Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці пазьбегне Беларусь эпідэміі птушынага грыпу?


Іна Студзінская, Менск Эўропа занепакоеная магчымасьцю распаўсюджваньня птушанага грыпу з Расеі. Беларусь, як вядома, транзытная краіна. Да таго ж, у Беларусь заўсёды завозілася больш танная прадукцыя расейскай птушкагадоўлі. Птушыны грып рэдка, але ўсё ж перадаецца людзям. У гэтым выпадку кожны чацьверты хворы чалавек памірае. Якія захады робяць улады, каб засьцерагчыся ад небясьпечнай хваробы?

Паводле інфармацыі галоўнага санітарнага лекара Расеі Генадзя Анішчанкі, у Новасібірскай вобласьці загінула 1135 галоваў хатняй птушкі. А крыніцай заносу інфэкцыі на тэрыторыю Расеі сталі пералётныя дзікія качкі, што зімуюць ў Паўднёва-Усходняй Азіі і спыняюцца на азёрах у Навасібірскай вобласьці. І хаця Генадзь Анішчанка афіцыйна заявіў, што ўспышка птушынага грыпу ў сяле Суздалка Навасібірскай вобласьці не ўяўляе небясьпекі для чалавека, гэта не суцяшае. Бо ад гэтай хваробы памерла ўжо 54 чалавекі: 38 ў Віетнаме, 12 у Тайляндзе, 4 ў Камбоджы. Зарэгістраваны птушыны грып ў аднаго работніка птушкафэрмы ў Інданэзіі. Навукоўцы лічаць, што вірус H5N1 здольны мутаваць і стаць такім жа заразным, як і вірус чалавечага грыпу. Прыкладам, вірус апошняга відазьмяняецца кожныя 30-40 гадоў. А на птушыны грып, які нядаўна лічыўся выключна птушынай хваробай, хварэюць ужо людзі, сьвіньні.

Начальнік Галоўнага Упраўленьня вэтэрынарыі Міністэрства сельскай гаспадаркі Аляксандар Аксёнаў паведаміў, што 3 жніўня прынята пастанова аб забароне ўвозу прадукцыі птушкагадоўлі з Расеі.

(Аксёнаў: ) “З Расеі мы ня ўвозім прадукцыю птушкагадоўлі. Не вязем усё, што зьвязанае з кармамі для птушкі”.

(Карэспандэнтка: ) "І можна сказаць з упэўненасьцю, што з Расеі ў Беларусь ніякая прадукцыя птушкагадоўлі не прыходзіць і не паступае ў продаж?"

(Аксёнаў: ) “Афіцыйна – так. З 3 жніўня мы не даем дазволу на ўвоз птушкі”.

(Карэспандэнтка: ) “І гэта жорстка кантралюецца?”

(Аксёнаў: ) “Канешне. Праверылі ўсе птушкафабрыкі краіны, як на птушкафабрыках захады абароны праводзяцца. Кожны дзень правяраем здароўе птушкі ў насельніцтва, на птушкафабрыках”.

(Карэспандэнтка: ) “Але пакуль сытуацыя ў Беларусі спакойная, не было ніякіх выпадкаў?”

(Аксёнаў: ) “Перахрысьціцеся. Перахрысьціцеся разам са мной”.

Начальнік аддзелу Рэспубліканскай санэпідэмстанцыі Ўладзімер Пашковіч пажартаваў, што птушка з Навасібірску ня здолее даляцець да Беларусі – адлегласьць вельмі вялікая. На маё пытаньне – ці ня змогуць гандляры, што займаюцца дробным оптам, у абыход новых правілаў усё ж завезьці больш танную прадукцыю з Расеі, спадар Пашковіч адказаў так:

(Пашковіч: ) “Мяса патрабуе абавязковага глыбокага ахалоджваньня, і ў валізках яго не прывязеш. Патрэбныя вагоны-рэфрыжэратары. Як мінімум, гэта перавозіцца ў прычэпах, якія маюць маразільныя прыстасаваньні. У звычайнай машыне мяса не правязеш. І я яшчэ ня бачыў, каб хтосьці прадаваў курэй ці “ножкі Буша” употай, з-пад палы, дзе-небудзь у пераходах”.

Але ёсьць тут яшчэ адзін нюанс. Мяса птушкі глыбокай замарозкі можа захоўвацца па нормах 18 месяцаў. А гандлёвая фірма “Эўраопт”, да прыкладу, закупляе больш танныя курыныя кумпячкі ў расейскім Калінінградзе. Натуральна, вялікімі партыямі. І мяса магло быць увезенае да 3 жніўня, а на яго афіцыйная забарона не распаўсюджваецца. Такім чынам, застаецца нагадаць аматарам “куранят-табака”, “птушанят-грыль” і курыных кумпячкоў: зьвяртайце ўвагу на тое, што набываеце. Вэтэрынары і санэпідэміёлягі раяць купляць сваё, беларускае, і пажадана ў фірмовых крамах тутэйшых птушкафабрык.

Нагадаю яшчэ раз, што на птушыны грып могуць хыварэць і людзі. Адзін з кожных чатырох хворых памірае. Лекары ўсяго сьвету з жахам прадказваюць магчымасьць скрыжаваньня вірусаў чалавечага і птушынага грыпу. У гэтым выпадку на зямлі могуць загінуць дзясяткі мільёнаў чалавек.
XS
SM
MD
LG