Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Леванеўскі: зычу свайму бацьку мужнасьці і моцнага здароўя


Ганна Соусь, Менск Сёньня – дзень народзінаў лідэра Агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага. Свой 42 дзень нараджэньня Валеры Леванеўскі сустракае ў выпраўленчай калёніі № 22 у Івацэвіцкім раёне Берасьцейшчыны, дзе ён адбывае пакараньне за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Родныя Валерыя Леванеўскага загадзя накіравалі яму віншавальныя паштоўкі і спадзяюцца, што сёньня ён атрымае іх віншаваньні. З сынам Валерыя Леванеўскага Уладзімерам сёньня пагутарыла нашая карэспандэнтка.

Найперш Уладзімер Леванеўскі папрасіў праз Радыё Свабода перадаць віншавальныя словы свайму бацьку:

(Уладзімер Леванеўскі: ) “Хочацца ў гэтыя дні пажадаць майму бацьку мужнасьці, моцнага здароўя і ўсяго самага найлепшага”.

Гэта ўжо другі дзень народзінаў, які Валер Леванеўскі сустракае за кратамі. Ягоны сын Уладзімер распавёў, як летась 15 жніўня ён паспрабаваў павіншаваць бацьку за кратамі празь дзяржаўнае радыё, але пачуўшы прозьвішча Леванеўскага, там паклалі слухаўку.

Сёньня Ўладзімер тэлефанаваў у калёнію і папрасіў адміністрацыю перадаць бацьку віншаваньні ад сям’і.

Уладзімер Леванеўскі кажа, што добрым падарункам бацьку за кратамі магла б быць песьня Ўладзімера Высоцкага.

(Леванеўскі: ) “Асабліва яму падабаецца песьня “Козел отпущения”. Канечне, галоўны падарунак для яго быў бы нас сустрэць, сабрацца разам, пагаварыць сямейным колам”.

Нагадаю, што лідэр страйкамy прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі і ягоны намесьнік Аляксандар Васільеў былі асуджаныя за абразу кіраўніка дзяржавы. Васільеў таксама абвінавачаны ў арганізацыі і актыўным удзеле ў несанкцыяваным мітынгу 1 траўня 2004 года ў Горадні. Суд Ленінскага раёну Горадні прысудзіў абодвух прадпрымальнікаў да двух гадоў пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму.

У верасьні 2004 года праваахоўная арганізацыя "Міжнародная амністыя" абвясьціла Леванеўскага і Васільева вязьнямі сумленьня.

7 ліпеня 2005 году Аляксандар Васільеў выйшаў на свабоду.
XS
SM
MD
LG