Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касарычы – актывіст БНФ супраць "праўнука" Багдановіча (фотарэпартаж)


Ягор Маёрчык, Касарычы, Глускі раён, Магілёўшчына (эфір 8 жніўня 2005) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Віктар Падаляк — колішні аўганец, цяпер нідзе не працуе, бо інвалід. Разам мы крочым па вясковай вуліцы.

(Падаляк: ) “Пісьменьнік Багдановіч — гэта маёй мацеры сваяк, а я яму праўнукам даводжуся”.



(Карэспандэнт: ) “А вы ведаеце, хто такі Максім Багдановіч? І што ён напісаў?”

(Падаляк: ) “Я шмат ягоных твораў чытаў. “Людзі на балоце” магу прыпомніць”.

(Карэспандэнт: ) “Што яшчэ ён напісаў?”

(Падаляк: ) “Да храна ўсяго!”

(Карэспандэнт: ) “Маглі б і болей пра свайго знакамітага сваяка даведацца...”

(Падаляк: ) “Кормаз хацеў гэта ўсё адрадзіць. Ён мне ўжо мазгі закалябаў! А ён яшчэ ў гэтую чортавую партыў ўступіў — АБХСС ці АБС, ці БНФ... Ну, гэта тыя чэрці, што сьцягі вывешваюць, што на Лукашэнку пруць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы — праўнук Максіма Багдановіча. І ў той жа час вы крытычна ставіцеся да бел-чырвона-белага сьцягу й гербу “Пагоня”...

(Падаляк: ) “...да Багдановіч ніколі не пайшоў бы вывешваць сьцягі!”

(Карэспандэнт: ) “У яго нават верш ёсьць “Пагоня” — пра герб".

(Падаляк: ) “Але цяпер ён ніколі такога не зрабіў бы! Каб ён дажыў да нашых часоў, хай бы яму й 80 было, ён бы ніколі такога не рабіў. Багдановіч — сапраўдны чалавек. Думаеш, ён бы даў вывесіць гэтыя сьцягі?”

Згаданы Павал Кормаз — пэнсіянэр, колішні бібліятэкар. Зь Віктарам Падаляком яны аднавяскоўцы. Касарычы — малая радзіма бацькі Максіма Багдановіча — знаходзяцца на поўдні Глускага раёну Магілеўшчыны.



Спадар Кормаз вядомы на ўсю акругу тым, што быў назіральнікам ад Беларускага народнага фронту на прэзыдэнцкіх выбарах 2001-га, а яшчэ тым, што выпісвае “Народную волю”.

Напачатку я пазнаёміўся зь ягонай жонкай. Яшчэ ад ганку спадарыня Ірына пасьпяшалася абвесьціць, што сужанца ў хаце няма — пайшоў па чарніцы. Як толькі я згадваю пра стасункі з суседзямі, нясьпешная размова ператвараецца ў эмацыйны маналёг.

(Ірына: ) “Майго Кормаза абзываюць БНФаўцам. Чаму? Ён выпісвае “Народную Волю”, ён усё ведае, яму хочацца падзяліцца зь людзьмі. Значыць, ён БНФавец і вораг народу. Я аднойчы пачула такую размову: “Калі б ён жыў самотна на ўскрайку, мы яго даўно спалілі б. За тое, што ён гаворыць супраць прэзыдэнта”. Я хацела ім нешта даказаць, але ў мяне гіпэртанія й высокі ціск. Думаю: да пайшло яно да д''ябла! Прыйшла дахаты й так Кормазу ўсыпала: “Што ты робіш?! Ты адзін у полі ваяка? Адзін чалавек сярод натоўпу нічога зрабіць ня можа!” Гэта тое самае, што ў сьценку біцца ілбом. Ці можна чаго-небудзь дабіцца? Вёска — гэта непрабіўная сьцяна”.



(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, што на ўсе Касарычы два апазыцыянэры?”

(Ірына: ) “Можа, яшчэ хто ёсьць, але яны хаваюцца”.

Павал Кормаз вяртаецца дахаты празь некалькі гадзін. Зь ім мы гутарым сам на сам, калі спадарыні Ірыны няма побач.

(Кормаз: ) “Максім Багдановіч даводзіўся майму бацьку траюродным братам”.

(Карэспандэнт: ) “А як у вас узьнікла ідэя сабраць інфармацыю пра сваяка?”

(Кормаз: ) “Нашая пляменьніца вучылася ў Менску. Яна сюды прыехала й гаворыць: “Сваякі Максіма Багдановіча паходзяць зь вёскі Касарычы. Дзед, ён табе сваяком даводзіцца”. Мне прыемна было пачуць, што мае сваякі некалі былі такім дастойнымі людзьмі”.

(Карэспандэнт: ) “А якім словамі можна апісаць жыцьцё ў вёсцы?”

(Кормаз: ) “Балота”.

(Карэспандэнт: ) “Вас у вёсцы БНФаўцам называюць. Кажуць, што раздаеце “Народную волю”.

(Кормаз: ) “Я гэтую газэту чытаю зь першых нумароў, распаўсюджваў дзе толькі мог — на аўтобуснай станцыі й на жывёлагадоўчым комплексе, даваў чытаць простым жыхарам”.

(Карэспандэнт: ) “А як жыхары ставіліся да самаго факту, што вы распаўсюджваеце гэтыя газэты, як яны ставіліся да напісанага?”

(Кормаз: ) “Тут розныя людзі жывуць. Ёсьць тут два камуністы. Яны супраць мяне людзей падбухторваюць. Таму людзі варожа настроены. Яны са мною не сябруюць і абыходзяць. Карацей, чаго мне толькі не выпадала чуць... Маўляў, савецкая ўлада яго вывучыла, а ён цяпер на яе нагаворвае”.

Сказаць, што Ўладзімер Лысак — лідар тутэйшых камуністаў, — гэта будзе вельмі гучна. Сябрамі Камуністычнай партыі Беларускай у Касарычах зьяўляюцца ўсяго два чалавекі.

У свае амаль 80 гадоў Лысак трымае ладную гаспадарку. Яго я напаткаў на ўскрайку паселішча. Стары вёў пасьвіць коніка. Зьместу папярэдніх размоў я не афішаваў, толькі асьцярожна запытаўся ў камуніста пра стасункі з прыхільнікамі дэмакратычных ідэй.

(Лысак: ) “Не, я зь імі не кантактую, а толькі дыскутую. Я іх ні ў які шпіталь не ўзяў бы й пэнсіі пазбавіў бы! Ён быў начальнікам, выхоўваў людзей, тлумачыў ім палітыку, а пасьля ўлез у іншую палітыку. Погляды мяняць ня трэба! Я камуніст ад 44-га году! Я й цяпер камуністам застаўся!”

(Карэспандэнт: ) “Вы нейкую партыйную дзейнасьць у вёсцы ажыцьцяўляеце?”



(Лысак: ) “Мы выпівохам чытаем лекцыю, каб яны меней пілі гарэлкі, а яны яшчэ болей п''юць”.

З супрацьстаяньнем прыхільнікаў і апанэнтаў улады ўсё зразумела. Але ёсьць яшчэ й тыя, хто асуджае апазыцыянэраў і злосна паглядае на ўлюбёнцаў раённай вертыкалі. Да такой катэгорыі можна аднесьці 70-цігадовага дзеда Аляксандра.

Таварыш Лысак — вэтэран Другой усясьветнай вайны. Да яго прыкавана ўвага сельсавету й райвыканкаму. А спадар Аляксандар раздражняецца з нагоды гэтых увіханьняў.

(Аляксандар: ) “У мяне сын і дачка працуюць. Зь іх вылічваюць, а вэтэранам вайны ўсё пруць і пруць. У гэтым ёсьць несправядлівасьць! Якая можа быць справядлівасьць, калі ў іх ужо ня лезе? Тут жыцьцё такое: хто мацнейшы, той і жыве".

