Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: як адпачываюць жыхары Гомеля?


Казімер Яноўскі, Гомель “Як вы плянавалі свой адпачынак, і колькі часу трэба для аднаўленьня сіл?” Гэтае пытаньне на вуліцах Гомеля задаваў гараджанам наш карэспандэнт.

(Жанчына: ) “Не, не плянавала, таму што няма грошай. Я пайшла спытаць, колькі каштуе пуцёўка, дык яны як налічылі… У Беларусі бяруць сярэдні заробак 450 тысячаў рублёў. Хіба ж я столькі зарабляю? А пуцёўка нават у Рагачоў 180 тысяч каштуе. Дома сяджу. У адпачынку – і дома сяджу”.

(Жанчына: ) “Плянуем, але на наступны год. У гэтым годзе не атрымліваецца. Толькі на будучае лета. Агарод, занятыя вельмі. Які там адпачынак!”

(Мужчына: ) “У нас фінансы не дазваляюць, каб кудысьці езьдзіць. Толькі кажуць, што шмат зарабляем, а на самай справе – не”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы плянавалі свой адпачынак, і колькі часу трэба для аднаўленьня сіл?”

(Дзяўчына: ) “Напэўна, усё лета”.

(Жанчына: ) “Я ўжо ў адпачынку была. Ехаць кудысьці я не хацела. Проста была дома. У мяне лецішча ёсьць. Для мяне месяца адпачынку хапае”.

(Дзяўчына: ) “Ніяк не плянавала свой адпачынак. Проста хадзілі зь сябрамі гуляць”.

(Дзяўчына: ) “Плянуем. Хутка едзем на поўдзень”.

(Мужчына: ) “Можа, у кагосьці і ёсьць магчымасьць адпачываць. Але ў простага пэнсіянэра на 240 тысячаў рублёў пэнсіі такой магчымасьці няма – паехаць там за мяжу ў Карлавы Вары альбо на Кіпр”.

(Жанчына: ) “Так у вёску трэба ехаць, жукоў на бульбе лавіць. Гэта ўвесь адпачынак”.

(Жанчына: ) “Нікуды не паеду, буду дома. Заробак невялікі, фінансы не дазваляюць езьдзіць адпачываць”.

(Дзяўчына: ) “Я цяпер у адпачынку, загараем на пляжы. Заробкі невялікія, а так бы зьезьдзілі. Тыдні тры трэба, каб адпачыць, прыйсьці ў норму”.

(Хлапец: ) “У мяне, відаць, адпачынак зімою будзе. Асабліва нікуды не паедзеш. Тыдзень, другі адпачываеш, а потым хоць на сьцяну ад самоты лезь”.

(Мужчына: ) “Кажучы шчыра, магу сабе дазволіць на тыдзень зьезьдзіць на поўдзень і адпачыць. Канечне, не паеду на Кіпр ці на Гаваі. Бо яшчэ столькі не зарабляем”.

(Жанчына: ) “Няма магчымасьці адпачыць. Ледзьве канцы з канцамі зводзім. Што мы атрымліваем – капейкі. Які тут адпачынак!”

(Жанчына: ) “На наступнае лета зьбіраемся на мора. А гэтым летам ня выпадае. Паеду ў вёску маме дапамагаць”.

(Жанчына: ) “А дзе, скажыце, грошы браць, калі заводы пазакрываныя? Заводы закрыты. Дзе працаваць, грошы зарабляць?”

(Бабуля: ) “Лягу дома на ложак і адпачну. Мне 80 гадоў, але я не ўяўляю, як гэта людзі адпачываюць. Проста няма за што адпачыць. Працавала, працавала – і адпачынку няма”.

Гэта былі адказы гамельчукоў на пытаньне: “Як вы плянавалі свой адпачынак, і колькі часу трэба для аднаўленьня сіл?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG