Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч выходзяць на волю


Любоў Лунёва, Менск Сёньня сябры “Маладога фронту” будуць сустракаць сваіх паплечнікаў Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча, якія выйдуць на волю пасьля адбыцьця 10-суткавага арышту за несанкцыянаваны пікет 5 жніўня насупраць польскай амбасады ў Менску. Пікет праходзіў пад лёзунгамі беларуска-польскай салідарнасьці. Некалькі дзён на тым самым месцы сябры БРСМ таксама праводзілі акцыю – яны пілавалі дрэва, але іх ніхто не затрымліваў.

Маладафронтаўцаў затрымалі даслоўна праз колькі хвілінаў пасьля таго, як пачаўся пікет. Міліцыянты ня сталі складаць палітычна матываванага пратаколу – за несанкцыянаваны пікет. Непаўналетніх адпусьцілі, а для актывістаў Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча знайшлі выйсьце. Адзін з БРСМаўцаў напісаў скаргу, што хлопцы нібыта нецэнзурна сварыліся. Таму на іх склалі пратакол за дробнае хуліганства.

Кірыл Шымановіч, адзін з удзельнікаў пікету, так пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:

(Шымановіч:) “Знайшоўся такі Паўлік Марозаў – адзін з сакратароў БРСМ, якога завуць Косьця Ізотаў. Ён напісаў скаргу на сяброў “Маладога фронту”, што яны яго нібыта зьбівалі і нецэнзурна лаяліся. На падставе гэтай скаргі на хлопцаў склалі пратакол за хуліганства – улады паспрабавалі тым самым пазьбегчы палітыкі ў інцыдэнце. Мы падрыхтавалі для хлопцаў урачыстую сустрэчу. Хутчэй за ўсё, гэта будзе нейкая імпрэза, якая адбудзецца а 12 гадзіне”.

Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч больш за дзясятак разоў адбывалі арышт у спэцпрымальніку. Яны ніколі не скардзіліся адміністрацыі на ўмовы ўтрыманьня. Гэты пры тым, што хлопцаў ніколі не выводзяць на шпацыр. Яны заўсёды сядзяць разам з асацыяльнымі элемэнтамі. У камэры не хапае сьвятла і задуха. Але хлопцы ў часе акцыяў ніколі не ўцякалі ад амонаўцаў, ведаючы, што іх чакае.

Палітвязьняў традыцыйна сустракаюць ля брамы спэцпрымальніка ня толькі партыйныя паплечнікі. Раней былі выпадкі, калі супрацоўнікі міліцыі за дзьве гадзіны да заканчэньня тэрміну адбыцьця пакараньня вывозілі хлопцаў у аддзел міліцыі, каб сарваць ўрачыстую сустрэчу. Аднаго разу ўзімку маладафронтаўцы нават замовілі аркестар на вуліцу Акрэсьціна. Сустракалі сваіх сяброў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Каб кожны, хто адбывае арышт за ўдзел у палітычнай акцыі, адчуў маральную падтрымку, моладзь зьбіраецца ля брамы спэцпрымальніка часам за некалькі гадзінаў да выхаду чалавека. Бывалі выпадкі, калі нават складалі графік дзяжурстваў. Сёньня а 12 раніцы да брамы спэцпрымальніка прыйдуць сябры “Маладога фронту” і іншых моладзевых арганізацыяў. Наста Палажанка ўдзельнічала ў пікеце 5 жніўня. Яе адпусьцілі, бо яна яшчэ непаўналетняя. Яна таксама прыйдзе сустракаць сваіх сяброў.

(Палажанка:) “Спэцпрымальнік – гэта, вядома, не санаторыя. Хлопцы не могуць дагэтуль да яго прызвычаіцца. Але мы прыйдзем і падтрымаем іх. Я ўпэўненая, што ім гэта будзе прыемна. Зьміцер Дашкевіч адседзеў ужо 110 сутак. Думаю, што яму будзе прыемна бачыць нас з кветкамі, бачыць нас з усьмешкамі. Мы кожны раз носім ім перадачы. Стараемся перадаць ім сваю падтрымку, сваю дабрату”.

Некалькі сяброў “Маладога фронту” будуць сустракаць сваіх паплечнікаў ля спэцпрымальніка. Яшчэ некалькі чалавек сёньня праводзяць былога лідэра “Маладога фронту” Паўла Севярынца ў Полацкі раён на так званую “хімію”, дзе ён будзе два гады паводле прысуду адбываць пакараньне за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка 2004 году супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG