Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі ўступных іспытаў


Вольга Канапелька, Ягор Маёрчык, Менск Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

(Маёрчык: ) “Тэма гэтага выпуску — вынікі кампаніі паступленьня ў навучальныя ўстановы”.

(Канапелька: ) “Абітурыенты штурмуюць унівэрсытэты. У кагосьці гэта атрымліваецца пасьпяхова, у кагосьці ня вельмі. Некаторых абурае той факт, што праз ільготы й мэтавы набор выпускнікам школ створаны няроўныя ўмовы. У нас — інтэрвію на гэтую тэму”.

(Маёрчык: ) “На працяг тэмы паступленьня: колішнія навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю таксама здаюць уступныя іспыты. Зь якімі вынікамі?”

(Канапелька: ) “Адны падпольны ліцэй заканчваюць, а іншыя ў яго толькі паступаюць. Сёлета на першы курс БГЛ набраны 14 чалавек. Навучальны год дзеці пачалі ў Польшчы. Пра жыцьцё ў Варшаве распавядзе адна зь першакурсьніц”.

(Маёрчык: ) “І яшчэ адна тэма, датычная адукацыі. У Вільні распачынае працу Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Пра тое, што гэта будзе за ўстанова, у інтэрвію дэкана факультэту мастацтваў”.

(Канапелька: ) “Кампанія паступленьня ва ўнівэрсытэты ды інстытуты фінішавала. Хто не патрапіў у ВНУ, яшчэ маюць магчымасьць стаць навучэнцамі каледжаў і вучэльняў”.

(Маёрчык: ) “Галоўнае, каб пашанцавала хлопцам”.

(Канапелька: ) “Што за мужчынскі шавінізм!”

(Маёрчык: ) “Калі ласка, без такіх зьвінавачаньняў! Дзяўчатам я таксама зычу выдатных адзнак. Аднак, калі яны праляцяць, — нічога асабліва жахлівага ня здарыцца. Усяго толькі сядуць на шыю бацькам”.

(Канапелька: ) “...калі гэтыя самыя бацькі дазволяць..."

(Маёрчык: ) “...дазволяць. Усё-такі роднае “чада”. А калі праваляцца хлопцы, — на даляглядзе замаячыць войска”.

(Канапелька: ) “Падазраю, Ягор, табе ня так хацелася вучыцца, колькі не было жаданьня станавіцца жаўнерам".

(Маёрчык: ) “Вучыцца хацелася, але стымулявала якраз пагроза ператварыцца ў навабранца".

(Канапелька: ) “Папраўдзе, я не ўяўляю такой карціны: Ягор Маёрчык месяцамі не вылазіць з-за стала, загрувашчанага кнігамі”.

(Маёрчык: ) “І такое было”.

(Канапелька: ) “А калі ішоў на іспыты, хваляваўся?”

(Маёрчык: ) “Ясная справа — я ж жывы чалавек! У апошні момант я знэрваваўся да такой ступені, што ўраніцу першага іспыту катэгарычна адмовіўся куды-небудзь ісьці”.

(Канапелька: ) “І што? Цябе, такога двухмэтровага, зьвязалі па руках і нагах і гвалтам пацягнулі да аўдыторыі?”

(Маёрчык: ) “Усё было зусім інакш. Маці дала мне некалькі пігулак валяр''янкі. Я іх выпіў — і ў крыху прытарможаным стане пайшоў на іспыт”.

(Канапелька: ) “Маёрчык, нашая госьця Кацярына — ня прыклад табе — стала студэнткаю без асаблівых нэрваваньняў”.

(Кацярына: ) “Я паступала ў БДУ на сацыялёгію, і я туды паступіла. Я здавала гісторыю Беларусі — 77 адсоткаў, беларускую мову — 87, і “чалавек дзяржава грамадзтва” — 70. Атрымалася 243 балы, а "прахадны — “225”.

(Маёрчык: ) “Чаму вы абралі сацыялёгію?”

(Кацярына: ) “Ад самага пачатку я падала дакумэнты на паліталёгію. Гэта было ў аўторак. У пятніцу я іх забрала й аддала на сацыялёгію — з гэтай прафэсіяй можна будзе паехаць куды-небудзь за мяжу. І там такая адукацыя будзе запатрабавана”.

(Маёрчык: ) “Ці цяжка было паступаць?”



(Кацярына: ) “Цяжка, бо быў вельмі вялікі конкурс: 157 заяў на 10 месцаў. На астатнія 10 месцаў былі залічаны людзі з рознымі ільготамі”.

(Маёрчык: ) “Зь людзьмі, якія ішлі паводле мэтавага набору, фактычна вы стаялі ў няроўных умовах — ім месца было гарантавана…”

(Кацярына: ) “...паступіла толькі 10 чалавек. Астатнія — ільготнікі й мэтавае накіраваньне”.

(Маёрчык: ) “...а як вы гледзіцё на тое, што абітурыенты стаяць у няроўных умовах?”

(Кацярына: ) “Вельмі крыўдна. Ты цягам году рыхтаваўся, а тут прыходзяць розныя ільготнікі й трапляюць без іспытаў. На філязофскае аддзяленьне ўзялі бяз конкурсу чатыры чалавекі. У аднаго хлопца было толькі 60 балаў за 3 іспыты. І яго ўзялі, бо ён мае ільготы! “Закон ёсьць закон, і яго трэба выконваць”, — так сказаў дэкан”.

(Маёрчык: ) “А што было б лепей: здаваць клясычныя ўступныя іспыты, альбо новаўвядзеньне пад назовам “тэставаньне й залічэньне сэртыфікатаў”?”

(Кацярына: ) “Тэставаньне здаваць цяжэй. Падаецца, што іспыты былі б не такія цяжкія”.

(Маёрчык: ) “Вашая кляса, альбо паралель, зь кім вы нядаўна вучыліся... Ці можна ўжо казаць пра нейкую статыстыку?”

(Кацярына: ) “Наколькі мне вядома, вынікі ў іх ня вельмі добрыя, слабыя. З паралельнай клясы на бюджэт ніхто не паступіў”.

(Маёрчык: ) “А каб вы не паступілі на бюджэтную форму, што рабілі б тады?”

(Кацярына: ) “Пайшла б на платнае”.

(Маёрчык: ) “Вашая сям''я была б у стане аплочваць”

(Кацярына: ) “Бацька мне сказаў, што ён будзе плаціць. Але калі я паступлю на бюджэт, ён мне паабяцаў набыць машыну”.

(Маёрчык: ) “Эх, як узгадаю свой першы курс, — у мінулае цягне. Уяўляеш, Канапелька, столькі было падзеяў, што мы нават не заўважалі, як праляталі дні й тыдні”.

(Канапелька: ) “Калі я згадваю свой першы курс, — апроч падручнікаў і стосаў кніг, нічога нешта й прыгадаць не магу. Колькі я выплакала, седзячы над імі! Таму мяне вельмі зьдзіўляе твая настальгія. Цікава, чым жа ты так быў захоплены?”

(Маёрчык: ) “Як — чым?! Вядома, свабодай, пра якую нават ня марыў у школе. Мы хадзілі па гасьцёх у інтэрнаты, сьвяткавалі ўсё, што сьвяткавалася, і пакуль не заканчвалася сьцяпуха”.

(Канапелька: ) “...а пасьля прыйшла першая сэсія, і было ўжо не да жартаў — вы наганялі тое, што прагулялі”.

(Маёрчык: ) “Цэлымі суткамі запар”.

(Канапелька: ) “Спадарства, я вам — як колішняя выкладчыца — скажу, што самыя цяжкія першыя два курсы. І менавіта ў гэтыя гады больш за ўсё выключаюць за акадэмічную непасьпяховасьць. Улічыце маю параду.

…ГАВОРКІ ПРА КОЛІШНІХ ЛІЦЭІСТАЎ

(Маёрчык: ) “Беларускі гуманітарны ліцэй — зачыненая ўладамі ўстанова — ужо няпершы год існуе ў падпольных умовах. Лекцыі праходзяць на прыватных кватэрах у розных куткох Менску, а здаваць сэсію ліцэісты езьдзяць за межы Беларусі”.

(Канапелька: ) ”І што? У такіх экстрэмальных умовах можна атрымаць добрыя веды?”

(Маёрчык: ) “А парадокс у тым, што пры канцы навучальнага году ліцэісты экстэрнам здаюць іспыты па ўсіх прадметах. І экзамэнацыйныя камісіі адзначаюць высокі ровень ведаў”.

(Канапелька: ) “І што далей? Ліцэісты паступаюць?”

(Маёрчык: ) “Так. Некаторыя зь іх ад самага пачатку арыентуюцца на замежныя ўнівэрсытэты, а іншыя спрабуюць стаць студэнтамі беларускіх ВНУ”.

(Канапелька: ) “Пасьпяхова?”

(Маёрчык: ) “Пасьпяхова. Яны могуць не дабраць пару балаў, але гучных правалаў на іспытах пакуль што не было! Пра гэта я ўведаў ад колішняй навучэнкі ліцэю, новасьпечанай студэнткі Алены”.

(Маёрчык: ) “Вы навучаліся ў Беларускім гуманітарным ліцэі, вы яго скончылі, здавалі выпускныя іспыты экстэрнам. Вашае прозьвішча як чалавека, што вучыўся ў Ліцэі, дзесьці мільгала. Ці нейкім чынам уплывала гэтая акалічнасьць часам паступленьня?”

(Алена: ) “Як мне падалося, не ўплывала. Калі я падавала дакумэнты, я адмыслова запытала, ці пазначаецца, што ў мяне на атэстаце напісана "экстэрнат". Гэта абсалютова не ўлічваецца. Я магу пахваліцца паступленьнем на даволі прэстыжны факультэт Дзяржаўнага інстытуту кіраваньня й сацыяльных тэхналёгій. Будучая спэцыяльнасьць — мэнэджмэнт і кіраваньне пэрсаналам. Праблема ў тым, што гэты факультэт толькі нядаўна адкрыўся й хутка стаў вельмі прэстыжным. Летась там быў конкурс 3—4 чалавекі, сёлета — 11,7. Таму я ня трапіла на бюджэтную форму. Самое ж паступленьне было не такім ўжо й складаным. Я падавала 3 сэртыфікаты. Я не здавала іспытаў. Сэртыфікат — гэта паперка, якую ты атрымліваеш на цэнтралізаваным тэставаньні. Я здавала беларускую й ангельскую мовы й матэматыку. Па беларускай — 89, па ангельскай — 64, па матэматыцы — 53”.

(Маёрчык: ) “Было б лягчэй здаваць уступныя іспыты, ці сэртыфікаты?”



(Алена: ) “На маю думку, лягчэй здаваць сэртыфікаты. Тады яшчэ ўвесну ты ведаеш свае вынікі й на што ты здатны. Ты можаш у самы апошні момант падаць дакумэнты на іншы факультэт. Вывешваюцца такія сьпісы: колькі сэртыфікатаў, які бал на якое месца. І тады бачна карціна. Тэставаньне здаваць лягчэй, бо няма фактару псыхалягічнага хваляваньня. З тэстамі ідзе мэханічная праца. Ты паказваеш свае веды й не хвалюесься, як ты выглядаеш перад камісіяй. Гэта значна лягчэй, чым проста здаваць іспыты”.

(Маёрчык: ) “Ці быў у вас шанец трапіць на бюджэтную форму”.

(Алена: ) “Быў, калі б я падала на любы іншы факультэт. Мая сума балаў дазваляла ісьці шмат куды. Але я выбрала менавіта гэты факультэт й адступіцца не магла”.

(Маёрчык: ) “Калі не сакрэт, колькі вам прыйдзецца плаціць за навучаньне?”

(Алена: ) “Тысячу даляраў на год”.

(Маёрчык: ) “Ці "пад''ёмная" гэтая сума для вашай сям''і?”

(Алена: ) “Так. Я знайшла ўжо працу, буду падпрацоўваць. Мяркую, што падымем”.

ГАВОРКІ ПРА НОВЫХ ЛІЦЭІСТАЎ

(Канапелька: ) “На нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў заявіў: "Насёньня ліцэю Якуба Коласа няма. Я ня ведаю такой навучальнай установы”.

(Маёрчык: ) “Што ж, нічога іншага не застаецца, як адукаваць спадара міністра. Гуманітарны ліцэй працягвае сваё існаваньне. Болей за тое: сёлета тут таксама была ўступная кампанія. На першы курс залічана 14 чалавек. У іх пачаўся ўжо навучальны год. У дадзены момант яны знаходзяцца ў Польшчы. У клясах адной з варшаўскіх школ яны адукоўваюцца па прадметах негуманітарнага цыклю”.

(Канапелька: ) “На тэлефоннай сувязі ў нас Варшава. І мы вітаем навучэнку 1-га курсу 13-цігадовую Паліну”.

(Маёрчык: ) “А чаму вы пайшлі ў ліцэй”

(Паліна: ) “Тут даюцца добрыя веды. Па-другое, усе настаўнікі адносяцца да цябе роўна, як да дарослага чалавека”.

(Маёрчык: ) “Да таго, як паступлі, дзе навучаліся?”

(Паліна: ) “Вучылася ў школе №8 гораду Ліды”.

(Маёрчык: ) “А як вы зь Ліды наважыліся паступаць у Менск? Што вас падштурхнула?”

(Паліна: ) “У мяне тут вучыцца сяброўка. Я паглядзела, як ёй цікава, і мне таксама захацелася”.

(Маёрчык: ) “Як вашыя бацькі паставіліся да такой ідэі?”

(Паліна: ) “Ад пачатку іх гэта спалохала, але пасьля яны пагадзіліся — дзеля ведаў”.

(Маёрчык: ) “Цяпер першакурсьнікі знаходзяцца ў Польшчы. Што вы там робіце?”

(Паліна: ) “Вучымся ў школе”.

(Маёрчык: ) “Яшчэ лета, але для вас навучальны год пачаўся”.

(Паліна: ) “Менавіта так. Нібыта першае верасьня прыйшло ўжо. Тут столькі ведаў на мяне абрынулася — усё трэба запомніць. А ў школе такога не было: там асабліва было бяз розьніцы — вывучыш, ці не”.

(Маёрчык: ) “А жывяцё вы дзе?”

(Паліна: ) “На ўскрайку Варшавы. Мы здымаем пакоі ў дзіцячым доме. Тут такія цудоўныя пакоі — як дома”.

(Маёрчык: ) “Калі 1-ы курс вяртаецца ў Беларусь?”

(Паліна: ) “31-га жніўня”.



ГАВОРКІ ПРА НОВЫ ЭГУ

(Канапелька: ) “Кампаніяй паступленьня ў ВНУ кіравалі Камітэт дзяржаўнага кантролю й Міністэрства адукацыі. Па сканчэньні іспытаў кіраўнікі гэтых установаў заявілі, што сваёй працай збольшага задаволены”.

(Маёрчык: ) “Але літаральна ў тыя самыя дні стала вядома, што ў менскім Інстытуце сучасных ведаў зьліквідоўваецца факультэт сацыяльных тэхналёгій і права, а таксама зачыняюцца філіі Інстытуту ў Віцебску, Горадні й Берасьці”.

(Канапелька: ) “Міністэрства адукацыі зрабіла кантрольны зрэз ведаў студэнтаў і прыйшло да высновы, што падрыхтоўка юрыдычных кадраў у інстытуце не адпавядае крытэрам ВНУ. Амаль чатыры сотні студэнтаў абяцаюць “прыстроіць” у дзяржаўныя ўнівэрсытэты. Праўда, маладых людзей гэта не спакушае — некаторым прыйдзецца здаваць акадэмічную розьніцу з 30 прадметаў. Самі навучэнцы зазначаюць, што факультэт і філіі Інстытуту сучасных ведаў зьліквідоўваюць паводле той самай схемы, што й Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт”.

