Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто адпачывае больш: амэрыканцы, заходнія эўрапейцы або беларусы?


Віталь Цыганкоў, Прага У разгар турысцкага сэзону варта задацца пытаньнем, колькі у сярэднім адпачываюць жыхары розных краінаў. У гэтым сэнсе безумоўнымі рэкардсмэнамі зьяўляцца заходнія эўрапейцы – вакацыі італьянцаў і немцаў доўжацца амаль 8 тыдняў, французаў – 7 тыдняў. У той самы час чвэрць амэрыканцаў зусім ня маюць права на аплачаны адпачынак, а тыя, хто маюць, не заўсёды зьбіраюцца яго выкарыстоўваць.

“Луі другі” – элегантны трохзоркавы гатэль у цэнтры Парыжу. Гэтыя дні, у пачатку жніўня, у самы разгар турысцкага сэзону, на гатэлі вісіць шыльда “зачынена на летні адпачынак”.

Эўрапейцы ўжо прызвычаіліся, што шмат якія ўстановы ад аптэкаў да рэстаранаў, не працуюць у жніўні. Аднак непрацуючы ў разгар сэзону гатэль – гэта пакуль ня вельмі звычайная зьява, і лішні раз даказвае, зь якім піетэтам эўрапейцы ставяцца да сваіх вакацыяў.

Калі вы пройдзецеся па пустынных вуліцах гарадоў у паўночнай Эўропе у гэтыя дні, цяжка ўявіць, што калісьці жнівень быў такім самым месяцам, як любы іншы. “Аплачаны летні адпачынак – зьява гістарычна адносна новая, народжаная ў 1913 годзе”, – кажа Майкл Губерман, спэцыяліст у эканамічнай гісторыі Манрэальскага ўнівэрсытэту. Да гэтага, правіла было простае – калі вы не працуеце, вы не атрымліваеце плату.

Цікава, што першыя аплачаныя адпачынкі былі ўведзеныя ў СССР у 1930-я гады. Потым пад уплывам левых палітычных сілаў гэта распаўсюдзілася па ўсёй заходняй Эўропе. Напачатку рабочыя адваёўвалі права на адзін альбо два тыдня аплачанага адпачынку.

Сёньня, усе эўрапейскія краіны маюць законы, якія патрабуюць ад кампаніяў падстаўляць супрацоўнікам ад чатырох тыдняў (як у Бэльгіі, Брытаніі, Нямеччыне і Італіі) да пяці тыдняў (як у Аўстрыі, Даніі, Францыі і Швэцыі) аплачанага адпачынку. Але на самой справе час вакацыяў нашмат даўжэйшы дзякуючы калектыўным пагадненьням паміж прафсаюзамі і наймальнікамі. Калі падлічылі рэальны час вакацыяў, то высьвятляецца, што італьянцы і немцы адпачываюць амаль 8 тыдняў, французы 7 тыдняў.

Выразным кантрастам з гэтым ёсьць ЗША і Аўстралія, адзіны краіны сярод высокаразьвітых дзяржаваў, дзе няма заканадаўча вызначанага мінімуму адпачынку. У ЗША, 23% рабочых прыватнага сэктару ня маюць права на аплачаныя працадаўцамі вакацыі. Тыя ж працаўнікі, у якіх ёсьць такую магчымасьць, маюць у сярэднім толькі 9 аплачаных дзён. Паводле законаў ЗША, працадаўцы таксама не абавязаныя аплачваць бальнічныя і працу ў нацыянальныя сьвяты.

“У Эўропе, існуе разуменьне, што вакацыі – гэта інвэстыцыі ў супрацоўнікаў, у іхняе здароўе. У ЗША такой традыцыі не існуе,” – кажа Лоні Голдэн, спэцыяліст у пытаньняў працы Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту. Эканамісты спрабуюць знайсьці тлумачэньні, чаму амэрыканцы і эўрапейцы настолькі глыбока адрозныя ў гэтым пытаньні. Адны кажуць, што высокія падаткі ў Эўропе прымушаюць працаўнікоў патрабаваць больш выходных дзён, паколькі ў выпадку падвышэньня заробку ён будзе абкладацца ўсё большымі падаткамі. Іншыя зьвяртаюць увагу на традыцыйна моцныя пазыцыі эўрапейскіх прафсаюзаў. Выглядае, аднак, справа ў тым, што адпачываць ад працы – гэта ня тое, што адпавядае амэрыканскаму мэнталітэту. Паводле аднаго з нядаўніх апытаньняў, з амэрыканцаў, якія маюць аплачаныя вакацыі, толькі 36 працэнтаў сказалі, што зьбіраюцца выкарыстаць увесь свой адпачынак.

***

Паводле Працоўнага кодэксу працягласьць асноўнага мінімальнага адпачынку ў Беларусі складае 21 дзень. Заканадаўства ўсталёўвае асноўны падоўжаны адпачынак для шэрагу катэгорыяў супрацоўнікаў: для навукоўцаў, выкладчыкаў, настаўнікаў – ад 28 да 56 дзён, для выхавацелек дзіцячых садкоў – 42 дні, для супрацоўнікаў-інвалідаў – 28 дзён. Існуюць дадатковыя адпачынкі для супрацоўнікаў, якія працуюць у шкодных умовах вытворчасьці – ад 7 да 41 дня, супрацоўнікі з ненармаваным працоўным днём атрымліваюць дадаткова да 14 дзён адпачынку.

Гл. таксама • Апытаньне "Свабоды": дзе і як вы правялі адпачынак?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG