Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч правёў за кратамі агулам 110 сутак арышту


Любоў Лунёва, Менск Дашкевіч і Фінькевіч — на волі. Са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на волю выйшлі актывісты Маладога Фронту Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч. Яны адседзелі 10 сутак арышту за пікет 5 жніўня ля польскай амбасады на знак беларуска-польскай салідарнасьці

Зьмітра Дашкевіча й Артура Фінькевіча сустракалі іхныя паплечнікі, сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі разам са сваім лідэрам Анатолем Лябедзькам, а таксама польскія журналісты. Хлопцы ня першы раз адбывалі арышт за кратамі спэцпрыёмніку.

Для Артура Фінькевіча гэта ўжо 90 суткі зьняволеньня. Артур ніколі ня скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня. Гэтым разам яго абурыла толькі тое, што ўлады зьвінавацілі іх не за правядзеньне палітычнай акцыі, а за дробнае хуліганства.

Нагадаем: 5 жніўня ля польскай амбасады была яшчэ адна групоўка моладзі — сябры БРСМ праводзілі акцыю супраць палітыкі Варшавы. Адзін зь сябраў БРСМ, калі затрымалі маладафронтаўцаў, напісаў скаргу аб тым, што яны, нібыта, нецэнзурна лаяліся. Таму іх арыштавалі на 10 сутак як хуліганаў.

Гаворыць Артур Фінькевіч:

(Фінькевіч: ) “Пасадзілі ні за што, толькі за нашу пазыцыю, якая пярэчыць пазыцыі рэжыму Лукашэнкі — стаўленьню да Саюзу палякаў, увогуле, да нацыянальных меншасьцяў, дый, наагул, да ўсіх правоў і свабод у нашай дзяржаве. Мы выступаем за дэмакратыю ў любых дачыненьнях, за свабоду. Наша ўлада — за несвабоду й усё астатняе”.

Зьміцер Дашкевіч агулам правёў за кратамі 110 сутак арышту. Ён выказаў падзяку ўсім за падтрымку.

(Дашкевіч: ) “Мы сядзелі з Артурам удвух разам у адной камэры. Не было бамжоў. Ніхто не паліў. Так што ўмовы былі… Ну, у прынцыпе, умовы былі, як заўсёды, — антычалавечыя. Я заўсёды гэта падкрэсьліваю. Але мы да іх прызвычаіліся. Вельмі ўдзячны ўсім, хто мяне сустрэў, — старшыні АГП Анатолю Лябедзьку й сябром ягонай партыі. Безумоўна, дзякуй маладафронтаўцам, маім паплечнікам. Вялікі дзякуй палякам, якія прыйшлі, папросту паціснулі руку й падзякавалі”.

Уначы на сьценах спэцпрыёмніку зьявіліся надпісы: “Малады Фронт”, “Жыве Беларусь!”, “Свабода”. Супрацоўнікі спэцпрыёмніку зафарбавалі заклікі шэрай фарбай.

Зьміцер Дашкевіч паведаміў Радыё Свабода, што такім чынам сябры Маладога Фронту выказалі сваю салідарнасьць з палітвязьнямі. Ён таксама распавёў, што ў блізкім часе адбудуцца некалькі акцый Маладога Фронту, прымеркаваных да ўгодкаў гістарычных падзеяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG