Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ будзе працягваць збор подпісаў за беларускую мову на "Нямецкай хвалі""


Алесь Дашчынскі, Менск Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў заявіў, што ТБМ працягне збор подпісаў супраць стварэньня на радыё “Нямецкая хваля” радыёпраграмы для Беларусі на расейскай мове.

12 жніўня амбасада Нямеччыны распаўсюдзіла прэсавы рэліз, у якім адзначыла, што “аб стварэньні на радыёстанцыі “Нямецкая хваля” праграмы на беларускай мове гаворка не ідзе”. Амбасада спадзяецца, што лісты пратэсту супраць расейскамоўнай радыёпраграмы “ня стануць для “Нямецкай хвалі” падставай для адмовы ад плянаванага беларускага праграмнага элемэнта”. У заяве амбасады таксама сказана, што радыёстанцыя ня мае фінансавых сродкаў для стварэньня праграмы на беларускай мове.

(Трусаў: ) “Амбасада не сказала, што Эўразьвяз выдзеліў 138 тысяч эўра для “Deutsche Welle” з эўрабюджэту, што гэта ўжо грошы не Нямеччыны, а Эўразьвязу. Было б добра, каб за гэтыя грошы Эўразьвязу, які падтрымлівае нацыянальныя мовы ўсіх краін-удзельніц, і зрабілі б вось гэтую перадачу. Па-другое, ужо пяць год “Deutsche Welle” на Ўкраіну робіць перадачы па-ўкраінску. Гэта нейкае палітычнае рашэньне, на нашу думку, і таму мы будзем працягваць зьбіраць подпісы і накіроўваць у нямецкую амбасаду. Кожны дзень ТБМ зьбірае ля сотні подпісаў. Дарэчы, самы бум у зборы подпісаў яшчэ не наступіў, яшчэ людзі ўсе ў адпачынках. Беларускае грамадзтва вельмі балюча ставіцца да зьнявагі зь нямецкага боку, бо для нас гэта зьнявага”.
XS
SM
MD
LG