Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне "Свабоды": дзе і як вы правялі адпачынак?


Іна Студзінская, Менск Як беларусы адпачываюць? Дзе праводзяць адпачынак? Ці зьдзейсьніліся іхныя пляны? Колькі наагул трэба адпачываць, каб аднавіць сілу?

(Карэспандэнтка: ) “Ці зьдзейсьніліся вашы пляны на адпачынак?”

(Спадар: ) “Не, я яшчэ не адпачываў. Зьбіраюся на Браслаўскія азёры”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі чалавеку трэба адпачываць, каб аднавіць сілу?”

(Спадар: ) “Тыдні тры-чатыры, каля месяца”.

(Спадар: ) “Я не адпачываю, працую. Няма часу адпачываць”.

(Дзяўчына: ) “Можна сказаць, што мае мары зьдзейсьніліся, адпачынак быў, правяла яго добра”.

(Карэспандэнтка: ) “А дзе вы адпачывалі?”

(Дзяўчына: ) “Тут, у Менску”.

(Карэспандэнтка: ) “А колькі чалавеку трэба адпачываць, каб сілу аднавіць?”

(Дзяўчына: ) “Гэта, канечне, індывідуальна. Мне хацелася б месяц, а лепш — два”.

(Спадарыня: ) “Я яшчэ не адпачывала, але зьбіраюся ў лістападзе ў Эгіпэт”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі чалавеку трэба адпачываць, каб набрацца сілы?”

(Спадарыня: ) “Калі гэта жанчына, яна павінна адпачываць палову году”.

(Дзяўчына: ) “Я адпачывала ў Малайзіі. Гэта быў вельмі раптоўны адпачынак, ён заняў дзён 5, ня ўсё рэалізавалася, што плянавалася”.

(Карэспандэнтка: ) “А колькі, вы лічыце, трэба адпачываць?”

(Дзяўчына: ) “Адпачынак з ад’ездам, паляжаць на пляжыку — я думаю, тыдні тры раз за паўгоду”.

(Спадарыня: ) “У мяне прайшоў ужо адпачынак, была на вёсцы, у мяне ёсьць невялікая хата пад Івянцом, вельмі прыгожыя мясьціны. Адпачываць, я думаю, трэба месяцы два, каб адпачыць і фізычна, і маральна”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ўдаецца па два месяцы адпачываць?”

(Спадарыня: ) “Не, не атрымоўваецца. Тым больш, што я працую бухгальтарам, і свой адпачынак бяру на два этапы”.

(Спадар: ) “Я не адпачываў яшчэ. Не даюць адпачынку, вельмі шмат працы”.

(Карэспандэнтка: ) “А як зазвычай праводзіце адпачынак?”

(Спадар: ) “Еду ў вёску, альбо з намётам у лес на тыдзень. Але сёлета ў мяне не выходзіць”.

(Спадарыня:) “У адпачынку я была, езьдзіла ў Крым, у Маскву, хачу яшчэ ў Кіеў зьезьдзіць”.

(Карэспандэнтка: ) “А колькі чалавеку трэба адпачываць, каб набрацца сілы?”

(Спадарыня: ) “Ведаеце, усё залежыць ад таго, якая праца. Ой, шчыра кажучы, ад папярэдняй працы я адыходжу амаль год. Але цяпер, бадай, ўсё! З новаю сілаю гатова ісьці ў бой!”

(Карэспандэнтка: ) “Ці зьдзейсьніліся вашы пляны на адпачынак?”

(Спадар: ) “Абсалютна не, я не адпачываў. Рамонт кватэры рабіў”.
XS
SM
MD
LG