Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі цэнтраў “Экамэдсэрвіс” і “Нардзін” шукаюць працу


Ігар Карней, Менск Амаль паўтысячы супрацоўнікаў закрытых на рашэньне Міністэрства аховы здароўя мэдычных цэнтраў “Экамэдсэрвіс” і “Нардзін” маюць праблемы з уладкаваньнем на працу. І калі некаторыя высокакваліфікаваныя лекары, якія сумяшчалі працу, вернуцца ў дзяржаўныя клінікі, то малодшы пэрсанал рыхтуецца да звальненьня. У менскіх агенцтвах працаўладкаваньня адзначаюць масавыя звароты былых супрацоўнікаў “Экамэдсэрвісу” і “Нардзіну”.

У штатах самых вялікіх недзяржаўных мэдычных цэнтраў – “Экамэдсэрвісу” і “Нардзіну” – значылася болей чым па 200 супрацоўнікаў. Яшчэ па некалькі дзясяткаў чалавек працавалі па дамовах – іншымі словамі, ня поўны дзень. Пасьля рашэньня Міністэрства аховы здароўя адклікаць ліцэнзіі на дзейнасьць згаданых цэнтраў практычна ўсе супрацоўнікі ў адзін момант сталі беспрацоўнымі. У менскім агенцтве працаўладкаваньня “Анёл” кажуць, што апошнімі днямі тэлефон не змаўкае – былыя работнікі цэнтраў просяць уладкаваць іх нянькамі, выхавацелькамі, гувэрнанткамі. Расказвае супрацоўніца агенцтва Анжэла Багдановіч:

(Багдановіч: ) “Апошнім часам вельмі актыўна пачалі тэлефанаваць у агенцтва былыя супрацоўнікі мэдычных цэнтраў “Экамэдсэрвіс” і “Нардзін”. Просьба адна – дапамагчы працаўладкавацца. Ня ведаю нават, звольнілі іх ці яны толькі чакаюць звальненьня, але факт, што людзі ўжо шукаюць нейкай іншай працы. І калі мы абмяркоўваем зь імі, маўляў, можа, ня трэба сьпяшацца, можа, яшчэ ёсьць шанец вярнуцца на ранейшую працу, то людзі ставяцца вельмі пэсымістычна да такой магчымасьці”.

Яшчэ ў адной фірме працаўладкаваньня сказалі, што канчатковых вэрдыктаў супрацоўнікі “Экамэдсэрвісу” і “Нардзіну” чакаюць да 25 жніўня. Менавіта гэты тэрмін акрэсьлены Міністэрствам аховы здароўя для падрыхтоўкі дакумэнтаў аб спыненьні дзейнасьці цэнтраў.

(Супрацоўніца агенцтва: ) “Пакуль што ніхто ня можа канкрэтна сказаць, якім будзе гэтае рашэньне. Праўда, мэдычныя сёстры ні на што асабліва не спадзяюцца, а адна лекарка, якая цікавілася нашымі прапановамі, сказала, што будзе чакаць 25 жніўня. А другая тэлефанавала, ёй 19 гадоў, яна мэдсястра, казала, што рыхтуецца да таго, што яе звольняць. Але ўсе чакаюць 25 жніўня”.

Міністэрства аховы здароўя ад праблемы беспрацоўнага пэрсаналу зачыненых мэдцэнтраў дыстанцыявалася. Прынамсі, нейкіх варыянтаў работы супрацоўнікам ніхто не прапаноўваў. А прадстаўнік міністэрства Алег Матусевіч доўга ня мог зразумець, пра якую альтэрнатыву ў працаўладкаваньні супрацоўнікаў “Экамэдсэрісу” і “Нардзіну” я пытаюся.

(Матусэвіч: ) “Каго менавіта Вы маеце на ўвазе?”

(Карэспандэнт: ) “Пэрсанал закрытых мэдцэнтраў”.

(Матусэвіч: ) “Ня ведаю, абсалютна ня ў курсе. Але ведаю, што добрая палова пэрсаналу сумяшчала працу, яны там не працавалі на поўную стаўку, працавалі ў дзяржаўных клініках. Але ў тонкасьцях сытуацыі я не разьбіраўся”.

Рашэньне спыніць дзейнасьць мэдычных цэнтраў “Экамэдсэрвіс” і “Нардзін” было прынятае Міністэрствам аховы здароўя на падставе вынікаў комплекснай праверкі. Галоўнымі прычынамі закрыцьця цэнтраў названыя адсутнасьць належнай кваліфікацыі ў некаторых спэцыялістаў і парушэньне дэкрэту аб ліцэнзаваньні.

* * * Міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка, выступаючы 29 чэрвеня перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, заявіла: “Прыватная мэдыцына павінна ўступаць у роўную канкурэнцыю з мэдыцынай дзяржаўнай. Усе нашыя захады накіраваныя толькі на тое, каб прыватная мэдыцына разьвівалася”.

На наступны дзень пасьля гэтага выступу была адкліканая ліцэнзія “Нардзіну”, а 1 ліпеня Вярхоўны суд пачаў разгляд касацыйнай скаргі “Экамэдсэрвісу” на аналягічныя захады з боку галіновага міністэрства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG