Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксэнафобія ў Расеі выклікае заклапочанасьць у праваабаронцаў


Юры Дракахруст, Прага Расейскія праваабаронцы выказваюць перасьцярогу з прычыны высокага ўзроўню ксэнафобіі ў Расеі. Асаблівую занепакоенасьць праваабарончых арганізацыяў выклікае стварэньне нацыяналістычнымі партыямі і рухамі ваенізаваных фармаваньняў.

Сваімі высновамі наконт узроўню расізму, ксэнафобіі і антысэмітызму ў Расеі праваабаронцы падзяліся на скліканай сёньня прэсавай канфэрэнцыі. Сямён Чорны, экспэрт маскоўскага бюро правоў чалавека, спасылаючыся на дадзеныя нядаўніх усерасейскіх апытаньняў, паведаміў, што больш за палову грамадзянаў Расеі падзяляюць ультраправыя нацыяналістычныя ўяўленьні.

(Чорны: ) "Узровень ксэнафобіі застаўся стабільна высокім, ад 50% да 60% насельніцтва ў рознай ступені падзяляе нацыяналістычныя лёзунгі, у тым ліку "Расея для рускіх". Сярод народаў, якія выклікаюць раздражненьне, першыя месцы займаюць выхадцы з Каўказу ці Сярэдняй Азіі альбо кітайцы. Габрэі займаюць трэцяе-чацьвёртае месца".

Паводле апытаньняў на першы месцы сярод народаў, якія выклікаюць няпрыязь у расейцаў, знаходзяцца чачэнцы. Паводле экспэртаў гэта выклікана працягам доўгай вайны, якая суправаджаецца вялікімі ахвярамі з абодвух бакоў.

У справаздачы праваабаронцаў былі пазначаныя і станоўчыя тэндэнцыі. Зьнізілася колькасьць забойстваў на расавай глебе – за паўгоду сёлета было забіта 10 замежнікаў, за той жа пэрыяд летась – 30. Сёньняшняя прэсавай канфэрэнцыя адбылася неўзабаве пасьля зьбіцьця ў Маскве двух супрацоўнікаў амбасады Польшчы і польскага журналіста.

У той жа час стала больш выпадкаў, калі праваахоўныя органы прыцягваюць да адказнасьці выканальнікаў ксенафобскіх нападаў, кваліфікуючы іх як распальваньне этнічнай і рэлігійнай варожасьці. Раней расейскія праваахоўныя органы разглядалі такія напады як простае хуліганства. За паўгоду сёлета 5 чалавек былі асуджаныя за распальваньне варожасьці, летась – толькі адзін.

Асаблівую трывогу праваабаронцаў выклікаюць крокі нацыяналістычных групаў у фармаваньні ваенізаваных злучэньняў. Гаворыць Ала Гербэр, кіраўнічка расейскага Фонду Галакосту.

(Гербэр: ) "Першае, што для мяне самае забойчае, гэта пераход нацыянал-патрыятычных партыяў і рухаў ад прапаганды да заклікаў да тэрору. Гэта самы галоўны і самы важны момант. Калі раней гэта былі словы прапаганды, то цяпер гэта заклік да адкрытага арганізаванага тэрору".

Некаторыя з нацыяналістычных рухаў адкрыта абвяшчаюць пра намеры стварыць ваенізаваныя фармаваньні і захапіць уладу, некаторыя з гэтых групаў праводзяць нарады, на якіх інструктуюць сваіх прыхільнікаў, як набываць і карыстацца зброяй. Адна з такіх груповак – Славянскі Саюз, заклікае да ўзброенага паўстаньня і арганізавала хакерскія атакі на сайты расейскіх праваабарончых арганізацыяў.

Паводле Сямёна Чорнага, цяпер групоўкі і арганізацыі скінгедаў ёсьць літаральна ў кожнай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі. Афіцыйная статыстыка сьцьвярджае, што ўсяго ў Расеі налічваецца каля 10 тысячаў скінгедаў. Але правааборонцы і экспэрты па радыкальных рухах даводзяць, што сапраўдная лічба – прыкладна ў дзесяць разоў болей.
XS
SM
MD
LG