(Карэспандэнт: ) “А вашыя дзеці ня маюць такой магчымасьці?”

(Аляксандар: ) “Канечне, ня маюць. Зяць з дачкой ужо 8 гадоў будуюць кватэру. Рэсурсаў не хапае!”



(Карэспандэнт: ) “А калгас вам нечым дапамагае?”

(Аляксандар: ) “За цяля даюць сена. Абяцалі па тоне, а далі па 2 качолачкі”.

(Карэспандэнт: ) “2 качолачкі — гэта 600 кіляграм. Мусіць быць 3 качолачкі”.

(Аляксандар: ) “Праўда, хай бы 3 было”.

(Карэспандэнт: ) “Кормаза БНФаўцам называюць...”

(Аляксандар: ) “Ён жа быў у гэтай партыі! Яны даляры за гэта атрымліваюць. Лукашэнка выступаў і казаў, што ім Захад плаціў за тое, каб яны зрабілі пераварот. Але ў іх нічога не атрымалася”.

(Карэспандэнт: ) “А вы самі бачылі, што ў іх ёсьць гэтыя даляры?”

(Аляксандар: ) “Я сам ня бачыў, але ў нас тут быў чалавек, ён гаварыў, што бачыў”.

(Карэспандэнт: ) “А людзі зь імі сябруюць?”

(Аляксандар: ) “Сябруюць. Ня будзеш жа пляваць у вочы”.

Сенам у Касарычах расплочваюцца ня толькі за цялят, але й за праполку калгасных буракоў.

Мая суразмоўца ў салідным узросьце. Для яе ў такіх адпрацоўках няма нічога дзіўнага й зьневажальнага — за доўгае жыцьцё прызвычаілася. Абурае спадарыню іншае — што вынікі працы губяцца.

(Спадарыня: ) “Людзкія рукі два разы прапалолі. А яны хоць бы раз абагналі! Але ў іх няма за што. За гэтыя буракі нам даюць сена. Мы дзеля сена бяром палоць буракі... А гэта ў вас дыктафон уключаны?”

(Карэспандэнт: ) “Канечне”.

(Спадарыня: ) “Гэта, як у той “Кармеліце”? Вы гледзіцё “Кармеліту”?”

(Карэспандэнт: ) “Не, я толькі навіны гляджу”.

(Спадарыня: ) “А я гляджу “Кармеліту”! Там бацька людзей забіваў, а дачка падставіла мікрафон... Ён хацеў забіць чалавека й перарэзаў тармазныя трубы. Ажно ў тую машыну села дачка й патрапіла ў аварыю. “Кармеліта” — цікавае кіно! Ужо 120-ая сэрыя ідзе”.

(Карэспандэнт: ) “А якія праблемы ў Касарычах!”

(Спадарыня: ) “У Касарычах няма лазьні! Але ў нас свая ёсьць. Пэнсіянэраў ужо ніхто ня хоча глядзець. Кажуць, каб падыхалі хутчэй”.

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар Лукашэнка кажа, што пэнсіянэры — самы галоўны клопат”.

(Спадарыня: ) “Няпраўда! Ён нас крыўдзіць. Пэнсію трэба болей, а ён нешта мала дае”.

(Карэспандэнт: ) “А газэты чытаеце?”

(Спадарыня: ) “Ё “Савецкая Беларусія”.

(Карэспандэнт: ) “Апроч “Савецкай Беларусіі”? “Народная воля”?

(Спадарыня: ) “Хай БНФаўцы выпісваюць ”Народную волю”!

У Касарычах нашчадкі Максіма Багдановіча падзяліліся на два няроўных лягеры. Тыя, якіх болей, у бойцы гатовы бараніць сваю любоў да цяперашняй улады.
XS
SM
MD
LG