Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская тэлевізія заахвочвае дзяцей займацца спортам


Натальля Судлянкова, Прага На амэрыканскай тэлевізіі зьявілася новая дзіцячая праграма, у якой галоўны герой Робі Ротэн імкнецца зрабіць усё, каб дзеці не адыходзілі ад экранаў тэлевізараў і кампутараў, а ягоныя супернікі Спартакус і Стэфані, наадварот, заклікаюць выйсьці на сьвежае паветра ды займацца спортам. Памянёная праграма – яскравы прыклад новай хвалі дзіцячых тэле-шоў, задача якіх – паспрабаваць прывучыць дзяцей да садавіны, гародніны ды здаровага ладу жыцьця. Гэтай тэме прысьвечаны матэрыял у газэце “Los Angeles Times”.

Апошнім часам у ЗША тэлеканалы ўсё часьцей абвінавачваюцца ў дачыненьні да агульнанацыянальнай эпідэміі атлусьценьня. Пад ціскам гэтай кампаніі практычна ўсе папулярныя дзіцячыя шоў, такія як “Вуліца Сэзам” або “Артур”, пачалі ўключаць ў свае праграмы сюжэты, якія прапагандуюць здаровы лад жыцьця. Былі створаныя новыя шоў, задача якіх – заахвоціць дзяцей займацца спортам.

У гэтым ёсьць пэўная іронія лёсу. Як і ў пераважнай большасьці дзіцячых праграмаў, спонсарамі новых шоў зьяўляюцца вытворцы цукерак, чакаляду ды розных тлустых, але вельмі смачных прадуктаў, якія амэрыканцы прызвычаіліся есьці, седзячы перад тэлевізарамі. Але новыя праграмы заклікаюць дзяцей знайсьці лепшы занятак, чым сядзеньне на канапе.

Пітэр Кац, дырэктар у пытаньнях маркетынгу групы “Common Sense Media”, якая вядзе дасьледаваньні ўзьдзеяньня сродкаў масавай інфармацыі на розныя галіны жыцьця, гаворыць, што ўлюбёныя тэлегероі маюць гіганцкі ўплыў на паводзіны дзяцей і фармаваньне іх жыцьцёвых каштоўнасьцяў. Пітэр Кац адзначае, што новыя тэлепраграмы зробленыя так, каб дзеці мелі магчымасьць рухацца проста ў часе шоў. Так, напрыклад, 6-гадовая дзяўчынка-клоўн заклікае дзяцей паўтараць за ёю фізычныя практыкаваньні. Дзеля прапаганды здаровага харчаваньня новыя героі ўжо замест цукерак аддаюць перавагу брокалі, а замест “Пэпсі” або “Кока-колы” п’юць малако.

Аднак крытыкі тэлебачаньня заяўляюць, што ўсе гэтыя намаганьні – нясур’ёзныя і бессэнсоўныя. “Тэлевізія – гэта машына на атлусьценьне”, – гаворыць Гары Рускін, выканаўчы дырэктар кампаніі “Commercial Allert” – адвакацкай кампаніі, якая актыўна папярэджвае бацькоў аб небясьпецы камэрцыялізацыі. Рускін дадае, што самае галоўнае для дзяцей – есьці менш салодкага і тлустага і больш займацца спортам. Але гэта, падкрэсьлівае Гары Рускін, магчыма толькі ў тым выпадку, калі дзеці і іх бацькі выключаць тэлевізары.

Аднак менавіта бацькі часьцяком падаюць кепскі прыклад дзецям. Амэрыканскія лекары адзначаюць, што для зьмены паводзінаў дзяцей трэба дамагчыся зьменаў у паводзінах бацькоў, якія таксама цярпяць ад атлусьценьня.

Тым часам самы сьмелы дзіцячы тэлеканал – “Nickelodeon” – вырашыў правесьці незвычайную акцыю. 1 кастрычніка, калі будзе адзначацца Ўсясьветны дзень гульняў, тэлеканал спыніць вяшчаньне на 3 гадзіны, каб гледачы маглі выключыць тэлевізары і выйсьці на двор або заняцца спортам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG