Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўлу Севярынцу паведамілі, дзе ён будзе адбываць пакараньне


Браніслава Станкевіч, Віцебск Пасьля амаль трохтыднёвага чаканьня ў Першамайскай раённай крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Паўлу Севярынцу нарэшце паведамілі, дзе ён мусіць адбываць пакараньне — 2 гады “хіміі”, прысуджаныя за, нібыта, арганізацыю масавых акцый пратэсту ў Менску.

Месцам пакараньня для Паўла Севярынца будзе гарадзкі пасёлак Ветрына, што месьціцца за 20 км ад Полацку ў бок Глыбокага. Летась яму споўнілася 500 гадоў. Пасёлак невялікі, але гэта, на думку спадара Севярынца, ня ёсьць падставаю для зайздрасьці засуджанаму разам зь ім Міколу Статкевічу, які цяпер адбывае пакараньне ў дастаткова вялікім горадзе Баранавічы.

(Севярынец: ) "Усё абсалютна нармалёва! Сібіру ў Беларусі няма, пакуль саюз з Расеяй не рэалізаваны, на Калыму не сашлюць, а тут — родная зямля! Ветрына — гэта недалёка ад Полацку, так што нават калі й хацелі заперці мяне ў нейкую глухмень, то не атрымалася: я трапіў амаль што ў старажытную сталіцу. І гэта добра!"

Адзінае, што крыху засмучае Паўла Севярынца, дык гэта верагодныя праблемы з працаўладкаваньнем: Ветрына — мястэчка невялічкае, дзе няма буйных прадпрыемстваў, затое дастаткова высокі ўзровень беспрацоўя ў мясцовага насельніцтва. Але працу спадар Севярынец спадзяецца з часам знайсьці, як і новых сяброў ды аднадумцаў.

(Севярынец: ) "Наконт апазыцыйнага жыцьця ў Ветрыне я, па шчырасьці, не інфармаваны. Ведаю, што ёсьць суполка “Маладога фронту” ў Полацку. Ёсьць моцныя дэмакратычныя структуры ў Наваполацку, наколькі мне вядома. Але, па праўдзе, сябры ёсьць паўсюль!"

У спэцкамэндатуру гарадзкога пасёлку Ветрына Паўлу Севярынцу трэба прыбыць не пазьней за 15-га жніўня. Ён мяркуе пакіравацца туды ў наступны панядзелак.
XS
SM
MD
LG