Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінскія ўлады перашкаджаюць распаўсюджваць газэту «Мясцовы час»


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Пінскі гарвыканкам не дазволіў незалежнай газэце “Мясцовы час” ладзіць канцэрт бардаўскай песьні з нагоды выхаду 100-га нумара выданьня. Адначасова пачаўся ціск на прыватных распаўсюднікаў з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад продажу газэты.

Раніцай 15 жніўня рэдактар пінскай газэты “Мясцовы час” Віктар Ярашук атрымаў ліст з гарвыканкаму, у якім гаворыцца, што ўлады не даюць дазвол на правядзеньне канцэрту ў гарадзкім парку. Канцэрт, на які былі запрошаныя выканаўцы бардаўскай песьні, плянавалася правесьці ў бліжэйшую нядзелю з нагоды выхаду 100-га нумару газэты.

Намесьнік старшыні Пінскага гарвыканкаму Аляксандар Канеўскі, які падпісаў гэты ліст, адмовіўся паведаміць, чаму ўлады не жадаюць правядзеньня такога канцэрту.

У супрацоўнікаў рэдакцыі зьявіліся зьвесткі і пра тое, што прыватных асобаў, што займаюцца распаўсюдам “Мясцовага часу”, прымушаюць скасаваць свае дамовы з гэтым выданьнем. Рэдактар газэты Віктар Ярашук лічыць невыпадковым забарону канцэрту і перашкоды з распаўсюдам выданьня.

(Ярашук:) “Дагэтуль былі размовы ў выканкаме. Нам казалі, што мы ня так пішам, як хацелася б выканкаму. Таму мы лічым, што гэта добра сплянаваная пінскімі ўладамі акцыя на закрыцьцё нашай газэты. Яны разумеюць, што так нас зачыніць нельга, бо за ўвесь час у нас не было ніводнага пазову, ніводнай скаргі. Таму вырашылі такім чынам: забараніць распаўсюд і не даць нам паказацца з газэтай у горадзе”.

Да гэтага варта дадаць, што зараз газэта “Мясцовы час” вымушаная друкавацца ня ў Пінску, а ў Баранавічах, а пінскае прадпрыемства “Белсаюздруку” не бярэ гэтае незалежнае выданьне для распаўсюду праз свае шапікі.
XS
SM
MD
LG