(Маёрчык: ) “Дарэчы, прыканцы ліпеня споўніўся год ад ліквідацыі ЭГУ. Аднак гэты ўнівэрсытэт адраджаецца. Ад кастрычніка ў Вільні пачне працаваць EHU International — гэта своеасаблівая парасонавая структура, якая будзе яднаць навучальныя установы ў суседніх зь Беларусяй краінах. Ну, і першым зьвёнам у гэтым ланцугу стан Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. На пытаньні “Маладых галасоў” адказвае дэкан Факультэту мастацтваў ЭГУ Аляскандар Каўбаска”.

(Каўбаска: ) “Гэта паўнавартасны ўнівэрсытэт. Мы зьбіраемся атрымаць акрэдытацыю ў Літве й выдаваць дыплёмы дзяржаўнага ўзору. Гэта будзе частка сеткавага ўнівэрсытэту, які ствараецца ня толькі ў Літве. Ягоныя філіі плянуецца стварыць у іншых краінах Эўропы. На першы курс набіраецца прыкладна па 25 чалавек на 7 накірункаў: філязофія, культуралёгія, права, паліталёгія, дызайн, мастацтва, культурная спадчына й турызм. Таксама адкрываюцца магістарскія праграмы, якія дадуць магчымасьць выпускнікам працягваць навучаньне далей”.

(Маёрчык: ) “Ці ёсьць у вас ужо свой будынак? Дзе будуць жыць студэнты?”

(Каўбаска: ) “Гэта інтэрнаты. Унівэрсытэты Вільні прапануюць на першы час месцы ў сваіх інтэрнатах і аўдыторыі для заняткаў. Спадзяюся, што да кастрычніка побытавыя праблемы будуць вырашаны”.

(Маёрчык: ) “Гэта будзе платнае навучаньне альбо бясплатнае?”

(Каўбаска: ) “Бесплатнага не бывае нічога. Давядзецца плаціць і за навучаньне. Але гэта будуць рабіць не студэнты, а фундатары. Што да студэнтаў, — яны будуць аплочваць праезд і харчаваньне”.

(Маёрчык: ) “Як стаць студэнтам новага ЭГУ?”

(Каўбаска: ) “Для гэтага варта зьвярнуцца на сайт www.ehuinternational.org. Там зьмешчана ўся інфармацыя абітурыентам. Бліжэйшым часам будуць выкладзены навучальныя пляны й праграмы дысцыплін. Прыканцы жніўня будуць сустрэчы й сумоўі з абітурыентамі. У верасьні будзе працэс падрыхтоўкі дакумэнтаў. Ад 1-га кастрычніка, калі ўсё будзе добра, пачнуцца заняткі”.

(Маёрчык: ) “А я нават крыху зайздрошчу будучым студэнтам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Вільня — гэта ўтульны горад!"

(Канапелька: ) “Што, Маёрчык, зноў прыгадаў свае прыгоды?”

(Маёрчык: ) “Можна сказаць, што й так”.

(Канапелька: ) “Смачнае халоднае піва?”

(Маёрчык: ) “Так”.

(Канапелька: ) “Вандроўкі па начным горадзе?”

(Маёрчык: ) “Так”.

(Канапелька: ) “Напэўна ж, старажытная беларуская сталіца зачаруе кіраўніцтва й студэнтаў ЭГУ. Глядзіш — і дысцыпліны ва ўнівэрытэце пачнуць выкладаць па-беларуску, а не на расейскай мове, як гэта плянуецца. Уступныя іспыты скончыліся, а заняткі ва ўнівэрсытэтах ды каледжах пачнуцца толькі 1 верасьня. “Маладыя галасы” абавязкова будуць вяртацца да тэм адукацыі”.
XS
SM
MD
LG