Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Лукашэнка на Брайтан-біч (фотарэпартаж)


Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк Нью-ёрскі фотарэпартаж: журналіст “Свабоды” перад паліцыянтамі, А. Лукашэнка на Брайтан-біч, пацалунак стагодзьдзя і выдавецкія пляны Зянона.

У час, калі ў Беларусі ідзе барацьба за ўраджай, у Нью-Ёрку разгортваецца прэвэнтыўнае змаганьне з тэрарызмам. На ўваходзе на станцыю “42-я вуліца”, лінія В, журналіст беларускай службы Радыё Свабода быў спынены паліцыянтамі.

Яму было ветліва, але настойліва прапанавана прад’явіць для дагляду торбу на прадмет наяўнасьці ў ёй рэчываў, якія могуць уяўляць небясьпеку для грамадзтва (дынаміт, тратыл, гексаген, лёгкія і цяжкія наркотыкі). Матэрыялы, якія закранаюць гонар і годнасьць 43-га прэзыдэнта ЗША, роўна як і першага прэзыдэнта РБ, паліцыянтаў не цікавілі. Спробы апэляваць да амэрыканскага заканадаўства, якое не дазваляе ператрус без санкцыі судзьдзі, посьпеху ня мелі, і...

Navumczyk in New York City

Насамрэч, нічога гэтага не было. Некалькі разоў праходзячы праз патрулі ў касьцюме з гальштукам і не выклікаючы ніякай цікавасьці, я вырашыў зьмяніць вопратку на больш дэмакратычную – але і гэта не справакавала паліцыянтаў. “А мы вас не падазраём” – патлумачыў сэржант. Праўда, потым усё ж папрасіў падначаленых прадэманстраваць, як бы яны, пры неабходнасьці, правяралі маю сумку, і ахвотна пагадзіўся сфатаграфаваць гэтую сцэнку маім фотаапаратам.

Navumczyk in New York City

А каго наагул павінны правяраць паліцыянты? Гэтым зацікавіўся дэпутат Асамблеі штату Нью-Ёрк Даў Гайкінд. Сярод тых, каго правяраюць, можа апынуцца і 75-гадовая бабулька-каталічка, і турыст зь Нямеччыны, і маладая маці-бляндынка з Арызоны і... Дэпутат Гайкінд прапанаваў ўжыць прынцып “расавага прафіляваньня”. Гэта значыць, сканцэнтраваць ўвагу, пераважна, на асобах арабскай зьнешнасьці мужчынскага полу ад 20 да 35 гадоў – паколькі сярод выканаўцаў тэрактаў у Нью-Ёрку, Мадрыдзе, Лёндане і іншых гарадох не было ні бабуляк англасаксонскага паходжаньня, ні нямецкіх турыстаў, ні маладых бляндынак, а былі менавіта маладыя мужчыны арабскага паходжаньня. Аднак гэтая прапанова сустрэла рэзкія пярэчаньні ня толькі праваабарончых арганізацыяў, але і ўсіх чатырох прэтэндэнтаў на пасаду мэра, і начальніка паліцыі Нью-Ёрку, якія ўбачылі ў гэтым прыкмету расавай дыскрымінацыі. Як ні дзіўна, прапанову Гайкінда падтрымаў мусульманін Адыція Махараджан, які заявіў, што калі гэта дапаможа адчуваць сябе ў бясьпецы – асабіста ён гатовы падвяргацца праверкам.

Navumczyk in New York City

Як сказаў некалі Станіслаў Шушкевіч, няблага апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы. Асабліва калі хочаш патрапіць у гісторыю – дададзім мы да словаў падпісанта Віскулёўскага пагадненьня. Эдзіта Шэйн у свой час менавіта там і апынулася – 14 жніўня 1945 году, на Таймс сквэр, праз некалькі хвілінаў пасьля абвяшчэньня капітуляцыі Японіі і завяршэньня Другой усясьветнай вайны. Менавіта тады маладзенькую мэдсястру з мангэтанскага шпіталю пацалаваў невядомы марак-дэмбэль, што і пасьпеў зафіксаваць фатограф. Гэты здымак лічыцца адным з найбольш выдатных ва ўсясьветнай фотажурналістыцы, а для мільёнаў амэрыканцаў менавіта гэты здымак з пацалункам візуальна асацыюецца з завяршэньнем вайны. 11 жніўня 2005 году – праз 60 гадоў – на тым самым месцы на Таймс сквэр усталяваная скульптура з выявай гістарычнага пацалунка, і на цырымонію прыйшла сама гераіня легендарнага фотаздымка. “Я зусім не адчуваю сябе нечым накшталт статуі Свабоды” – сьмяецца 86-гадовая Эдзіта Шэйн.

Navumczyk in New York City

Ірляндзкі бар McSorley''s Old Ale House (адкрыўся аж у 1854 годзе, вугал 7-ай вуліцы і 3-й авэню) – любімае месца ў Нью-Ёрку амэрыканскага палітыка Джона Ф. Кэнэдзі (1917-1963) і беларускага пісьменьніка Ўладзімера А. Арлова (н. 1953). Але ня танны: за маленькі кубак эйля – больш за два даляры. За такія грошы ў Празе вы можаце выпіць два літры добрага піва ў любой чэскай гасподзе – ну але, праўда, без гарантыі, што гэта будзе любімае месца аўтара “Машы і мядзьведзяў”.

Navumczyk in New York City

Пасьля ўсясьветнай прэзэнтацыі чарговай кнігі пра Гары Потэра прайшоў месяц, але вітрыны кнігарні "Barnes&Noble" на Пятай авэню ўсё яшчэ заваленыя чытвом, якое зрабіла аўтарку самай багатай пісьменьніцай за ўсю гісторыю літаратуры, пачынаючы ад Сапфо і Гамэра.

Navumczyk in New York City

А вось палітычная біяграфія Аляксандра Лукашэнкі прадстаўленая ў краме на Брайтан-біч куды больш сьціпла. Дарэчы, калі ў верасьні пэрсанаж кнігі Аляксандра Фядуты сапраўды прыляціць у Нью-Ёрк на сэсію ААН – ён ня зможа, калі нават і вельмі пажадае, наведаць ні гэтую кнігарню, ні любімы бар Джона Ф. Кэнэдзі і Ўладзімера А. Арлова, ні шмат якія іншыя прывабныя нью-ёрскія мясьціны. Маршруты кіраўнікоў краінаў, якім адмоўлена ў візе ЗША, пад час іх знаходжаньня на сэсіі абмяжоўваюцца трохкутнікам “аэрапорт-гатэль-будынак ААН” – пад пільным наглядам паліцыі.

Navumczyk in New York City

Не пабачыць Лукашэнка і вынік дзейнасьці прадстаўніцтва Беларусі ў ААН ля Ракфэлэр-цэнтру – зялёна-чырвоны сьцяг Рэспублікі Беларусь ў атачэньні сьцягоў усіх іншых краінаў сьвету. Праўда, павесілі лукашэнкаўскі сьцяг на водшыбе. А зусім яшчэ нядаўна, нягледзячы на вынікі “рэфэрэндуму” 1995 года, тут лунаў бел-чырвона-белы сьцяг – аж пакуль менскія дыпляматы не закідалі мэнэджэмэнт Ракфэлер-цэнтру лістамі пратэсту... Трэба меркаваць, пасьля перамогі дэмакратыі дыпляматы будуць сьцьвярджаць, што прадстаўлялі ў Амэрыцы не рэжым, а Беларусь.

Navumczyk in New York City

Зянон – менавіта гэтак падпісвае свае паэтычныя творы аўтар “Глорыі Патрыі” – нядаўна выдаў у Нью-Ёрку новую паэму “Вялікае Княства”. Наклад – 160 асобнікаў – з аўтографам аўтара раздадзены сябрам ды знаёмым. Твор друкуе менскі часопіс “Дзеяслоў” у 17 і 18 нумарах.

Сам жа Зянон гэтымі днямі скончыў падрыхтоўку асобнай кніжкі, куды ўвойдзе паэма, вершы апошніх гадоў і некалькі дзясяткаў фотаздымкаў, зробленых Зянонам амаль за паўстагодзьдзя – з 1958 па 2005 гады. Прадмову да кнігі напісаў Рыгор Барадулін, пасьляслоўе – аўтар гэтага рэпартажу.
XS
SM
MD
LG