Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі разгортваецца антыпольская кампанія?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Падгол і галоўны рэдактар часопісу “Аrche” Валерка Булгакаў.

(Валер Карбалевіч: ) “Палітычная кампанія супраць Польшчы набірае ўсё большыя абароты. У яе ўключыліся дзяржаўныя інстытуты, дзяржаўныя СМІ, грамадзкія арганізацыі, створаныя ўладамі, — кшталту БРСМ. З Польшчы ствараецца вобраз ворага, які дзейнічае з каманды ЗША. Прычым, як і ў савецкія часы, кіраўніцтва суседняй краіны супрацьпастаўляецца польскаму народу. Зразумела, што гэтая кампанія выцякае зь лёгікі эскаляцыі палітычнага канфлікту, пачаткам якога стала сытуацыя вакол Саюзу палякаў Беларусі. Але ад беларускіх улад залежала хада далейшых падзеяў. Яны маглі альбо затушыць гэты канфлікт, альбо распальваць яго. Кіраўніцтва краіны выбрала другі варыянт. Чаму?”

(Уладзімер Падгол: ) “Вэрсія, што гэты канфлікт можа прывесьці да стану ваеннага супраціву, да праліцьця крыві, вельмі выгодная Лукашэнку. Асабліва ж — маючы на ўвазе будучыя праз год прэзыдэнцкія выбары.

Лукашэнка на нарадзе 26 ліпеня прэзэнтаваў прапагандысцкую матрыцу сучасных міжнародных зносін і месца ў ёй Беларусі. Паводле яе, ЗША імкнуцца ўзяць кантроль над Эўропаю й Расеяй, утварыць Балта-Чарнаморскі пояс ці пляцдарм, і зь яго ўплываць і на Захад, і на Ўсход. А Беларусь — зьвяно, якое ня ставіцца ў гэты пояс. І таму ЗША хоча зацягнуць тое зьвяно да Польшчы, Літвы, Украіны. А для гэтага трэба прыбраць Лукашэнку й паставіць свайго чалавека прэзыдэнтам.

І вось цяпер дзяржаўныя СМІ рэалізуюць гэтую матрыцу ў прапагандысцкай кампаніі. Так, газэта “Звязда” робіць перадрук з “Советской России” артыкулу “Польшча рыхтуецца ахвяраваць сваімі суайчыньнікамі ў інтарэсах амэрыканскай гульні”. Вось у гэтую схему й укладаецца беларуска-польскі канфлікт.

Такім чынам беларускі народ пачалі палохаць умяшаньнем, “інтэрвэнцыяй” (гэта слова ўжыў Лукашэнка), крывавымі канфліктамі, як у Нагорным Карабаху, Абхазіі, Прыднястроўі й інш. Ну, а хто абаронца? Хто гарант стабільнасьці? Ён вядомы.

Вось па такой матрыцы будзе дзейнічаць уся прапаганда. І гэта выгодна Лукашэнку. Бо не беларускія ўлады, паводле гэтай схемы, распальваюць канфлікт. Наадварот, яны выступаюць абаронцамі беларускага народу”.

(Валерка Булгакаў: ) “Я вылучаю два блёкі перадумоваў гэтага канфлікту. Першы блёк я назваў бы матэрыяльным. Рэч у тым, што Саюз палякаў Беларусі ператварыўся ў вельмі ўплывовую арганізацыю, якая, адрозна ад іншых грамадзкіх арганізацый, валодае ўнікальнаю інфраструктураю: па ўсёй краіне раскідана каля 20 так званых Дамоў польскіх. Таму пытаньне пра падкантрольнасьць гэтай арганізацыі мае вельмі важнае значэньне для перадвыбарчага палітычнага пасьянсу ў Беларусі.

Другі блёк. У Беларусі падобныя кампаніі, накіраваныя супраць уяўных унутраных ці вонкавых ворагаў, выконваюць вельмі важную палітычную функцыю. Фактычна гэта такі субстытут, які зьяўляецца заменьнікам выбараў, нармальнага выбарчага працэсу, нармальнай дэмакратыі. Менавіта гэтыя кампаніі робяць беларускую палітыку— перадусім, палітыку беларускай улады — відовішчнай. Яны дазваляюць кіраўніцтву краіны атрымліваць патрэбны палітычны дынамізм для вядзеньня бягучай палітычнай лініі.

Нарэшце, гэтыя кампаніі спрыяюць мабілізацыі лукашэнкавага электарату. Я ня схільны, усьлед за Падголам, увязваць гэтую гістэрычную кампанію з вастрынёю бягучага палітычнага моманту. Падобныя кампаніі сталі неад''емным элемэнтам палітычнага ляндшафту Беларусі з таго часу, калі выбары перасталі выконваць нармальную функцыю, калі Беларусь ператварылася з дэмакратычнай краіны ў замкнёную аўтарытарную палітычную сыстэму.

Гэта пачалося з 1995 году, зь “Дзяцей ілжы” й падобных прапагандысцкіх опусаў. Цяпер мы бачым заканамерны працяг гэтай палітычнай лініі”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Падгол, вы сказалі, што такая кампанія на карысьць беларускім уладам. Але канфлікт, здавалася б, супярэчыць ідэі стабільнасьці, пра якую ўвесь час кажуць дзяржаўныя СМІ, на якой грунтуецца ўся прапагандысцкая пабудова існуючага рэжыму”.

(Падгол: ) “Абсалютна не супярэчыць. Справа ў тым, што гэты канфлікт патрэбен цяперашняму рэжыму, каб даказаць, што Лукашэнка здольны гэтую стабільнасьць абараніць, прынесьці спакой у дамы людзей.

Акрамя таго, Лукашэнка раней заявіў, што існуюць пляны Захаду па адсячэньні заходняй Беларусі й справакаваньні крывавага канфлікту. І вось цяперашнія падзеі нейкім чынам, нібыта, нагадваюць гэты сцэнар. І Лукашэнка можа сказаць цяпер, што ён прадбачыў гэты канфлікт.

Мажліва, гэты сцэнар быў даўно распрацаваны дзеля захаваньня ўлады. На гэтым фоне можна ўвесьці і вайсковае становішча, і выбары пройдуць, як па нотах. Можна стварыць ілюзію, што апазыцыя разам з палякамі імкнецца далучыць заходнюю частку Беларусі да Польшчы. І з гэтай нагоды распачаць рэпрэсіўныя дзеяньні.

Такім чынам, спачатку папалохалі ворагамі, а потым зьявіўся герой-асілак і ўсё супакоіў. Гэта штучна ўтвораны спэктакль, вельмі дакладна, крок за крокам распрацаваная тэхналёгія, якая працуе на Лукашэнку”.

(Карбалевіч: ) “Агульнапрызнана, што адным з базавых элемэнтаў беларускай мэнтальнасьці зьяўляецца страх перад вайною. “Толькі б не было вайны” – гэта ці не галоўны лейтматыў сьвядомых і падсьвядомых думак беларусаў, асабліва людзей сталага веку, якія якраз і зьяўляюцца асноўным электаратам Лукашэнкі.

Зь іншага боку, Лукашэнка ўвесь час увязваецца ў міжнародныя канфлікты. Падчас косаўскага крызысу 1999 году ён вельмі жорстка выступіў на абарону сэрбаў супраць усяго НАТО, езьдзіў туды "выратоўваць" Мілошавіча, настойліва цягнуў Югаславію ў саюзную дзяржаву Беларусі й Расеі. Падчас вайны ЗША ў Іраку Лукашэнка выступіў на абарону Садама Хусэйна. І вось цяпер Беларусь увязалася ў палітычны канфлікт з Польшчай, на баку якой выступаюць ЗША, Эўразьвяз, краіны Балтыі, нават партнэры па СНД — Украіна й Малдова.

Чаму ж той самы электарат не баіцца ўцягваньня ў ваенны канфлікт? І рэйтынг Лукашэнкі ня толькі не падае пасьля гэтых ягоных авантурных дзеяньняў, але нават бывае, што й узрастае? Чым вы патлумачыце такі парадокс?”

(Булгакаў: ) “Усе гэтыя паездкі да Мілошавіча й акцыі "паратунку" Садама Хусэйна мелі вялікі прысмак тэатральнасьці. Яны чыніліся ў манеры, стылі “славутага” Жырыноўскага.

Сэнс, пабуджальныя прычыны, якія рухалі Лукашэнкам, палягалі ў працы на ўнутраны беларускі электарат. Гэтыя акцыі мабілізоўвалі тую частку электарату, якая мае славянафільскія, русацэнтрысцкія, антызаходнія погляды й каштоўнасьці. І гэтая тэатральнасьць атрымала някепскі палітычны эфэкт”.

(Карбалевіч: ) “А чаму лукашэнкаў электарат спакойна рэагуе на гэткія дзеяньні Лукашэнкі?”

(Булгакаў: ) “Электарат спакойна рэагуе таму, што, перадусім, гэта тэатральная дзея, а не рэальная палітыка, якая мае нейкія наступствы”.

(Карбалевіч: ) “І што, ягоны электарат разумее гэтую тэатральнасьць і не ўспрымае гэткіх дзеяньняў усур’ёз?”

(Булгакаў: ) “За 11 гадоў кіраваньня Лукашэнкі не было моманту, калі б кампанія супраць Захаду радыкальна пагоршыла ўнутраную беларускую сытуацыю. Справа не даходзіла ні да інтэрвэнцыі, ні да разрыву дыпляматычных дачыненьняў зь якой-небудзь заходняй краінай.

Зь іншага боку, гэтае ўяўленьне пра мірных памяркоўных беларусаў, якія думаюць “абы не было вайны”, насамрэч зьяўляецца ідэалістычнай канструкцыяй пэўных заангажаваных беларускіх інтэлектуалаў. Беларусы сваім абраньнем Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта паказалі, што яны не памяркоўныя, ня мірныя. І гэта спараджае вельмі спрыяльную глебу для палітычнага папулізму”.

(Падгол: ) “Электарат Лукашэнкі не аднародны. Тое, што вы кажаце, тычыцца пэнсіянэраў. І для іх існуе простая схема: ёсьць вораг — ЦРУ, НАТО, ЗША з дапамогаю Польшчы рыхтуюцца напасьці на Беларусь. А Лукашэнка бароніць беларусаў.

Ёсьць жа й іншая катэгорыя. Гэта маладзейшыя, працоўныя людзі, для якіх “чарка й шкварка” — вяршыня жыцьця, а “бітва за ўраджай” зьяўляецца падмуркам бітвы за Радзіму й за Лукашэнку. Ім цяперашняя кампанія трапляе ў самае сэрца, выклікае імкненьне паваяваць. Згадаем тэлерэпартажы з вайсковых вучэньняў некалькі месяцаў таму. Там бралі інтэрвію у мужчын гадоў 30-45, якіх паклікалі на вучэньні з запасу. І яны з захапленьнем казалі, што вось мы тут на вучэньнях пастралялі, а так хочацца пастраляць па–сапраўднаму. То бок настрой гэтай часткі лукашэнкавага электарату вельмі агрэсіўны. Для іх ён — герой, асілак, які гуртуе вакол сябе, гатовы да вайны (хоць уяўнай, тэатралізаванай) каб, тым самым, напалохаць ворага”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, беларускія ўлады з імпэтам распальваюць антыпольскую кампанію. Барацьба з ворагамі — гэта цалкам натуральнае асяродзьдзе існаваньня й сродак падтрыманьня жыцьцяздольнасьці як, увогуле, усіх недэмакратычных рэжымаў, так і, у прыватнасьці, цяперашняга палітычнага рэжыму Беларусі. Толькі раны, нанесеныя грамадзкаму арганізму й добрасуседзскім дачыненьням, не зьнікаюць, да жалю, бясьсьледна. Ксэнафобія — цяжкая хвароба, і, каб пазбавіцца ад яе, патрэбен будзе пэўны час”.
XS
SM
MD
LG