Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінпрыроды ўстрывожанае плянамі Літвы будаваць атамны магільнік


Ганна Соусь, Менск Міністэрства прыроды Беларусі выказвае занепакоенасьць магчымым будаўніцтвам у Літве сховішча адпрацаванага ядзернага паліва Ігналінскай атамнай станцыі непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю.

Паводле Літоўскага агенцтва ў справе абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі, у выпадку, калі пачнецца будаўніцтва могільніку, яно будзе весьціся ў адпаведнасьці з эўрапейскімі й міжнароднымі стандартамі бясьпекі.

У 2008 годзе ў Літве плянуецца пачаць будаўніцтва могільніку, у якім будуць захоўвацца радыяактыўныя адкіды, што застануцца пасьля закрыцьця Ігналінскай АЭС. Мяркуецца, што эксплюатацыя сховішча пачнецца ў 2012 годзе. Як паведамляюць літоўскія мэдыі, у могільніку будуць пахаваны толькі цьвёрдыя адкіды ці недаўгавечныя радыяактыўныя адкіды нізкай і сярэдняй радыяактыўнасьці. Яны будуць назапашвацца прыкладна да 2030 году, калі адбудзецца дэмантаж Ігналінскай АЭС і будзе завершана ўтылізацыя ўсіх адкідаў.

Рэакцыю беларускага боку на магчымае будаўніцтва могільніку сёньня агучыў першы намесьнік міністра аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя Васіль Падаляка.

(Падаляка: ) “Рэалізацыя згаданага праекту, на нашую думку, нясе патэнцыйную экалягічную небясьпеку для тэрыторыі й насельніцтва нашай краіны. Паводле тых зьвестак, якія мы атрымалі неафіцыйным чынам, сховішча мяркуецца разьмясьціць у вадазборы рэк Дрысьвяты, Дзісна й Заходняя Дзьвіна. Брудныя рэчывы ў выпадку, калі яны трапяць на паверхню, ці грунтовыя воды могуць перанесьціся й на тэрыторыю Беларусі”.

Вось што на гэты конт заявіў Радыё Свабода прадстаўнік Літоўскага агенцтва ў справе абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі Нэрыюс Крыдайва.

(Крыдайва: ) “Там будзе будавацца ўсё ў адпаведнасьці з эўрапейскімі стандартамі, зь міжнароднымі стандартамі бясьпекі. І гэта будзе разглядацца міжнароднымі экспэртамі. І ніхто не дазволіць будаваць, калі гэта будзе небясьпечна”.

Як патлумачыў сёньня прадстаўнік Мінпрыроды Васіль Падаляка, у адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права Беларусь ня можа супрацьстаяць будаўніцтву ў Літве сховішча адпрацаванага ядзернага паліва. Паводле спадара Падалякі, беларускі й літоўскі бакі правялі шэраг сустрэч па гэтай тэматыцы, аднак Мінпрыроды пакуль не атрымала адказу на запыт пра падаваньне праекту могільніку. Паводле літоўскага боку, гэта тлумачыцца тым, што праектныя працы яшчэ не завершаны.

Прадстаўнік Акадэміі навук Беларусі доктар тэхнічных навук Георгі Шаравараў мяркуе, што найбольш прыдатным для Беларусі было б рашэньне, калі б Літва транспартавала адпрацаванае ядравае паліва Ігналінскай АЭС у адмысловыя сховішчы на ўсход Расеі ці ў іншыя краіны, якія прапаноўваюць такія варыянты.

(Шаравараў: ) “Паводле маіх дадзеных, Украіна нешта такое таксама зьбіраецца прапанаваць Эўропе. Калі Літва ўжо мае гэтую колькасьць паліва, то трэба так яго разьмясьціць, каб была найменшая шкода і сабе, і суседзям. Не за тры-пяць кілямэтраў ад нашай мяжы, а хаця б за 100 кілямэтраў”.

Як заявіў сёньня Васіль Падаляка, Беларусь узмацніла радыяцыйны кантроль і маніторынг у зоне ўплыву Ігналінскай АЭС.

Ігналінская АЭС знаходзіцца на тэрыторыі Літвы за 30 кілямэтраў ад беларускай мяжы. Атамная станцыя будзе закрыта ў адпаведнасьці з патрабаваньнем Эўрапейскага Зьвязу. Першы блёк Ігналінскай атамнай станцыі спыніў працу паводле рашэньня літоўскага ўраду 31 сьнежня 2004 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG