Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларусаў на чэмпіянаце сьвету — пятае агульнакаманднае месца


Ігар Карней, Менск Выступ каманды Беларусі на чэмпіянаце сьвету ў лёгкай атлетыцы, што праходзіў цягам мінулага тыдня ў Хэльсынкі, спэцыялісты расцэньваюць як удалы: два залатыя, два срэбраныя й адзін бронзавы мэдалі дазволілі беларусам заняць пятае агульнакаманднае месца адразу ж пасьля прызнаных фаварытаў у вялікім спорце.

Параўнальна з папярэднімі ўсясьветнымі спаборніцтвамі, беларуская зборная паказала больш сьціплыя дасягненьні (у Парыжы было сем мэдалёў, тры зь якіх — залатыя). Але яна застаецца ў ліку наймацнейшых: беларусы фінішавалі пасьля прызнаных фаварытаў — зборных ЗША, Расеі, Этыёпіі й Кубы.

Ці не найбольшай неспадзяванкай для беларусаў стала трэцяе месца жаночай эстафэтнай каманды 4х100 мэтраў у складзе Юліі Несьцярэнкі, Наталі Салагуб, Алены Неўмяржыцкай і Аксаны Драгун, якія прапусьцілі наперад толькі ЗША й Ямайку. Срэбраныя ўзнагароды атрымалі марафонка ў хадзе на 20 кілямэтраў Маргарыта Турава й кідальнік молату Вадзім Дзевятоўскі. А трыюмфатарамі чэмпіянату сталі малатабоец Іван Ціхан (з рэкордам чэмпіянатаў сьвету) і штурхальніца ядра Надзея Астапчук.

Я запытаўся ў Вадзіма Дзевятоўскага, ці ня крыўдна, што за першае месца даводзіцца змагацца са сваім жа суайчыньнікам?

(Дзевятоўскі: ) “Асабістыя амбіцыі — гэта адно, але жывём жа мы ў адной дзяржаве. І, наадварот, было б нашмат больш крыўдна прайграць іншаземцу. Таму ў гэтым сэнсе вельмі добра, што мы з Іванам Ціханам працягваем беларускія традыцыі. І не сумняваюся, што прыемна нашым настаўнікам — Кліму, Зайцаву, прадаўжальнікамі традыцый якіх мы ўрэшце й сталі. Бо гэта толькі працяг таго, што пачалося гадоў 50 таму”.

Усе пераможцы лёгкаатлетычнага чэмпіянату сьвету атрымаюць па 60 тысяч даляраў. Срэбраныя прызёры — суму, удвая меншую. Я пацікавіўся ў Вадзіма Дзевятоўскага, ці вызначыўся ён, куды пойдуць гэтыя прэміяльныя?

(Дзевятоўскі: ) “Прэміяльныя, па-першае, выплачваюць ня кожнаму. Калі не прайшоў за сэзон мінімум два допінг-кантролі па-за спаборніцтвамі, то, якім бы ты ні быў чэмпіёнам, — гэтых грошай не атрымаеш (нягледзячы на тое, што ставяць на кантроль на ўсіх стартах). Па-другое, да моманту выплаты праходзіць вельмі істотны час — да васьмі месяцаў. Па-трэцяе, я вельмі шмат трачу на сябе, і гэтыя грошы у нейкім сэнсе апраўдаюць асабістыя сродкі, укладзеныя ў падрыхтоўку. Бо даводзілася нават пазычаць. Нарэшце, я пачынаю ўжо траціцца на падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў. У нас хоць дзяржава й падтрымлівае спорт, але для набываньня чыстае, якаснае фармакалёгіі патрэбны вялікія сродкі. Натуральна, штосьці застанецца, але колькі — цяжка сказаць. Бо, каб прагрэсаваць, трэба ў сябе ўкладаць”.

Як мяркуюць многія спэцыялісты, беларусы маглі паўтарыць парыскія дасягненьні 2003 году, але, перадусім, не апраўдалі надзеяў кідальніца молату Вольга Цандэр і спрынтэрка Юлія Несьцярэнка. Аглядальнік газэты “Прессбол” Сяргей Вярсоцкі лічыць: калі Цандэр ня здолела ў адказны момант мабілізавацца, то Несьцярэнка неўзабаве можа зноў паказаць высокія вынікі.

(Вярсоцкі: ) “Усё засталося пры ёй. Думаю, яна сама адчувае, што вярнулася ў кола абраных, лепшых спрынтэраў сьвету. Усё пры ёй — хуткасьць, рэакцыя. Структура руху таксама не зьмянілася. Пытаньне толькі ў аб’ёмах працы й у тэрмінах выхаду на пік формы. У дадзеным выпадку гэтага тэрміну, натуральна, не хапіла. І фінальнае восьмае месца — гэта выдаткі выключна позьняга ўваходжаньня ў сэзон і недахопу 2-3 тыдняў падрыхтоўкі”.

Наступны, ХІ, чэмпіянат сьвету ў лёгкай атлетыцы адбудзецца ў 2007 годзе ў японскім горадзе Осака.
XS
SM
MD
LG