Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Расеі зьбіраюцца здымаць палітычна-эратычны фільм “Юлія”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Шэраг замежных выданьняў паведамілі, што на гэтым тыдні ў Расеі пачынаюцца здымкі эратычнага фільму, героі якога будуць нагадваць лідэраў нядаўніх рэвалюцыяў у Грузіі і Ўкраіне – прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі і прэм’ер-міністра Юлію Цімашэнку. Афіцыйны Кіеў ужо выказаў сваё шкадаваньне, назваўшы здымкі фільму “Юлія” “правакацыяй”.

Фільм, кульмінацыяй якога мае быць сэксуальная сцэна галоўных герояў на борце верталёта, што пралятае над Грузіяй, называецца “Юлія”. Ня толькі імя гераіні падказвае, што аўтары маюць на ўвазе ўкраінскага прэм’ера. У Юліі будзе такая ж самая прычоска, як і ў Юліі Цімашэнкі.

Аўтар сцэнару – Аляксей Мітрафанаў, расейскі палітык, дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі ад лібэральна-дэмакратычнай партыі Жырыноўскага. Ён і не зьбіраецца хаваць, пра каго будзе фільм, а тое, што пэрсанажы будуць бяз прозьвішчаў, гэта, як ён кажа, каб не выклікаць дыпляматычнага скандалу. Сюжэт паўгадзіннага фільму просты. Юлія і Міхаіл, важныя палітыкі, патаемна сустракаюцца ў Маскве, размаўляюць пра ўладу, а затым кахаюцца на борце верталёта. Жанр фільму сцэнарыст Мітрафанаў вызначае так:

(Мітрафанаў: ) “Я думаю, што гэта ўвогуле новы жанр – палітычна-эратычны фільм. Гэта нават будзе новым кірункам у кіно”.

У ролі Юліі будзе здымацца папулярная ў Расеі эратычная акторка Лена Беркава, ролю Міхаіла выканае нейкі актор з Армэніі. Фільм мае выйсьці на экраны пры канцы году. А пакуль, як піша польская “Gazeta Wyborcza”, няма паразуменьня паміж сцэнарыстам Мітрафанавым і прадусарам Аляксандрам Валавым, якой мае быць кульмінацыйная сцэна. Валаў, які лічыць Юлію Цімашэнку сапраўдным сэкс-сымбалем аранжавай рэвалюцыі, схіляецца да эратычнай паэтыкі, Мітрафанаў жа настойвае на парнаграфічным рэалізьме. Валаў, дарэчы, у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што фільм будзе здымацца на ўкраінскай мове, для грузінскага гледача будуць субтытры, а для Расеі зробяць расейскі дубляж.

Калі спыталіся ў прэсавага сакратара амбасады Грузіі ў Маскве, як адрэагуе Тбілісі на фільм, ён паціснуў плячыма і сказаў, што ня будзе ніякіх афіцыйных пратэстаў – грузінскія ўлады карціну проста праігнаруюць. Афіцыйны ж Кіеў ужо асудзіў намер здымаць такі фільм. У пятніцу прадстаўнік сакратарыяту прэзыдэнта Маркіян Лубкіўскі заявіў:

(Лубкіўскі: ) “Здымкі гэтага фільму ні ў якай ступені не адносяцца да нашых стасункаў з Расейскай Фэдэрацыяй. Калі камусьці прыйшла ў галаву думка здымаць такі фільм, дык гэта правакацыя”.

Тым часам, як падае польская “Gazeta Wyborcza”, украінскія кінэматаграфісты ў выпадку выхаду “Юліі” на экраны адкажуць Расеі сваім фільмам пад назовам “Салодкі Валодзечка і блакітны Віцечка”, героі якога будуць нагадваць расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна і ягонага ўкраінскага палітычнага фаварыта Віктара Януковіча, які летась прайграў прэзыдэнцкія выбары.
XS
SM
MD
LG