Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГАТЭ заклікала Іран спыніць рэалізацыю ядзернай праграмы


Кастусь Бандарук, Прага Пасьля трох дзён дэбатаў Рада дырэктараў Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі прыняла рэзалюцыю ў пытаньні Ірану. У дакумэнце выказваецца глыбокае занепакоенасьць аднаўленьнем працэсу ўзбагачэньня ўрану. МАГАТЭ заклікала Тэгеран да поўнага спыненьня рэалізацыі ядзернай праграмы.

Пасьля таго як на мінулым тыдні Іран аднавіў прыпынены 8 месяцаў таму працэс узбагачэньня ўрану, Тэгеран і заходнія краіны абмяняліся шэрагам заяваў і перасьцярогаў. Наўзамен за поўнае спыненьне Іранам ядзернай праграмы Эўразьвяз прапаноўваў гэтай краіне эканамічную дапамогу і супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі, а ў выпадку іранскай адмовы палохаў сур’ёзнымі наступствамі, уключна зь міжнароднымі санкцыямі.

Аднак Іран адкінуў эўрапейскія прапановы і не саступіў перад ціскам з боку Захаду. З улікам гэтых фактаў рэзалюцыя кіраўніцтва Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі ў Вене падаецца надзвычай стрыманай: у ёй няма нават згадкі пра магчымасьць увядзеньня міжнародных санкцыяў супраць Ірану.

Вось што сказала прадстаўніца МАГАТЭ Мэліса Флемінг:

(Флемінг: ) “Рэзалюцыя ў пытаньні Ірану была прынятая без галасаваньня, шляхам кансэнсусу. Так, поўнага кансэнсусу. Усе 35 сяброў Рады дырэктараў згадзіліся на фармулёўку, ужытую ў тэксьце рэзалюцыі”.

Прадстаўнік Ірану ў МАГАТЭ Сырус Насэры назваў рэзалюцыю “недарэчнай”. Ён паўтарыў, што ядзерная праграма Ірану мае выключна мірныя, энэргетычныя мэты, што Тэгеран нічога ня ўтойвае. Насэры нагадаў, што МАГАТЭ кантралюе ход рэалізацыі іранскай ядзернай праграмы, і таму ня можа быць гаворкі пра нейкую пагрозу з боку Ірану.

У сваю чаргу прэзыдэнт ЗША Джордж Буш назваў рэзалюцыю МАГАТЭ “першым станоўчым крокам” у справе Ірану. Выступаючы перад журналістамі ў Кроўфардзе (штат Тэхас), Буш паўтарыў, што палітыка ягонай адміністрацыі што да атамнай праграмы Ірану не зьмянілася. Белы дом і надалей будзе падтрымліваць высілкі “вялікай тройкі”, гэта значыць Нямеччыны, Францыі і Вялікай Брытаніі, якія ад імя Эўразьвязу спрабуюць пераканаць Іран адмовіцца ад плянаў стварыць сваю ядзерную зброю.

У адпаведнасьці з пастановай МАГАТЭ, яе дырэктар Мухамад эль-Барадэй павінен прадставіць справаздачу аб выкананьні Іранам Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі. На падставе гэтай справаздачы ў пачатку верасьня ААН можа прыняць новую рэзалюцыю. У сярэдзіне верасьня ў Нью-Ёрку адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя ў пытаньні Ірану з удзелам іранскага прэзыдэнта Махмуда Ахмадзінэджада.

Тым часам са сваёй ініцыятывай у праблеме Ірану выступіла Паўднёваафрыканская Рэспубліка. Прэзыдэнт Таба Мбэкі зрабіў кампрамісную прапанову, якая дазволіць Ірану без аніякай шкоды для сябе адмовіцца ад плянаў вытворчасьці ядзернага паліва. Паўднёваафрыканская рэспубліка гатовая пастаўляць Ірану канцэнтрат урану для яго перапрацоўкі ў газ, зь якога затым можна атрымаць ядзернае паліва. Калі б такая прапанова была прынятая, у Захаду не было б падставаў хвалявацца, што Іран можа скарыстаць тэхналёгію вытворчасьці ядзернага паліва для атрыманьня ядзернай зброі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG