Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскім раёне рыхтуюцца навесьці “ідэальны парадак”


Галіна Абакунчык, Менск Паводле вынікаў візыту ў Менскую вобласьць Аляксандр Лукашэнка правёў адмысловую нараду, прысьвечаную ўпарадкаваньню Менскага раёну. Асаблівую незадаволенасьць кіраўніка краіны выклікала праблема незавершанага будаўніцтва.

Паводле распараджэньня Лукашэнкі, кіраўнік аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч, мэр сталіцы Міхаіл Паўлаў і міністар сельскай гаспадаркі Леанід Русак да 7 лістапада маюць навесьці ў Менскім раёне “ідэальны парадак”. Акрамя камунальных службаў, да гэтай працы павінны далучыцца мясцовыя жыхары й прадпрымальнікі, што маюць там свае прадпрыемствы.

Дэпутаты мясцовых саветаў, зь якімі мне давялося гутарыць, кажуць, што кожны асобны рэгіён у Менскім раёне мае свае адмысловыя праблемы й вылучыць нейкую агульную досыць цяжка. Аднак Аляксандр Лукашэнка асаблівую ўвагу надаў праблеме незавершанага будаўніцтва вакол сталіцы. У прыватнасьці, ён заявіў: калі за 10 гадоў гаспадары ня здолелі на сваіх участках нешта збудаваць, то больш мэтазгодна перадаць іх у рукі тых, хто ў стане па-гаспадарску распарадзіцца зямлёй. І гэта павінна быць зроблена ўжо да 7 лістапада. Але за той камандай стаіць ня толькі жаданьне ўпарадкаваць прысталічныя землі, – заявіў у інтэрвію Свабодзе дэпутат менскага райсавету Юры Зянковіч.

(Зянковіч: ) “Праблема незавершанага будаўніцтва сапраўды існуе, але гэта зьвязана ня з тым, што людзі ня хочуць ці ня ўмеюць будавацца, а з агульнаэканамічнай сытуацыяй. І казаць пра гэта, як пра праблему незавершанага будаўніцтва, – проста не сур’ёзна. Пытаньне – забраць усё й падзяліць – “шарыкаўскі мэтад” – я яго называю бандыцкім, і ніяк інакш яго назваць нельга. А рэч у тым, што ахвочых атрымаць зямлю ў Менскім раёне вельмі шмат. Бо тут вельмі прывабныя землі і, як мне падаецца, за гэтымі словамі гэтая прычына і стаіць: нехта пасьпеў атрымаць зямлю, а нехта не, але вельмі хоча. Пры гэтам пажадана ня траціць грошы. Мне падаецца, што праблема пераразьмеркаваньня зямлі ў гэтым і палягае – вельмі шмат ахвочых”.

Адмыслоўцы кажуць, што насамрэч кіраўніка краіны цікавяць ня тэрміны й нават не вытворчасьць, хоць і сапраўды Менскі раён мае высокі патэнцыял у вытворчай сфэры. Аднак гэтыя выказваньні Лукашэнкі найперш маюць пад сабой палітычныную аснову, – лічыць кіраўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа.

(Патупа: ) “Гэта ўвогуле не пытаньне для нейкіх сур’ёзных дыскусіяў, бо гэта папулісцкая заява. Бо ва ўсіх раёнах, гарадах і нават вёсках ёсьць патэнцыял для разьвіцьця. Гэта трывіяльныя заявы і гэта відавочна. Я лічу, што Менскі раён мае ўвагу ад высокіх уладаў, бо ён мае вялікі патэнцыял для электаральнага працэсу 2006 году. Гэта людзі, якіх будуць прывозіць на нейкія мерапрыемствы ў падтрымку вядомай кандыдатуры. Вось гэта й дае падставу канцэнтраваць увагу на прысталічным раёне”.
XS
SM
MD
LG