Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барысаве пратэстуюць журналісты


Любоў Лунёва, Менск А палове на шостую ў Барысаве пачалася акцыя на знак падтрымкі незалежных газэт “Барысаўскія навіны” й “Курьер из Борисова”. Гэтым выданьням спачатку адмовілі распаўсюд празь дзяржаўную сетку, а потым забаранілі продаж на вуліцы. Барысаўскія апазыцыянэры патрабуюць спыніць ціск супраць недзяржаўных газэт.

На цэнтральную плошчу Барысава насупраць будынку гарвыканкаму выйшлі калектывы рэдакцый “Барысаўскіх навін” і “Курьер из Борисова”, а таксама некалькі дзясяткаў актывістаў моладзевага руху “Зубр”, Маладога Фронту, аб’яднаньня “Волат”. Яны трымалі ў руках асобнікі незалежных газэт, якія карыстаюцца попытам у жыхароў Барысава.

Газэта “Курьер из Борисова“ мае наклад 20. 000 асобнікаў і цалкам разыходзіцца. Цягам апошняга месяца газэты адмовіліся прымаць у шапіках Белсаюздруку. Больш за тое: міліцыянты забаранілі прыватным прадпрымальнікам гандляваць незалежнымі выданьнямі на вуліцы. Калектывы рэдакцый амаль штодня наведваюць суд, бо там ідзе разгляд пазоваў супраць газэт.

Каардынатар “Свабоднай Беларусі” ў Барысаве Зьміцер Бародка патлумачыў Радыё Свабода мэту вулічнай акцыі.

(Бародка: ) “Гэтая акцыя адбываецца на знак падтрымкі нашай дэмакратычнай прэсы “Барысаўскія навіны” й “Курьер из Борисова”. Мы выйшлі на плошчу з пратэстам супраць таго, што апошнім часам чыніцца ціск з боку мясцовых улад на нашу дэмакратычную прэсу. Гэта, напэўна, робіцца згодна з загадам зьверху, каб “зачысьціць” інфармацыйную прастору напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Газэты “Барысаўскія навіны” й “Курьер из Борисова” карыстаюцца вялікім попытам у насельніцтва. Мы заклікалі звычайных гараджан падтрымаць нашу акцыю”.

Нягледзячы на халоднае надвор’е й тое, што акцыя адбывалася напрыканцы працоўнага тыдня, на плошчу прыйшлі некалькі дзясяткаў грамадзян падтрымаць калектывы недзяржаўных выданьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG