Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзякуй яму за пэнсію, але мы хочам яшчэ з ім пагаварыць, як мы тут жывем, як з нас робяць клёцкі...”


RFE/RL Званкі на 15 жніўня Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце затэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку

(Спадарыня: ) “Дарагое Радыё Свабода! Я ніяк не магу супакоіцца – ну як выбраць нам сумленнага прэзыдэнта? Гэты – 12 гадоў. Здаецца, па тэлебачаньні паказана, што ён стараецца, хлеб глядзіць – дзякую яму за гэта. А як вось тут, на месцах – купкі яго загадчыкаў калгасаў жывуць. Як жывуць яны? Яны жывуць толькі для сябе і сваіх сыноў, а мы на ўсіх іх працуем, як коні. І нічога за гэта ня маем. Ну дык як? Хіба ж ня ўсё адно – няхай жа бы і той Лукашэнка – але ж вось што робяць, падманваюць нас, абдурваць. І мы ніжэйшымі засталіся, а яны – пры катэджах, пры грашах, пры высокіх пасадах. Дык колькі ж гэта будзе цягнуцца? Што, мы дурныя, ня бачым? Зьдзекі з нас, і больш нічога. Ну як нам выбраць прэзыдэнта, які б глядзеў за гэтым, каб не раскрадалася нашае, тое, што мы робім? А нам з таго нічога ж няма, мы голыя застаемся на старасьць – голыя! Я хачу, каб мы выбралі такога прэзыдэнта, які б жыў дзеля народа і бачыў, што ў нас ёсьць, і чаго няма”.

(Спадарыня: ) “Па-мойму, нам патрэбны такі прэзыдэнт, які б хоць крыху турбаваўся і слухаў народ. Калі прыедзе, няхай бы стаў з намі і паслухаў, чаго мы хочам, як мы жывем. Хоць раз – а то мы яго бачым, як ён прыедзе, а пагаварыць не пагаворым. А сказаць мы хочам. У першыя гады Аляксандар Рыгоравіч станавіўся ля нас на плошчы, у калгасе “Кастрычнік” Гродзенскага раёну, а цяпер ён нешта, у апошні год – пастаяў бы з усімі разам, каб так пагутарыць зь людзьмі, то і не пагутарыў. Дык вось чаго мы хочам – каб ён пагутарыў з намі. Дзякуй яму за пэнсію, але ж мы хочам яшчэ пагаварыць, як мы жывем, што з нас робяць клёцкі. Так, калі ня хочуць гаварыць, дык трэба нам іншы прэзыдэнт. І я думаю, ёсьць у нас такія, і хай прыедуць, стануць на тую плошчу ды пагавораць з намі, чаго мы хочам, што мы зарабілі за ўсё сваё жыцьцё. Хай прыедуць, з намі пагавораць – і мы такога хочам выбраць. Няхай будзе які заўгодна з гэтых, каторыя во даюць прозьвішча, імя, каторыя заслужылі – хай ідуць, мы будзем галасаваць. Але ня ведаю, як гэта атрымаецца, бо так хочацца і зь ім далей працягваць”.

(Майсеенка Генадзь: ) “Не жадаў сёньня гаманіць, але ж прыйдзецца. Месье Фралоў ў “Народнай волі” паўстаў нават сябрам літоўцаў і Аслана – як жа, бо таго няма. І нават асабіста ўлагодзіў пана Ландсбэргіса і зрабіў выхад сваёй дывізіі без крыві. Праўду гавораць, Астап Бэндэр зь месье Фралова не зусім атрымаўся – відаць, савецкія зоркі генэрала на памяць вельмі дзейнічаюць. Я б і не казаў нічога, каб у аркушы Анатоля Гуляева ў “Народнай Волі” сказанае Фраловым пра Літву было б хоць на 50 адсоткаў праўды. Было ўсё інакш, і сьведкі ўсе жывыя.

Таму, калі дыктатуру Лукашэнкі – таксама быў сябра Фралову – зьнішчаць ушчэнт, на маю думку, прыйдзецца месье Фралову за свае дзеяньні, не зважаючы ні на савецкія “зоркі” свае, ні на сучасныя паслугі, усё-такі адказаць, і ня толькі публічна. І гэта будзе не рэвалюцыйны суд месье Рабэсп’ера, якога так баіцца месье Фралоў, -- гэта будзе суд дэмакратыі, Беларусі. І гонар савецкага генэрала, і пачэсная служба, і цяперашнія “асабістыя паслугі” будуць лічыцца звычайным вар’яцтвам і нават здрадай Радзіме. На жаль, гэтага месье Фралоў, як і шмат хто са “сьвядомых” наменклятурнікаў, не зразумеў. Таму і шкада іх – бо яны туды-сюды; шкада іх за “выдумлянкі” пра Машэрава, пра “слаўных савецкіх хлапцоў” кшталту Лебедзя або Громава ды іншага савецкага гнюсу, за якіх столькі хлапцоў аддалі сваё жыцьцё ў бездань. Будзе суд, не сумнявайцеся. І судзіць вас будуць унукі, яшчэ пры вашым жыцьці”.

(Аляксандр Яцкевіч зь Віцебску: ) “Добры дзень, паважаная радыёстанцыя “Свабода”! Ніколі не падумаў і ніколі б не паверыў, што ў нас у краіне патрэбна даведка з псыхіятрычнага дыспансэра для таго, каб павезьці сваё дзіця ў санаторыю. І вось паслухайце, як на гэта ўсё я адрэагаваў:

Напэўна, у нас хворы прэзыдэнт, Напэўна, у нас хворая краіна: Калі ў цябе якой даведкі “нет”, Дык без даведкі ты – нібы скаціна. І колькі ні напісана хвароб – На ўсе хваробы трэба ім даведкі… Які гэта прыдумаў асталоп – Як у судзе – на ўсё патрэбны сьведкі. Гавораць мне: “Инструкция пришла”, І мэдыкі ўжо сталі як сабакі. І толькі дома жонка падышла І кажа: “Усё бяры да с***і”.

(Жэрдзеў Анатоль з Гомеля: ) “Я хацеў бы па польскім пытаньні – бо не прагучала такога пункту погляду, я вырашыў гэты пункт погляду выказаць. Гэтае пытаньне трэба разглядаць толькі ў гістарычным кантэксьце – інакш тут нічога немажліва зразумець, інакш ён разглядаецца як лякальны канфлікт і больш нічога. А ў гістарычным кантэксьце дачыненьні Польшчы з усходнім суседам, Расеяй – а цяпер і зь яе пасьлядоўнікамі – вядомыя. Гэта: XVIII-XIX стагодзьдзе – зьнішчэньне паўстанцаў, зьнішчэньне найлепшых людзей у Сыбіры, ў Петрапаўлаўскай крэпасьці, усялякія зьдзекі з палякаў, абмежаваньні і г.д. ХХ стагодзьдзе, калі ўладу захапіла ўжо “новая ўлада”, пачалося з таго, што Тухачэўскага туды накіравалі на чале велізарнага войска. І ён, і гэтае войска атрымала “ў пысу”, ўзлаваліся, і ў 1939-41 гадах адпомсьцілі тым, што зьнішчылі квет польскай арміі – які мог бы ў той вайне дапамагчы ў змаганьні з фашызмам, але ім было напляваць на гэта. І ў сьвятле таго зразумела, што ж сёньня адбываецца – гэта не лякальны канфлікт. І калі б была ў мяне мажлівасьць перадаць эўрапарлямэнтарыям сваё меркаваньне, то яны маюць паставіць пытаньне пра стаўленьне да нацыянальных меншасьцяў ва ўсіх краінах “постсавецкага зьвязу”.

Але тут два бакі: узлаваныя палякі, якія ўжо моцна пацярпелі, часам дазваляюць сабе ў дачыненьні да рускамоўных нядобрыя ўчынкі – гэта я сам назіраў, калі не так даўно быў у Польшчы. Хоць гэта і не зьмяніла маё стаўленьне да Польшчы, але гэтыя ўзлаваныя людзі, якія так ставяцца да рускамоўных, ня маюць рацыі. Яны ільлюць ваду на млын вось тых жырыноўскіх, якія хочуць таптаць ботамі людзей”.

(Спадарыня: ) “Учора па беларускім тэлебачаньні было сказана, – на якіх людзей, ня ведаю, але мусіць, на нас, на ніжэйшых, у якіх капейкі не хапае, ад заробку да заробку -- сабакі брэшуць! Якія нізкія людзі! Мне падаецца, горш сабак, чым яны, дык і няма. Які забралі, загрэблі нашую працу, што мы адпрацавалі ўсё сваё жыцьцё. А цяпер яны зрабіліся панамі. А мы сталі сабакамі. Як толькі ня сорамна, ня брыдка так гаварыць! Калі вы ўжо жывяце ў гэтых маёнтках, прыбіраецеся, ясьце што жадаеце, у краму ня ходзіце па харчы – вам ўсё прынесена – ужо ж сабакамі нас не называйце. Мы паўстанем, гэты сабакі ўсе, паўстанем і ўжо маўчаць вам сабакі болей ня будуць. Мы сабак кормім, хоць і апошнімі крошкамі дзелімся, але сабаку таго накормім і ката, а вы – не. Не”.

(Майсеенка Генадзь:) “Пішу” да вас, як на пачатку ХХ стагодзьдзя, пры газавай лямпе. У супярэчнасьць пераможнаму рапарту пра ліквідаваньне аварыі, наступстваў страшэннага ўрагану – насамрэч перабоі з электрычнасьцю доўжацца да сёньня. Пры гэтым у шматлікіх людзей – ня кажучы пра перапады сьвятла да сёньня – паламаліся з-за гэтага лядоўні, тэлевізары, шмат іншага абсталяваньня, ня кажучы ўжо пра выкінутыя харчы. Але рэч ня ў гэтым. Самае сьмешнае тое, што ў адрозьненьне ад амэрыканцаў ці нават расіянаў, якія паклапаціліся, акрамя грашовай кампэнсацыі стратаў, пра аплату маральных стратаў – без пераможных рэляцыяў і рапартаў – нашыя мясцовыя і вышэйшыя ўлады ня лічаць патрэбным нават перасьцерагаць пра перапады электрычнасьці і пра непрыемнасьці са сьвятлом увогуле.

Адна сталая кабета ў нашай вёсцы спрабавала атрымаць страхоўку, якую ёй таксама не далі – і яшчэ ў суд пазоў да дзяржавы рабіць пайшла за сваю страчаную маёмасьць. Яе, бедную, ня толькі пагналі са двара, а яшчэ і перасьцераглі, каб і думаць ня сьмела, бо інакш хату зьвядуць, хату – калгасу. Вось такая пераможная рэляцыя атрымліваецца ў дзяржаве, у якой адзін пан, са сваім атачэньнем, якое ў нашай краіне і ёсьць насамрэч – людзі. А астатні народ – быдла, дадзенае дзяржаве. Адметныя мы і памяркоўныя, на радасьць усяму сьвету”.

(Мікалай Бельскі: ) “Хочацца сказаць пра незалежнасьць і волю беларускай вёскі, камуністычнай мадэлі. У цывілізаваных краінах сельская гаспадарка, як і розныя галіны прамысловасьці, навукі, як розныя віды транспарту і г.д., зьяўляецца самавызначальнай, аўтаномнай галіной народнай гаспадаркі. Яе разьвіцьцю спрыяе, у першую чаргу, зацікаўленасьць многіх пакаленьняў сапраўдных гаспадароў у атрыманьні прыбытку ад вынікаў працы. А не калыму, не зладзейства, як тое паўсюдна практыкуецца ў нас. Яе разьвіцьцю спрыяе атрыманьне годнага заробку, зь якога бярэцца падатак – але не з хлява ці гарода. Падатак з нашае гаспадаркі фармуецца ўласнымі сьвіньнямі, ад часоў рэвалюцыі – можа таму і адпачыць няма калі. У 4 гадзіны разбудзіла ўсіх вайна, у 5 вяскоўцы, у большасьці пэнсіянэры, ідуць зь вёдрамі да малаказьбіральніка, неўзабаве астатнія – хто ў хлеў, хто касіць, хто на дзяржаўную працу ідзе, па нарад да адміністрацыі з гораду. Таму і адпачывае большасьць, як умее – п’е гарэлку. Як адпачываем, так і працуем. Здаецца, Маркс казаў, што воля грамадзянаў залежыць ад колькасьці іх вольнага часу. Што ведаў Маркс пра дзяржаўных і ўласных сьвіней? Дзякую за ўвагу”.

(Спадар: ) “Шаноўныя сябры! Ужо прайшло два месяцы, як 4 чэрвеня 2005 года жаўнеры батальёну “Ўсход” увайшлі ў станіцу Барадынаўская ў Чачні. Была зроблена “зачыстка” 4 чэрвеня. У выніку “зачысткі” жаўнераў спэцпадразьдзяленьня “Ўсход” на мірнае чачэнскае насельніцтва загінулі людзі. Была арыштаваная і зьведзеная частка людзей, два дамы былі спаленыя. Прэзыдэнт Алханаў сказаў, што пра лёс і пра месцазнаходжаньне 11 чалавек, скрадзеных у станіцы Барадынаўская, цяпер нічога не вядома. Але ж прайшло ўжо больш за два месяцы! Дык ці жывыя яны? На маю думку, яны расстраляныя. Заяву Алханава 13 жніўня пра тое, што месцазнаходжаньня скрадзеных у станіцы Барадынаўская 11 чалавек не вядомае, варта клясыфікаваць як дзяржаўны тэрарызм, як масавае забойства, генацыд мірных чачэнскіх грамадзянаў жаўнерамі батальёну “Ўсход”. Ствараецца ўражаньне “беспрадзелу”. Тэрарыстамі ёсьць у гэтым выпадку жаўнеры батальёну “Ўсход”. Гэта тыповыя, клясычныя карнікі, заваёўнікі, галаварэзы з крымінальнымі інстынктамі, якія маюць быць неадкладна ізаляваныя. Камандзіры гэтага падразьдзяленьня маюць быць аддадзеныя пад суд. Батальён “Усход” мае быць прызнаны злачыннай арганізацыяй і расфармаваны”.

(Спадар: ) “Добры дзень, шаноўнае панства. Свой адпачынак я правёў дома са сваёй сям’ёю. У вольны час хадзіў дапамагаць бацьку, у асноўным на гародзе. У яго хоць і не свой дом, але гарод недалёка ад яго кватэры ёсьць. Такі вось і ўвесь адпачынак. Усё ўпіраецца ў грошы. Грошай няма – няма і адпачынку. Раней я яшчэ неяк мог адправіць на Чорнае мора, у Адэсу, на Ўкраіну жонку і дзяцей – дык зараз немажліва, жыць становіцца ўсё горш і горш. Што ж да таго, колькі часу хапіла б для адпачынку, дык я б сказаў – відаць 2 тыдні хапіла б, а максымум – 25 дзён. Але вельмі хочацца правесьці гэты адпачынак на моры, ці ў падарожжах па іншых краінах, са сваёй сям’ёю. Усе разам, толькі ўсе разам. А куды б я жадаў зьезьдзіць са сваёй сям’ёй, я б сказаў, што ў першую чаргу – у Італію, у Рым, у Ватыкан, у Вэнэцыю, на востраў Сардынія, на востраў Сыцылія. І, канешне, выкупацца ў італьянскіх морах. Яшчэ б, канешне, абавязкова я б з’езьдзіў у ЗША. Па гарадах – Лас-Вегас, Каліфорнія, Маямі, на каньёны хацелася б паглядзець. І на каўбояў хацелася б паглядзець, сельскае жыцьцё ЗША таксама мяне цікавіць. У Польшчу, канешне, у Нямеччыну, у каралеўства Вялікабрытанія, у Швэцыю, і канешне, у Эгіпет. І ў сьвятую зямлю Ізраіль. І, канешне, хочацца паглядзець Японію і Аўстралію".
XS
SM
MD
LG