Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы актыўна купляюць беларускі цукар


Казімер Яноўскі, Гомель Яшчэ ня так даўно ўкраінцы сярод іншага харчу прывозілі ў Гомель на продаж танны ўкраінскі цукар. Апошнім часам кардынальна сытуацыя зьмянілася. Жыхары памежных зь Беларусьсю раёнаў сталі ўжо купляць і вывозіць ува Ўкраіну беларускі цукар.

Намесьнік начальніка беларускага мытнага паста “Церахоўка” Мікалай Мацьвяенка распавёў, што ўжо блізу месяца, як украінцы пачалі даволі актыўна вывозіць беларускі цукар.

(Мацьвяенка: ) “Прыкладна месяц назіраецца такая сытуацыя: ад нас ува Ўкраіну вывозяць цукар. Беларускім заканадаўствам гэта не забаронена. 36 кіляграм цукру можна бесьперашкодна вывозіць паводле чыгуначнага білету й яшчэ 14 кіляграм — за невялікую плату. З гэтага разьліку ўкраінцы і вывозяць прыкладна па мяшку цукру, не парушаючы мытных законаў і правіл перавозкі грузаў чыгункаю. Украінцы такім чынам фінансава падтрымліваюць нашу цукровую вытворчасьць. Больш за ўсё цукру вывозяць на цягнікох мясцовага прызначэньня: Гомель-Чарнігаў і Гомель-Шчорс”.

Я пацікавіўся ў жыхаркі Чарнігаву, якая таксама набывае беларускі цукар, ці зьведваюць украінцы ўдома нейкі цукровы дэфіцыт?

(Украінка: ) “Хапае цукру!”

(Карэспандэнт: ) “Толькі які ён?”

(Украінка: ) “Даражэйшы. А цукру ўсюды поўна, у любой краме. Каштуе 4 грыўны 70 капеек, 4 грыўны 50 капеек — па-рознаму”.

Рэдактар Чарнігаўскага тыднёвіка “Сіверщина” Пятро Антоненка так пакамэнтаваў інтарэс сваіх суграмадзян да беларускага цукру.

(Антоненка: ) “У нас цукар рэзка падаражаў: быў 3 грыўны 30 капеек, а цяпер — каля 5 грыўнаў за кіляграм. Гэта — 1 даляр. А раней каштаваў 60, максымум 70 цэнтаў. Наш ўрад абяцае, што гэта часовае падвышэньне коштаў. Нібыта алігархічныя структуры, розныя пасярэднікі скупілі цукар вырабу мінулага сэзону й цяпер прадаюць яго так, як хочуць. Сёлетні сэзон перапрацоўкі цукру пачнецца літаральна праз тры тыдні, і ўжо новы цукар будзе нармальнага кошту. Так нам кажа ўрад”.

З падрахункаў вынікае, што беларускі цукар цяпер таньнейшы, чым украінскі на 50-60%.
XS
SM
MD
LG