Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальныя меншасьці Літвы зьвярнуліся да беларускіх уладаў


Тацяна Поклад, Вільня Грамадзкія арганізацыі Літвы, якія прадстаўляюць нацыянальныя меншасьці, перадалі сёньня у амбасаду Беларусі зварот да уладаў Беларусі з заклікам спыніць дзеяньні, накіраваныя супраць Саюзу палякаў Беларусі і яго сяброў. У звароце адзначаецца, што сваімі дзеяньнямі беларускія улады парушаюць ня толькі правы нацыянальных меншасьцяў, але і саміх беларусаў.

Зварот ініцыявала грамадзкая арганізацыя “Інфорум” (“Інфармацыйная палата народаў Літвы”), у складзе якой цэнтры-прадстаўніцтвы усіх асноўных этнічных супольнасьцяў Літвы, у тым ліку беларускі, польскі, габрэйскі, расейскі, украінскі.

Гаворыць сябра рады “Інфоруму” Віталь Каракорскі:

(Каракорскі: ) “Трэба падкрэсьліць, што беларускі рэжым у дадзеным выпадку выступіў супраць польскіх арганізацыяў, а мы ведаем сталую палітыку гэтага рэжыму, якая накіраваная супраць ня толькі беларускіх арганізацыяў, але і супраць нават праяваў беларушчыны. Тое, што цяпер гэтыя дзеяньні – супраць палякаў, гэта цалкам упісваецца у кантэкст той палітыкі, якую праводзіць Лукашэнка і ягоны злачынны рэжым. Усё жывое, што працуе, што не падкантрольнае рэжыму, яны зьнішчаюць. Гэтая справа насамрэч, хаця і мае у дадзеным выпадку этнічную афарбоўку, – чарговы наступ на дэмакратыю, на рэшткі дэмакратыі у Беларусі”.

Сябра Рады “Інфоруму” патлумачыў, што грамадзкія дзеячы – прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў Літвы успрымаюць гэта як “чарговы наступ на рэшткі дэмакратыі у Беларусі”, у дадзеным выпадку “з нацыянальнай афарбоўкай”. Віталь Каракорскі адзначыў, што і для саміх падпісантаў звароту зь Літвы вельмі важная гэтая праява салідарнасьці:

(Каракорскі: ) “Мы ведаем, як Саюз палякаў функцыянуе тут у Літве. Насамрэч гэта моцная арганізацыя, вельмі аўтарытэтная. Я мяркую, Саюз палякаў у Беларусі такая самая аўтарытэтная арганізацыя. Мы вельмі добра разумеем, што павінны падтрымліваць адзін аднога – такія рэчы (падобныя да дзеяньняў уладаў Беларусі) немагчымыя тут, у Літве, але такая салідарнасьць цалкам натуральная.”

Зварот падпісалі грамадзкія арганізацыі Літвы, якія прадстаўляюць беларусаў, палякаў, габрэяў, украінцаў, татараў, караімаў, азэрбайджанцаў, іншыя нацыянальныя супольнасьці Літвы.

Раней у амбасаду Рэспублікі Беларусь у Літве быў перададзены зварот да уладаў Беларусі “Адносна абароны свабоды друку і польскай нацыянальнай меншасьці у Беларусі” ад польскіх журналістаў Літвы пасьля акцыі салідарнасьці з журналістамі польскамоўных выданьняў у Беларусі, якія церпяць ад перасьледу беларускіх уладаў. Зварот прыняў супрацоўнік амбасады, які прадставіўся дзяжурным, ніякага адказу польскія журналісты не атрымалі.
XS
SM
MD
LG