Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя хакеры зноў атакавалі вэбсайт АГП


Любоў Лунёва, Менск Невядомыя хакеры зноў атакавалі сайт Аб’яднанай грамадзянскай партыі – гэта трэцяя атака за шэсьць дзён. Калі ў выніку ранейшых спробаў наведнікі папросту не маглі адчыніць сайт, каб пазнаёміцца зь інфармацыяй, то гэтым разам хакеры зьмясьцілі на ім уласную вэрсію ацэнкі апошніх падзеяў у краіне. Тое ж адбылося і з інтэрнэт-старонкай праваабарончай арганізацыі, якую ўзначальвае Людміла Гразнова.

Назіральнікі адзначаюць, што паралізаваць працу сайту невядомыя асобы імкнуцца найчасьцей з адной мэтай – ня даць распаўсюдзіць непажаданую для іх інфармацыю. Бывае, аднак, што гэта робяць і з хуліганскіх матываў. Але ў дадзеным выпадку галоўнай прычынай называецца менавіта першая. Хакеры зьмясьцілі ўласную нэгатыўную інфармацыю пра атачэньне Аляксандра Лукашэнкі. На думку лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, каб "падставіць", як кажуць, стваральнікаў сайту праз нэрвовую рэакцыю ўладаў.

(Лябедзька: ) “У нас у апошнія дні больш за тры тысячы наведвальнікаў штодня. Таму нам паказалі, як будзе дзейнічаць улада ў адносінах да інфармацыі, якую мы зьмяшчаем і дасылаем. Гэта – страх перад інфармацыяй. Чым больш людзей будуць ведаць аб тым, што робіцца ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі, тым менш будзе прыхільнікаў рэжыму. Я думаю, што гэта толькі пачатак перадвыбарчай кампаніі. Трэба чакаць, што альтэрнатыўных легальных носьбітаў інфармацыі практычна не застанецца”.

Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што ў маючай адбыцца прзыдэнцкай кампаніі і надалей будуць час ад часу ўзламываць сайты незалежных выданьняў альбо грамадзкіх арганізацый.

Людзі, якія сапсавалі сайт, напісалі паведамленьне аб тым, што яны сапраўдныя патрыёты. Гаворыць выканаўца абавязкаў кіраўніка прэсавай службы АГП Кацярына Ткачэнка.

(Ткачэнка: ) “Мы ведаем, што ў КГБ была створана спэцыяльная служба, у абавязкі якой уваходзіць прагляд апазыцыйных сайтаў, перапіскі, якая вядзецца, прагляд усіх форумаў. У гэтую службу запрашалі лепшых праграмістаў, якія ёсьць у Беларусі. Калі мы запыталіся ў так званых патрыётаў: “Дзе вы былі на наступны дзень пасьля рэфэрэндуму? Дзе вы былі, калі мы выходзілі на “Ланцуг неабыякавых людзей?”, яны нам адказалі: “Мы былі заўсёды побач з вамі на ўсіх ланцугах, на “Маршах Свабоды”. Мы прыгадалі, што, сапраўды, мы бачылі такіх людзей у цывільным. Мы бачылі рацыі, якія былі ў іх на вушах. Яны паказвалі, каго трэба забіраць амонаўцам”.

Грамадзкія арганізацыі час ад часу сутыкаюцца з такімі зьявамі. Назіральнікі адзначаюць, што іх сайты сталі больш прафэсійнымі. Гэта і становіцца прычынай блякаваньня інтэрнэт-інфармацыі. Аднак ні прадстаўнікі праваабарончага цэнтру АГП, ні партыйцы ня будуць зьвяртацца ў міліцыю і ў пракуратуру, каб знайшлі злачынцаў. Чаму? Бо ня бачаць пазытыўнай перспэктывы ў вырашэньні гэтага пытаньня.
XS
SM
MD
LG