Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе адшуканая магіла Кірылы Тураўскага?


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў горадзе Тураве на Гомельшчыне на паверхню зямлі будзе паднятая ўнікальная археалягічная знаходка – старажытны каменны саркафаг. Пахавальны склеп выяўлены ля прадмуркаў былога катэдральнага сабору. Паводле спэцыялістаў, раскопкі на тэрыторыі гэтага культавага збудаваньня абяцаюць адны з найлепшых вынікаў сёлетняга археалягічнага сэзону ў Беларусі.

Саркафаг, знойдзены ў Тураве – шосты па ліку з часу першых дасьледаваньняў гарадзкога замчышча яшчэ з 1930-х гадоў. Цяпер археолягі наткнуліся на пахаваньне ХІІІ стагодзьдзя, калі вызвалялі з-пад зямлі падмурак былога катэдральнага сабору. Пра каштоўнасьць знаходкі гаворыць супрацоўнік Нацыяльнай акадэміі навук Сяргей Тарасаў.

(Тарасаў: ) “Чарговая знаходка ў Тураве яшчэ раз падкрэсьлівае значнасьць гэтага гораду. Тое пахаваньне, што знаходзілася побач з храмам, які цяпер дасьледуецца ў Тураве, відаць, належала не апошняму чалавеку ў той гісторыі, у тым горадзе. Саркафагі адмыслова рэзалі ці выбівалі з так званага обруцкага шыфэрнага сланцу. Яны бываюць розных колераў: ружовыя ці шэраватыя. Гэты камень прывозілі зь сёняшняй тэрыторыі Ўкраіны. Дарэчы, Обруч ня так далёка ад Турава. Шыфэр вельмі прыдатны і мяккі камень”.

Археолягі раскапалі падмурак былога Тураўскага катэдральнага сабору, пабудаванага пры біскупе Кірыле Тураўскім у 1157 годзе. Навукова даказана: храм быў разбураны Карпацкім землятрусам 5 траўня 1230 году. Як ачысьцілі падмурак па перымэтры, то атрымалі пацьверджаньне, што на беларускім Палесьсі існаваў духоўны цэнтар. Па памерах ён не саступаў найвялікшым культавым збудаваньням Кіева, Суздаля і Пскова. Стала відавочна, што Тураўскае замчышча зьяўляецца ўнікальным помнікам эўрапейскага ўзроўню, хаця яшчэ нядаўна на археалягічным помніку плянавалася новае будаўніцтва. Гаворыць гісторык Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “У свой час я быў ініцыятарам ракоспак гэтага храму, калі зьяўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савету. Праваслаўная царква хацела на гэтым месцы будаваць новы храм. Але мы прымусілі правесьці раскопкі. А пакуль ішлі раскопкі, слава Богу, царква ўжо не хацела будавацца. Я лічу, што нічога там будаваць нельга. І добра было б зрабіць нейкі павільён над гэтымі руінамі і адчыніць музэй”.

Паводле Алега Трусава, захаваньне руінаў Тураўскага храму пакіне будучай Беларусі шанец адрадзіць гэтае найвыбітнейшае культавае збудаваньне эпохі нацыянальнага асьветніка Кірылы Тураўскага. Да магчымасьці адшукаць цяпер грабніцу сьвятога археоляг Сяргей Тарасаў таксама ставіцца скептычна.

(Тарасаў: ) “Справа ў тым, што гэта ўжо шосты саркафаг і, на вялікі жаль, нябожчыкі, якія ляжалі ў папярэдніх, належным чынам дасьледаваныя не былі. Па-другое, паколькі Кірыла Тураўскі быў манахам, то ніякіх рэчаў у пахаваньні зь ім, у прынцыпе, быць ня можа. І таму адрозьніць аднаго сьвяціцеля ад другога вельмі і вельмі складана. Гэта ня той выпадак, калі, напрыклад, Эўфрасінія Полацкая была прывезеная зь Ерусаліму ў Афонскі манастыр, пасьля ў Кіеў, а затым у Полацак. Гэта было дакладна вядома, што Эўфрасінія Полацкая. З Кірылам Тураўскім ўсё значна больш складана”.
XS
SM
MD
LG