Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бусенькі, бусенькі, абое галюсенькі


Вячаслаў Дубінка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Мой пляменьнік – электрык мясцовае мэхкалёны, якую штомесяц весела перапіхваюць з аднаго заняпалага калгасу ў другі. А ў вольны ад тае перасоўкі час ён дае нырца ў “вясёлыя людзі”, у горад.

Высокі, стромкі – чым ня фраер з Адэсы галёкнуў у Слуцак да роднай маткі, каб яечняй намурзацца. Абутак – фірма. Па 50 у.а. за чобат на адну нагу, столькі ж і на другую. Чорны скураны палітон за 300, канечне ж, у.а. На рабоце яму кладуць сто лукашэнкаўскіх тысячаў – якраз хапае на амэрыканскія табакі.

Дзе ж бярэ капейку, каб шыкаваць, жлукціць хмельныя напоі, жэрці прысмакі дарагія? Матка дае. Цягавітая, стомленая жыцьцём кабета, ледзьве на нішчымны крупнік самой хапае. Сынава “бусенька” працуе мэдычнай пабягухай у райбольніцы.

Як толькі сонца закоціцца ў сваю калыску, яны за печку, там іхняя люля. Пацалункі, воханьні з аханьнямі, мацюкі з прыпевачкамі. Маці абірае бульбу карміць галодных “бусенькаў”. Адпачыла цела, сьпявае душа. Пара на новую вахту, вунь вясёлы месячык сярпок ухапіў. Воханькі, аханькі, а маці пячэ блінцы на начны перакус. Блінцы зьнікаюць, патэльня блішчыць. Матка да суседкі: ноч доўгая, “бусенькі” загадаюць яечню. Ураньні певень горла дзярэ. Дурыла, каго ты будзіш? У іх ранішняя вахта, салодкія бусенькі ў туманок росны. Маці за матыку, маладая бульба за ноч падрасла на сьняданак “бусенькам”. У агародзе матка роспачна жаліцца мардатаму кату: – Прыблудніца, гультайка паварчыцкая! Валачашчая, гулябістая! Бусенькі ды бусенькі, ні кала, ні дзіравага карыта, ні канапкі, ні коўдры! Бусенькі, бусенькі, абое галюсенькі.
XS
SM
MD
LG