Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыюш Машкевіч: “Трэба падтрымліваць беларускасьць у Беларусі”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць эфіру “Свабоды” – польскі дыплямат, пасол Польшчы ў Беларусі ў 1998 – 2002 гадох Марыюш Машкевіч.

(Караткевіч: ) “Як Вам бачыцца цяперашняя сытуацыя вакол Саюзу палякаў Беларусі? На Ваш погляд, як могуць разьвівацца падзеі далей?”

(Машкевіч: ) “Гэта канфлікт паміж уладамі й грамадзянскай супольнасьцю, між уладамі й тым сэгмэнтам беларускай грамадзянскай супольнасьці, якім зьяўляецца Саюз палякаў Беларусі. Мне здаецца, што разьвівацца сытуацыя будзе за сцэнаром беларускіх спэцслужбаў і ўладаў. Улады вельмі збаяліся незалежнасьці, непадкантрольнасьці новага кіраўніцтва Саюзу, абранага на сакавіцкім VI зьезьдзе.

Працуючы ў 1990-х у консульстве ў Горадні, я ўвесь час быў у кантакце з Саюзам палякаў, я бачыў і ўнутраныя канфлікты паміж рознымі групамі ў арганізацыі. У 1995 – 1996 гадох быў канфлікт паміж Тадэвушам Гавіным і групаю актывістаў – узьнікла арганізацыя “Macierz szkolna”. Але тады беларускія ўлады ня ўмешваліся. Іх гэта не цікавіла. А цяпер цікавасьць зьявілася – калі польская арганізацыя захацела працаваць як незалежная грамадзкая структура. Саюз палякаў зазнаў лёс шмат якіх іншых грамадзянскіх, палітычных арганізацыяў у Беларусі.

Канфлікт уладаў з Саюзам палякаў Беларусі ў прыватнасьці і з грамадзянскай супольнасьцю ўвогуле – гэта канфлікт паміж каштоўнасьцямі заходняга дэмакратычнага сьвету і савецкасьцю, я б нават сказаў, бальшавіцкасьцю. Гэта канфлікт, карані якога ў бальшавіцкай рэвалюцыі. Я напісаў кнігу пра царкву ў Расеі ў 1920-х гадох. Там жа была такая самая інтрыга. Бальшавіцкая ўлада не магла кіраваць царквою і проста зьмяніла першаярарха царкоўнага – патрыярха Ціхана пасадзіла ў турму, паставіўшы на чале царквы чалавека падкантрольнага.

На жаль, Беларусь застаецца краінаю, дзе савецкасьць дужа моцна трымаецца. Але ж прыходзіць новае пакаленьне – маладыя людзі, якія хочуць жыць у нармальным сьвеце”.

(Караткевіч: ) “Вядома, што прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі вёў перамовы з шэрагам кіраўнікоў эўрапейскіх краінаў адносна сытуацыі вакол Саюзу палякаў Беларусі. Якія могуць быць крокі Варшавы і яе саюзьнікаў у рэакцыі на дзеяньні беларускіх уладаў?”

(Машкевіч: ) “Міністэрства замежных справаў Польшчы вядзе кансультацыі з калегамі зь дзяржаваў Эўразьвязу. Праўда, вакацыйная пара – не найлепшы час для кансультацыяў. Трэба чакаць пачатку працы Эўрапейскай камісіі ў Брусэлі – гэта будзе на пачатку верасьня. Наколькі я ведаю, рыхтуюцца дакумэнты, у якіх будзе выказаная супольная пазыцыя Эўразьвязу што да дзеяньняў беларускіх уладаў.

Вядома, у Польшчы і ў краінах, скажам так, старой Эўропы ёсьць пэўныя адрозьненьні ў ацэнках беларускіх падзеяў. Польшчы, Літве як краінам Эўразьвязу вельмі важна зацікавіць краіны старой Эўропы праблемамі разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі”.

(Караткевіч: ) “Беларускія афіцыйныя асобы, афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі зазначаюць, што для польскіх палітыкаў цяперашнія падзеі вакол Саюзу палякаў – гэта магчымасьць паправіць свой рэйтынг. Ці сапраўды ангажаваньне ў гэтую сытуацыю можа даваць палітыкам дывідэнды?”

(Машкевіч: ) “На гэтае пытаньне ў мяне ёсьць два адказы. Па-першае, гэтай праблемы палітыкі сабе не прыдумалі перад выбарамі. Так супала, але некаторым гэтае ангажаваньне сапраўды можа павысіць рэйтынг. Любы патрыятычны ці дэмакратычны ўчынак перад выбарамі павышае рэйтынг палітыка. Гэта нармальна”.

(Караткевіч: ) “Ня толькі ў Беларусі гавораць пра канфлікт з палякамі. На працягу апошняга тыдня ў Маскве былі зьбітыя тры грамадзяніны Польшчы – два дыпляматычныя прадстаўнікі й журналіст. Днямі ў інтэрвію “Свабодзе” расейскі журналіст Павел Шарамет сказаў, што, на ягоную думку, антырасейскія настроі ў Польшчы больш моцныя, чым антыпольскія ў Расеі. Як бы гэтую думку Вы пракамэнтавалі?”

(Машкевіч: ) “Я б сказаў, што настроі, фобіі ў Польшчы не антырасейскія, а антыімпэрскія. З Расеяй здараюцца праблемы тады, калі яна хоча выйсьці за свае межы, кантраляваць сытуацыю за сваімі межамі. У гісторыі расейска-польскіх адносінаў шмат было такіх сытуацыяў. Адзін раз у XVII стагодзьдзі Польшча ўмяшалася ва ўнутраныя справы Расеі, а пасьля ўжо толькі Расея мяшалася ў польскія справы.

Але папраўдзе да Расеі адносіны ў нас вельмі добрыя. Зьбіцьцё дзяцей расейскіх дыпляматаў у Варшаве – варты жалю факт. Гэта факт, на жаль, выкарыстоўваюць для дасягненьня палітычных мэтаў”.

(Караткевіч: ) “Вам, палітыку, як бачыцца пэрспэктыва беларускай апазыцыі? Хто бачыцца лідэрам?”

(Машкевіч: ) “Для мяне адзін з самых цікавых беларускіх апазыцыйных палітыкаў – Аляксандар Мілінкевіч, былы намесьнік старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму. Мы працавалі зь ім, калі я быў генэральным консулам Польшчы ў Горадні. Добра ведаю Анатоля Лябедзьку. Як я жыў у Менску, нават у футбол разам гулялі.

Я хацеў бы, каб гэтыя людзі сталі такімі беларускімі Юшчанкамі. На жаль, я бачу, што яны й іхныя паплечнікі змушаныя гуляць па тых правілах, якія накідае Лукашэнка”.

(Караткевіч: ) “Прадстаўнікі беларускіх апазыцыйных сілаў вырашылі зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю, каб ён даў памяшканьне для правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Што, на Вашую думку, значыць гэты крок?”

(Машкевіч: ) “Апазыцыйныя палітыкі паказваюць, што гуляюць чыста, паводле тых правілаў, якія хацелі б мець у краіне, дзе ўжо будзе поўная дэмакратыя.

У 1999-м годзе я сутыкнуўся з такім на вуліцах Менску. Была апазыцыйная дэманстрацыя. Сабраліся 3 – 4 тысячы людзей. Яны ішлі праспэктам Скарыны і, як загарэлася чырвонае сьвятло сьвятлафора, уся дэманстрацыя спынілася.

Гэта мне дапамагло зразумець, якая апазыцыя ў Беларусі. Яны хочуць быць такімі прыстойнымі людзьмі, якія шануюць літаральна ўсе законы, прытрымліваюцца ўсіх правілаў гульні. У гэтым руху няма дынамікі, харызмы... Такое ўражаньне, быццам ёсьць вытаптаныя сьцежкі, па якіх толькі й можна хадзіць. Але, як будзе чырвонае сьвятло, трэба спыніцца. І яны спыняюцца...

Ва Ўкраіне такой праблемы не было. Людзі сабраліся на Майдане Незалежнасьці, сядзелі, стаялі, хаця ім гаварылі, што трэба разысьціся, што іхны сход нелегальны. Але яны легальнасьць фактычна самі ўстанаўлялі. У Беларусі такой сілы яшчэ няма”.

(Караткевіч: ) “Здаецца, у сёньняшняй Беларусі дзеяньням нацыянальнай культурнай эліты і тых, хто лічыць сябе палітычнай элітаю, бракуе скаардынаванасьці...”

(Машкевіч: ) “Патрэбны харызматычны палітык... Раскіданая стружка ляжыць на стале. Але надараецца момант – і зьяўляецца магнэс. І аказваецца, што ўся куча ўкладаецца ў сэнсоўную канструкцыю. Патрэбны харызматычны палітык, які будзе ўлічваць усе беларускія каштоўнасьці. Праўда, я думаю, прыходу такога харызматыка нельга прадбачыць”.

(Караткевіч: ) “Працуючы ў Беларусі, Вы рэгулярна бывалі на самых розных культурных імпрэзах. Нярэдка можна было пачуць падзяку асабіста Вам за дапамогу ў рэалізацыі беларускіх культурных праектаў. Што Вам запомнілася ў Беларусі добрага, і пра што Вы б маглі сказаць з расчараваньнем?”

(Машкевіч: ) “Палякі, на вялікі жаль, ня ведаюць беларускай культуры. Цяпер я ў пераносным сэнсе амбасадар Беларусі ў Польшчы. Мяне запрашаюць у тэле- і радыёэфір, бяруць інтэрвію для прэсы. Я паказваю, што ёсьць традыцыйная вясковая беларуская культура і ёсьць культура беларускага гораду, культура моладзі – гэта і музыка, і выяўленчае мастацтва, і літаратура. Я расказваю пра зьявы новай беларускай культуры – такія зьявы, як “ARCHE”, “Навінкі”, “Партызан”, сучасны беларускі жывапіс, графіка...

Непрыемныя ўспаміны засталіся хіба што з кантактаў з рознымі савецкімі чыноўнікамі. Памятаю, у Горадні хацеў быў з пракурорам пазнаёміцца. Зайшоў аднаго разу да яго, даў яму консульскую канвэнцыю, патлумачыў сваю місію ў Беларусі і хацеў яшчэ падараваць бутэльку добрага польскага каньяку. А ён, мусіць, падумаў, што гэта нейкі хабар, і адкінуў мой гасьцінец. Я адчуў тады проста халоднае паветра – нешта такое савецкае, бальшавіцкае было ў той рэакцыі.

І яшчэ адна непрыемная сытуацыя. Мы арганізавалі ў Менску ў 1999 годзе канфэрэнцыю, прысьвечаную аспэктам супрацоўніцтва НАТО зь Беларусьсю як краінаю-ўдзельніцаю праграмы “Партнэрства дзеля міру”. Запрасілі шматлікіх беларускіх чыноўнікаў, паслоў дзяржаваў НАТО, былі госьці з Польшчы, Літвы, Чэхіі. І тут за паўгадзіны да адкрыцьця канфэрэнцыі ўладальнікі залі на Кастрычніцкай вуліцы ў Менску гавораць мне, што быў званок, каб не даваць памяшканьня для правядзеньня канфэрэнцыі. Гэта для мяне быў проста шок...”

(Караткевіч: ) “Марыюш, што для Вас галоўны вынік дыпляматычнай працы? Што гэта – рэпутацыя ў той краіне, дзе працавалі, рэпутацыя і далейшая рэалізацыя ў сваёй краіне ці, можа, магчымасьць напісаць цікавыя мэмуары? Як Вы ацэньваеце сваю рэалізацыю як дыплямата ў Беларусі?”

(Машкевіч: ) “Каб пісаць мэмуары, здаецца, я яшчэ занадта малады. Дыплямат задаволены тады, калі ў краіне, дзе ён працаваў, у яго ёсьць сябры. За час, што я працаваў у Беларусі, я змог акружыць сябе шматлікімі сябрамі. Калі праз год, два, тры аказваецца, што гэтыя людзі падтрымліваюць з табою кантакты, гэта вельмі прыемна. Бачыш, што ў Беларусі ў цябе не была проста такая чыноўніцкая праца.

У Польшчы ёсьць розныя канцэпцыі ўсходняй палітыкі. Я заўсёды змагаўся за тое, каб у польскіх палітыкаў было перакананьне, што Беларусь – гэта ня толькі палякі ў Беларусі. Мяне нават вінавацілі, што я не прадстаўляю інтарэсаў польскай нацыі ў Беларусі. Я тлумачыў гэтым палітыкам, што польская супольнасьць у Беларусі – гэта частка беларускай супольнасьці, што гэта беларускія грамадзяне, у якіх свая краіна – Беларусь. І трэба іх падтрымліваць у спробах дэмакратызаваць гэтую краіну.

І цяпер, праз тры гады пасьля таго, як я скончыў працу амбасадарам у Беларусі, я бачу, што мае аргумэнты ўсё часьцей знаходзяць разуменьне. Людзі ў Польшчы – і ў міністэрскіх кабінэтах, і ў мэдыях – прызнаюць, што я меў рацыю.

Трэба падтрымліваць дэмакратыю, падтрымліваць беларускасьць у Беларусі, падтрымліваць беларускія каштоўнасьці, каб дэмакратычная Беларусь стала надзейным партнэрам Польшчы”.
XS
SM
MD
LG