Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Ізраіль прыступіў да вываду пасяленьняў з Газы


Кастусь Бандарук, Прага Армія заблякавала доступ да 21 габрэйскага пасяленьня і пачала выдаваць жыхарам ордэры на высяленьне. Цягам 48 гадзін 8.500 тысяч ізраільцаў павінны добраахвотна пакінуць свае дамы, інакш будуць вывезеныя адтуль сілай. У бліжэйшыя выхадныя пачнецца таксама ліквідацыя 4 з 120 пасяленьняў на заходнім беразе Ярдану. Гэтая акцыя выклікае бурныя пратэсты сярод саміх пасяленцаў, які і ў ізраільскім грамадзтве.

Згодна з ранейшым плянам, адразу пасьля поўначы праз памежны пераход Кісуфім ў паласу Газы ўехала вялікая калёна бронетранспартэраў, машынаў хуткай дапамогі і аўтобусаў з паліцыянтамі і салдатамі. Ля ўезду ў Паласу Газы зьявіліся напісы “Стоп. Ўваход і знаходжаньне ў Газе забароненыя законам”. Дзясяткі салдатаў найперш увайшлі ў пасяленьне Нісаніт, жыхары якога пераважна ўжо пакінулі свае дамы. Салдаты пачалі ўручаць ордэры на высяленьне. Паводле прадстаўніцы арміі Шарон Фэнгольд, некаторыя пасяленцы заяўляюць, што хочуць атрымаць загад па пошце. Сотні жыхароў Газы падпісалі згоду на перасяленьне і ўзамен за грашовую кампэнсацыю пераедуць у пабудаваныя для іх дамы на тэрыторыі Ізраілю. Аднак 5 тысяч пасяленцаў адмаўляюцца пакідаць сваё жытло.

З праціўнікамі выхаду з Паласы Газы салідарызуецца міністар жыльля і будаўніцтва Іцхак Гэрцаг.

(Гэрцаг: ) “Гэта найбольш пакутлівы дзень у Ізраілі для гэтага ў гэтым пакаленьні. Мы сёньня аплакваем вельмі, вельмі балючую апэрацыю выхаду ізраільскіх грамадзянаў з іхных дамоў”.

Натоўп пасяленцаў заблякаваў ўезд ў найбольшы пасёлак Нэвэ Дэкалім. Дэманстранты падпалілі аўтамабільныя шыны і павыбівалі шыбы ў некаторых вайсковых машынах. Стварыўшы жывы ланцуг, некаторыя зь іх моляцца і плачуць. 400 маладых людзей заблякавалі арміі ўезд ў пасёлак Гуш-Каліф. Для многіх ізраільцаў гэта адна з найбольш траўматычных падзеяў ў найноўшай ізраільскай гісторыі. Газэта “ Гаарэц” піша пра ”дні жалобы”. Для некаторых пасяленцаў гэта поўнае разьвітаньне з месцамі, дзе яны прыжыліся і дзе знаходзяцца магілы іхных блізкіх. Для артадаксальных габрэяў, неабходнасьць эксгумацыі целаў -- гэта двайное гора.

Сёньня праціўнікі эвакуацыі з Паласы Газы пачалі зьбірацца ля канцылярыі прэм’ер-міністра Арыэля Шарона. Раней прэм’ер заявіў, што ня будзе ні перад кім тлумачыцца і прасіць прабачэньня. Віцэ-прэм’ер Шымон Пэрэс лічыць, што хаця рашэньне аб вывадзе з акупаваных тэрыторыяў ня ўсім падабаецца, гэта было слушнае рашэньне.

(Пэрэс: ) “Гэта важны дзень для ізраільскай дэмакратыі. Урад і парлямэнт паказалі, што яны здольныя прыняць цяжкое рашэньне. Нялёгкае рашэньне, але слушнае. З другога боку, людзі могуць пратэставаць і выказваць свой супраціў. Такая прырода дэмакратыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG