Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуша Гавіна асудзілі яшчэ на 15 сутак арышту


Міхал Карневіч, Горадня Тадэвуш Гавін, першы старшыня Саюзу палякаў, які цяпер адбывае пакараньне ў Гарадзенскім спэцпрымальніку, асуджаны сёньня яшчэ на 15 сутак арышту. Судзьдзя Зінаіда Барцэвіч прызнала яго вінаватым ва ўчыненьні ў камэры бойкі з сукамэрнікам Малішэўскім. З 17 жніўня Тадэвуш Гавін пачне адлічваць у спэцпрымальніку яшчэ адзін тэрмін – 15 сутак.

Інцыдэнт паміж Гавіным і ягоным сукамэрнікам Малішэўскім здарыўся 11 жніўня. Суд у сувязі з інцыдэнтам пачаўся ўжо ўчора, але Гавін запатрабаваў адваката і разгляд справы перанесьлі на сёньня. Малішэўскага асудзілі ўчора на 15 сутак.

Як апавядаў Тадэвуш Гавін у судзе, раніцай аднаго з сукамэрнікаў адправілі на працу, і ён застаўся з Малішэўскім, які быў асуджаны за дробнае хуліганства. Гавін хацеў адпачыць, але сукамэрнік пачаў да яго агрэсіўна чапляцца, даводзіў, што Гавін, маўляў, нешта супраць яго мае. Па словах Гавіна, ён адразу адчуў небясьпеку правакацыі і хацеў пастукаць у дзьверы, але Малішэўскі схапіў яго за шыю і пачаў душыць.

Малішэўскі ў судзе паказаў, што паспрачаўся з Гавіным на палітычнай глебе: нібыта той дрэнна казаў пра ўладу і пра Лукашэнку.

У міліцэйскім пратаколе запісана, што дзяжурны пачуў, як з камэры даносілася лаянка абодвух пакараных. Ён адчыніў дзьверы і ўбачыў, што яны разьвязалі бойку і гэтым самым парушылі грамадзкі парадак.

Судзьдзя Зінаіда Барцэвіч паверыла міліцэйскаму ахоўніку і ў выніку, нягледзячы на намаганьні адваката Ўладзімера Кісялевіча, вынесла вырак – 15 сутак арышту. Тэрмін пачне адлічвацца з 17 жніўня. Да гэтага часу Гавін адбывае таксама 15-суткавы арышт за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі побач з Домам польскім падчас наведваньня Горадні віцэ-маршалкам Сэйму Польшчы Дональдам Тускам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG