Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Уязнога турызму" няма, але ў турфірмаў ліцэнзіі пакуль не адбіраюць


Ігар Карней, Менск Ад 1 жніўня Міністэрства спорту і турызму мелася пазбаўляць ліцэнзіяў фірмы, якія не прайшлі перарэгістрацыю дзеля арганізацыі ўязнога турызму. Згодна з патрабаваньнем ураду, да гэтага тэрміну ўсе турфірмы мусілі падпісаць дамоўленасьці з замежнымі юрыдычнымі асобамі, якія бяруць на сябе адпраўку ў Беларусь турыстаў. Аднак праз два тыдні пасьля акрэсьленай даты ў дзейнасьці турфірмаў па сутнасьці нічога не зьмянілася.

Многія спэцыялісты галіны лічаць, што адтэрміноўка з радыкальнымі захадамі зьвязаная з прызначэньнем новым кіраўніком міністэрства былога старшыні фэдэрацыі боксу Ўладзімера Грыгарава, які дагэтуль не займаўся з турыстычнай сфэрай і вымушаны яе вывучаць фактычна з нуля. Прынамсі, праз два тыдні пасьля акрэсьленай даты нават фірмы, якія не падалі дакумэнты на перарэгістрацыю, не атрымалі ніякіх папераджальных лістоў. У самім ведамстве патлумачылі, што адтэрміноўка ў вынясеньні выракаў выключна тэхнічная.

(Прадстаўніца міністэрства: ) “Не, ніякай адтэрміноўкі. Усе дакумэнты былі “закрытыя” да 1 жніўня. Я маю на ўвазе дакумэнты, якія нам былі пададзеныя, – дык вось, яны былі закрытыя. Але спэцыяліст у ліцэнзаваньні прыйдзе з адпачынку 22 жніўня”.

(Карэспандэнт: ) “І тады, вы спадзяёцеся, будуць адпаведныя захады?”.

(Прадстаўніца міністэрства: ) “Так, потым – адназначна”.

Маніторынг дзейнасьці турфірмаў засьведчыў, што ў лепшым выпадку толькі кожнае дзесятае ад сямі сотняў зарэгістраваных агенцтваў можа забясьпечыць больш-меньш прымальныя ўмовы прыёму замежнікаў. Праўда, пры гэтым маршруты і базы адпачынкаў прапануюцца адныя і тыя ж. Гэтаксама прадстаўнікі турфірмаў сьцьвярджаюць, што дзяржава не зрабіла нічога, каб зацікаўленымі ад такой дзейнасьці былі рэгіёны, куды турфірмы і мусяць вывозіць замежных турыстаў. Гаворыць кіраўніца фірмы “Віаполь” Галіна Патаева.

(Патаева: ) “Я, як спэцыяліст у сфэры турызму, лічу, што мы павінны выцягваць з людзей як мага больш грошай на разьвіцьцё гістарычных мясьцінаў, невялічкіх мястэчкаў, куды мы возім турыстаў. Гэта і ёсьць галоўны сэнс экалягічнага турызму. Бо экатурызм – гэта той турызм, які дазваляе разьвівацца мясьцінам (і гэта адзін з галоўных прынцыпаў), якія мы наведваем. Але нашае заканадаўства так зробленае, што нічога гэтага няма, сфэра паслугаў там не разьвіваецца. Ім гэта ня выгадна, бо такое падатковае заканадаўства – усе грошы ідуць у агульны бюджэт. Да таго ж, фірмы, якія займаюцца ўнутраным турызмам, павінны мець права больш ільготнага падаткаабкладаньня. Бо гэта зусім ня тое, што прадаваць Эгіпет, Турэччыну, нешта іншае – хто прадае экскурсіі па Беларусі, павінны плаціць меншыя падаткі, чым тыя, хто выпраўляе турыстаў за мяжу”.

З крыніцаў у Міністэрстве спорту і турызму стала вядома, што ў ведамстве вельмі спадзяюцца падняць рэйтынг уязнога турызму ў зімовы пэрыяд. Спадзяваньні, перадусім, на штучныя горналыжныя трасы, збудаваныя пад Лагойскам і Мазыром. Маўляў, замежнікі, якія засьцерагаюцца рабіць першыя крокі на лыжах у Альпах, паедуць падвышаць майстэрства ў Беларусь. Мэнэджэр адной са сталічных турфірмаў Васіль Грынь на такі аргумэнт мае сваё гледзішча.

(Грынь: ) “Я б так сказаў: калі людзі хочуць пачаць вучыцца катацца на лыжах, і калі нейкія грошы ёсьць, то ідэальна пачынаць якраз з якасных альпійскіх курортаў у Аўстрыі. Там усе варункі, уся інфраструктура. Калі з пункту гледжаньня эканоміі, то пачынаць можна дзе заўгодна: можна ў Славаччыне, можна ў Чэхіі, можна ў нас пад Лагойскам на трасах, у Баярах пад Маладэчнам, у парку адпачынку ў Якутах. Стаць на лыжы ўсюды можна”.

Спадар Грынь робіць выснову, што дзеля ашчаджаньня сродкаў наўрад ці замежнікі паедуць у Беларусь, дзе кошты адпачынку мала саступаюць эўрапейскім курортам.
XS
SM
MD
LG