Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: далучэньне Беларусі да Кіёцкага пратаколу — своечасовы крок


Міхал Стэльмак, Менск Праграма разьвіцьця ААН (ПРААН) вітала рашэньне Беларусі пра далучэньне да Кіёцкага пратаколу. Пра гэта было заяўлена сёньня прадстаўнікамі праграмы ў Менску. Нагадаем: Кіёцкі пратакол — гэта міжнароднае пагадненьне, якое абмяжоўвае выкіды парніковых газаў у атмасфэру Зямлі. Гэты дакумэнт быў прыняты ў Японіі ў сьнежні 1997 году. Паводле пратаколу, кожнай краіне выдаецца пэўная квота забруджаньня навакольнага асяродзьдзя парніковымі газамі, што адмоўна ўплываюць на клімат плянэты, выклікаючы глябальнае пацяпленьне. Указ пра далучэньне Беларусі да Кіёцкага пратаколу Аляксандар Лукашэнка падпісаў 13 жніўня.

Як паведаміў намесьнік кіраўніка менскага прадстаўніцтва ПРААН Леван Буадзэ, далучэньне Беларусі — гэта своечасовы крок, які дазволіць ёй скарыстаць прывілеі такога далучэньня. Паміж іншага, краіна, якая падпісала пратакол, атрымлівае доступ да фінансавых рэсурсаў Усясьветнага банку.

(Буадзэ: ) “Далучэньне Беларусі зьяўляецца своеасаблівым унёскам, які зробіць гэтая краіна ў рашэньне глябальных праблем, згаданых у Кіёцкім пратаколе. Кіёцкі пратакол уяўляе зь сябе найважны інструмэнт барацьбы са зьменамі клімату ў глябальным маштабе”.

Пратакол набыў сілу 16 лютага 2005 году й, паводле ягоных умоваў, права на гандаль квотамі атрымліваюць толькі тыя дзяржавы, што ратыфікуюць яго цягам 180-ці дзён ад пачатку дзеяньня дакумэнту. Беларусь, паводле ейных афіцыйных асоб, разьлічвае добра зарабіць на такім гандлі. Гаворыць намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя Аляксандар Апацкі.

(Апацкі: ) “Выкіды ў Рэспубліцы Беларусь на 90-ы год, які прызнаны базавым годам, у пераразьліку на дыяксыд вугляроду складаюць прыкладна 12 мільёнаў тон. Цяперашнія выкіды складаюць прыкладна 50 працэнтаў ад 90-га году. Гандаль квотамі — гэта чыста эканамічныя пытаньні”.

З падлікаў ураду, Беларусь можа рэалізаваць свабодных квот на суму ад 320 мільёнаў даляраў да 1 мільярда 750 мільёнаў. Між тым, пакуль што міжнародны рынак гандлю квотамі знаходзіцца ў зародкавым стане. Як паведаміў нашаму радыё каардынатар экалягічных праектаў менскага прадстаўніцтва ПРААН Зьміцер Галубоўскі, мэханізм гандлю квотамі запушчаны толькі ў рамках Эўразьвязу.

(Галубоўскі: ) “На дадзены момант толькі ў рамках Эўразьвязу ўжо існуе такая сыстэма й ужо вядзецца гандаль квотамі паміж сябрамі Эўразьвязу. Так званы экспэрымэнтальны рынак. Тут можна сказаць, што новыя краіны ЭЗ (як, напрыклад, Славакія, Чэхія) маюць лішкі квот на выкіды парніковых газаў, а вось такія краіны, як Нямеччына, Францыя, зьяўляюцца пакупнікамі гэтых квот”.

Зь цьверджаньня незалежных экспэртаў, прыклад Эўразьвязу сьведчыць, што квоты на выкіды парніковых газаў індустрыяльныя дзяржавы будуць найперш купляць у дзяржаў, зьяднаных цеснымі палітычнымі й эканамічнымі сувязямі, сярод якіх Беларусь ня значыцца.

Паводле ПРААН, да Кіёцкага пратаколу ўжо далучыліся 153 краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG