Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Лагойскам спраўляюцца з пасьледкамі стыхіі самастойна


Міхал Стэльмак, Менск На Лагойшчыне ўсё яшчэ застаюцца не зьліквідаванымі наступствы нядаўняга ўрагану. Жыхары многіх вёсак працягваюць жыць без электрычнасьці й сувязі. Лагойшчына лічыцца адным з найбольш пацярпелых рэгіёнаў. Гэтаму паспрыяла ейнае геаграфічнае становішча: большасьць тутэйшых паселішчаў месьцяцца на ўзвышшы: тут было дзе разгуляцца ўраганнаму ветру.

Гаворыць жыхар вёскі Сьліжына Генадзь Цынкевіч:

(Цынкевіч: ) “Тут ідзе беларускі хрыбет. Водападзел. Там упадае ў Балтыку, а там у Чорнае мора ўпадае. Калі падняцца на гэты хрыбет, — адтуль усё відаць”.

Спадар Цынкевіч, якому 78 гадоў, не памятае ў сваім жыцьці падобнай стыхіі. Гэткай жа думкі й пэнсіянэр зь вёскі Малыя Янушкавічы Васіль Марцынкевіч:

(Марцынкевіч: ) “Паабрывала ўсё на сьвеце. Паламала. Жахліва. Ня дай Бог бачыць боле такое. А там у лесе шмат бяроз паклала. Вось няшчасьце. Во сіла. А ўчора я хадзіў у лес, дык там ёлкі, як дахі стаяць. Алешкі, асіны... Столькі паглуміла лесу”.

Аляксандар Лукашэнка, як вядома, распарадзіўся да вечара 11-га жніўня зьліквідаваць наступствы ўрагану. Старшыня выканкаму Гайнаўскага сельсавету Аляксандар Шарэйка цьвердзіць, што тут гэтае даручэньне выканана:

(Шарэйка: ) “Я аб’ехаў усё пасьля гэтага ўрагану, у кожнай вёсцы пабыў. Пазрывала у некаторых жыхароў дахі на хлявох, крытых рубэроідам. Але будынкі цэлыя. Дрэваў наламала”.

Між тым, апроч зламаных дрэваў, пасьля ўрагану застаюцца й іншыя праблемы — скардзяцца вяскоўцы. Прыкладам, у шмат якіх вёсках — у Сьліжыне, Саўдзенявічах, Вялікіх Бесядах, Харужанцах — няма дагэтуль электрычнасьці.

(Равяка: ) “Сьвятла няма”.

(Цынкевіч: ) “Чатыры дні няма сьвятла”.

(Равяка: ) “У гэтым канцы ў Кашэўскага няма сьвятла. Там — у Левановіча. Чатыры вёскі без сьвятла. Прападаем. А Лукашэнка пра нас ня ведае”.

(Цынкевіч: ) “Тут у лясох паваляла ўсе слупы”.

(Равяка: ) “Халадзільнікі адключаны, харчаваньне псуецца. Ніхто нас не глядзіць. Мы за грошы просім шыфэру — нам не даюць. Трэба месяц чакаць, каб прывезьлі ліст шыфэру”.

(Жук: ) “…І дах той разваліцца”.

Крытычнае становішча склалася ў вёсцы Сухая Гара. Тут, паводле жыхароў, апроч адсутнасьці элетрычнасьці, стае й яшчэ ўсялякае бяды.

(Спадарыня: ) “Адзін тэлефон у вёсцы й той не працуе. У нас вунь калёнка. Я хворая. Прывезьлі нейкага майстра з Лагойску, ён сказаў, каб зачыняла. Яны нешта адтуль дасталі, а яна цячэ. А мне няма вады. Мы не жывём, а існуем”.

У вёсцы Стайкі размыла дарогу. І цяпер можна дабрацца толькі да ўскраіны паселішча. Паводле вяскоўцаў, лагойскае начальства да іх яшчэ не даехала. Яны ж стаміліся інфармаваць мясцовыя ўлады пра наступствы стыхіі. Таму дапамогі не чакаюць, а спрабуюць справіцца зь бядой самастойна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG