Францішка Аляхновіча прадстаўлена ў кнізе пяцю зь вядомых 16 ягоных пьесаў, якія, дарэчы, за гады незалежнасьці краіны даволі часта ставіліся ў беларускіх тэатрах. Але найбольшым прыхільнікам і прапагандыстам творчасьці Аляхновіча быў стваральнік і мастацкі кіраўнік Менскага драматычнага тэатру “Дзе-Я?” Мікола Трухан. Многія яшчэ памятаюць ягоныя спэктаклі паводле Аляхновіча “Чорт і баба”, “Здань”, “Круці…” Са сьмерцю Міколы Трухана гэтыя спэктаклі са сцэны тэатру “Дзе-Я?”, як, дарэчы, і з іншых, зьніклі.

(Сабалеўскі: ) “Ён, канечне, быў вялікім прапагандыстам, марыў дабіцца, каб тэатар, які ён заснаваў, насіў імя Францішка Аляхновіча. Ну, але так рана абарвалася ягонае жыцьцё… Цяпер там ужо іншыя парадкі, іншае стаўленьне, і спэктаклі ягоныя сышлі. Але я думаю, што драматургія гэтая будзе вяртацца й вяртацца — яшчэ неаднойчы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG