Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Слухаю тэлевізар, як Лукашэнка хваліцца, што ў яго ўсё добра, і ў мяне пачынае балець душа..."


RFE/RL Званкі на 16 жніўня Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце затэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку

(Спадарыня: ) “Слухаю тэлевізар, як наш Лукашэнка хваліцца, што ў яго ўсё добра, і ў мяне пачынае балець душа. Палі ў яго з мінулага году не ўзараныя, асот сядзіць – вышэй за чалавека. Калі была бура, насеньне яго ляцела нібы сьнег. Калі ж зьвернесься да мясцовых уладаў, яны цябе зьневажаюць. Куды ж наш Лукашэнка глядзіць? Ён хваліцца, што ў яго ўсё добра, а тут на палях жудасны асот, жудасны пырнік, нават жудасныя кусты пайшлі расьці па палях – на тых землях, што шмат гадоў не араныя. Гэтак немажліва! Я гляджу у тэлевізара, бачу, як ён хваліцца, і мне баліць душа. Я не магу на гэта ўсё глядзець. Яны не глядзяць ні палёў, ні калгасаў – яны глядзяць адно як бы нажыцца за людзкі кошт. Каб адбудаваць сабе і сваім дзецям, ды яшчэ і ўнукам-праўнукам.

(Спадарыня: ) “Хацелася б, каб у сваіх перадачах вы болей увагі надавалі не толькі грамадзянскім правам, але і таму, так бы мовіць, што пакласьці ў кішэню – то бок, фінансам. Нават Амэрыка ў свой час надавала гэтаму шмат увагі – ім гэта было выгодна. Хацелася б сказаць, што ад грашовай палітыкі залежаць паводзіны насельніцтва. Чаму нашаму насельніцтву, ня гледзячы на нібыта высокія заробкі, хапае, скажам так, толькі на харчы? Жывем мы за чужое – за даляры, за эўра, сваёй канвэртаванай валюты ня маем. Нават пераход на расейскую валюту, скажам так, нічога ня дасьць. У Беларусі дагэтуль дзейнічае наразьменная намінальная валюта, “драўляныя” на жаргоне. Дзякуючы таму чыноўнікі і мафія робіць тое, на што мы скардзімся – “захопы” нерухомасьці, зямельных надзелаў. Прапаную ў вашай перадачы адкрыць фінансавы кансалтынг і асьвечваць нашае насельніцтва – гэта было б і карысна, і выгодна”.

(Спадарыня: ) “Дарагая “Свабода”! Дзякуй табе вялікі за магчымасьць пагаварыць з добрымі людзьмі пра набалелае. Учора слухала вашую перадачу пра землі ля Менску, калі прэзыдэнт наш расьпінае Паўлава, які на 100% мае рацыю; што ён хоча будаваць нейкія аб’екты на гэтых забруджаных, атручаных землях між Кальцавой дарогай і Менскам. Дастаткова ўзяць любы падручнік па экалёгіі, які скажа нам, што вялізныя гарады такія маюць магутныя выкіды – яны падымаюцца ў неба, як атамны грыб, а пасьля апускаюцца, расьцякаюцца хвалямі і атручваюць вялікія прасторы, да трыццаці, пяцідзесяці, сямідзесяці кілямэтраў вакол гарадоў. Ці трэба ж тут сеяць жыта, бульбу, гародніну? Ці зьесьць хоць лусту хлеба наш прэзыдэнт з гэтай зямлі? Па ўсім бачна, як ён харчуецца выдатна, якія ў яго асаблівыя экалягічна чыстыя прадукты. І чаго ж ён хоча труціць людзей? Чаму ўводзіць у зман, чаму б не запрасіць навукоўцаў, з санстанцыі, параіцца зь імі – а потым ужо расьпінаць такога чалавека, як Паўлаў, які на 100%, яшчэ раз падкрэсьліваю, мае рацыю. Я чытала кніжку па экалёгіі, шмат гадоў таму, у якой сказана, што ў Чэхаславакіі забаронена пасьвіць статкі ля гарадоў, штосьці вырошчваць і спажываць у 500 мэтрах ад шасэйных дарог, ад чыгунак. Нельга пасьвіць жывёлу, нельга нічога сеяць – а паглядзіце, колькі ў нас лапікаў гэтай зямлі пад бульбаю, пад гароднінаю, пад жытам ля чыгунак, ля шасэйных дарог. І бабкі зьбіраюць мяхамі шчаўе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG