Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі навуковец правярае тэорыю адноснасьці Альбэрта Айнштайна


Ігар Карней, Менск На рашэньне ААН 2005 год абвешчаны Ўсясьветным годам фізыкі. Бальшыня навуковых і навучальных ўстановаў у сувязі з гэтым праводзіць прынагодныя канфэрэнцыі, алімпіяды, дні адчыненых дзьвярэй. У Нямеччыне 2005 год абвешчаны годам Айнштайна. Падставаю для гэтага стала супадзеньне адразу дзьвюх датаў: 100 гадоў ад моманту фармуляваньня тэорыі адноснасьці і 50 – ад дня сьмерці вялікага навукоўца. У нямецкім Гайдэльбэргу тамтэйшы Інстытут ядзернай фізыкі праводзіць экспэрымэнты, каб праверыць адзін з пастулятаў тэорыі адноснасьці. І ў гэтым праекце бярэ ўдзел і беларускі навуковец Сяргей Карпук.

Нават далёкі ад навуковай сфэры чалавек ведае, што Айнштайнава тэорыя адноснасьці зрабіла пераварот у навуцы, зьмяніўшы ўяўленьне пра час і прастору. Знакамітая формула ўзаемасувязі энэргіі і матэрыі Е = mс² з часу школьнай праграмы трывала сядзіць у галаве нават сярэдняй пасьпяховасьці вучняў. Іншая рэч, даходліва растлумачыць, што гэтая формула насамрэч азначае, можа далёка ня кожны.

Рэальна спрабуе знайсьці адказ на пытаньні, узьнятыя Альбэртам Айнштайнам, выпускнік факультэту фізыкі Белдзяржунівэрсытэту, кандыдат фізычна-матэматычных навук Сяргей Карпук – адзіны беларус, які ў складзе інтэрнацыянальнай групы навукоўцаў беспасярэдне заняты экспэрымэнтамі для праверкі тэорыі адноснасьці Айнштайна ў Інстытуце ядзернай фізыкі ў нямецкім горадзе Гайдэльбэргу. Паводле Сяргея Карпука, іста экспэрымэнту палягае ў тым, каб праверыць Айнштайнаў пастулят Айнштайна аб “расьцяжэньні часу”.

(Карпук: ) “Навукоўцы для сваіх экспэрымэнтаў выбіраюць самыя малыя аб’екты, якія можна разглядаць, як гадзіньнік, – атамы і іёны. Ідэя экспэрымэнту ў тым, каб разагнаць такія часьцінкі і пратэставаць, зь якой частатой “цікае” іхны ўнутраны гадзіньнік. Паскаральнік у Гайдэльбэргу можа разагнаць іёны літыюму да хуткасьці 19 тысяч кілямэтраў за сэкунду, што больш за 6 % ад хуткасьці сьвятла. Іншымі словамі, гэтыя часьцінкі рухаюцца так хутка, што могуць абагнуць зямлю за 2 сэкунды. Пры такіх хуткасьцях, паводле тэорыі Айнштайна, унутраны гадзіньнік іёнаў павінен ісьці з затрымкаю 0,2 % ад лябараторнага гадзіньніка”.

Паводле тэорыі адноснасьці, для гадзіньніка, які рухаецца зь вялікай хуткасьцю, час ідзе больш павольна, чым для гадзіньніка, які знаходзіцца ў стане спакою. Гэта так званы “парадокс блізьнюкоў”: калі адзін зь блізьнятаў застанецца на Зямлі, а другі будзе рухацца на ракеце з хуткасьцю, блізкай да хуткасьці сьвятла, то пасьля вяртаньня на Зямлю блізьнюк-падарожнік будзе нашмат маладзейшы за свайго зямнога брата.

Свае сэнсацыйныя працы Альбэрт Айнштайн пісаў роўна сто гадоў таму, у 1905-м. Тады гіпотэзы вялікага фізыка экспэрымэнтальна праверыць было досыць цяжка. Цяпер жа практычна асэнсаваць гэтыя парадаксальныя ідэі аб’ектыўна лягчэй, перадусім з тэхнічнага гледзішча. Гэта кажуць і беларускія навукоўцы, якія не заангажаваныя ў такія праекты, але зь цікавасьцю сочаць за іх рэалізацыяй.

Расказвае намесьнік дэкана ў навуковай працы фізфаку БДУ, прафэсар Аляксей Тоўсьцік, у нядаўнім мінулым навуковы кіраўнік Сяргея Карпука:

(Тоўсьцік: ) “Нам прыемна, што Сяргей Карпук бярэ ўдзел у такім праекце – правярае тэорыю адноснасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, нават такога генія, як Айнштайн, усё роўна трэба пераправяраць?”

(Тоўсцік: ) “Сумненьні заўсёды ўзьнікаюць, таму й патрабуюцца экспэрымэнтальныя пацьверджаньні. У Айнштайна ўсё грунтуецца на гіпотэзах, таму экспэрымэнтальныя пацьверджаньні патрабаваліся ад самага пачатку. Да таго ж працы былі надрукаваныя ў 1905 годзе, але найбольшае пашырэньне яны атрымалі пасьля 1916 – 1917 гадоў, калі адбылося сонечнае зацьменьне і змаглі пацьвердзіць скрыўленьне промняў зорак пад узьдзеяньнем поля Сонца. Пасьля таго, як зьявілася хоць нейкае экспэрымэнтальнае пацьверджаньне, тэорыя атрымала пашырэньне. Але й цяпер ёсьць пытаньні, ідзе праверка ўсіх канстант, іх дакладнасьці. Там сапраўды ўнікальныя экспэрымэнты”.

Працы Альбэрта Айнштайна, якія даслоўна абярнулі законы фізыкі з ног на галаву, сталі падмуркам трох фундамэнтальных кірункаў: спэцыяльнай тэорыі адноснасьці, квантавай тэорыі і тэорыі броўнаўскага руху. За гэтыя заслугі і за сваю пацыфісцкую пазыцыю Айнштайн стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі і дагэтуль лічыцца неперасягненым геніем.

На здымку: кандыдат фізычна-матэматычных навук Сяргей Карпук. Фота Максіма Капрана.
XS
SM
MD
LG