Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьбіраюцца будаваць гіганцкія сьвінагадоўчыя комплексы


Юлія Шарова, Менск У Беларусі хочуць пабудаваць два новыя гіганцкія сьвінагадоўчыя комплексы, абодва ў Гарадзенскай вобласьці, зусім побач зь Літвой. Гэта будуць найбольшыя ў Эўропе гаспадаркі такога профілю – кожная разьлічаная на ўтрыманьне 108 тысяч галоў быдла. Эколягі лічаць гэтую ідэю хібнай, бо гіганцкія жывёлагадоўчыя гаспадаркі становяць небясьпеку для навакольнага асяродзьдзя.

Міністэрства сельскай гаспадаркі кіруецца двума галоўнымі матывамі. Першы якраз экалягічны: трэба зачыняць Барысаўскі сьвінагадоўчы комплекс. Ён працуе 26 гадоў, а павінен быў толькі 10. Сытуацыя на гэтым комплексе стала вельмі небясьпечнай: патагенная мікрафлёра пайшла на глыбіню, большую за тры мэтры, нават у бэтон. Гаспадарку трэба зачыніць. Другі матыў – эканамічны: трэба павялічваць экспарт сьвініны ў Расею, трэба забясьпечваць мясам айчынныя мясакамбінаты, якія апошнім часам завозяць больш танную сьвініну з Польшчы. Прынамсі, гэтымі развагамі прадстаўнікі міністэрства падзяліліся з агенцтвам “Інтэрфакс”.

У Беларусі на сёньня працуюць тры гіганцкія сьвінакомплексы – памянёны Барысаўскі, а таксама гаспадаркі ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцёх. Усяго ў краіне 107 гаспадарак такога профілю, 46 зь якіх разьлічаныя на ўтрыманьне 24 тысячы галоў быдла кожная. Шмат гаспадарак працуюць доўга, іх трэба мадэрнізаваць. Што да неабходнасьці пабудаваць комплексы менавіта на Гарадзеншчыне, то ўрадавыя спэцыялісты кажуць: гэта рэгіён, дзе найзручней вырошчваць усе патрэбныя кармы для жывёлы.

Былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, камэнтуючы гэтыя пляны, адзначыў прыбытковы характар сьвінагадоўлі. Паводле яго словаў, новыя комплексы варта адчыняць.

(Лявонаў: ) “На сьвініну цяпер устанавіліся высокія цэны ўва ўсім сьвеце, і будаваць гэтыя комплексы выгадна. Іх будуюць розныя краіны ў Эўропе, Расея. І з гэтым пытаньнем Беларусь крыху спазьнілася, гэта абсалютна слушна”.

Разам з тым, кажа спадар Лявонаў, перш чым ажыцьцявіць такія праекты, трэба правесьці сур’ёзную экалягічную экспэртызу, каб яе рабілі ня толькі беларускія спэцыялісты, але й літоўскія, бо гіганцкія сьвінагадоўчыя комплексы адчыняць зусім побач зь Літвой. Таксама Васіль Лявонаў кажа, што комплекс на 108 тысяч галоў быдла – гэта завялікая гаспадарка. Яна запатрабуе вельмі шмат грошай, шмат сучасных тэхналёгіяў і пры гэтым можа нанесьці шкоду навакольнаму асяродзьдзю.

На думку эколяга Юр’я Шырокава, два вялікія сьвінакомплексы могуць стаць бомбай запаволенага дзеяньня, ня меншай за могільнік радыяактыўных адкідаў, які хочуць пабудаваць літоўцы блізу беларускай мяжы.

(Шырокаў: ) “Сьвінагадоўчыя комплексы, калі там больш за 100 тысяч галоў, паказалі сваю стратнасьць і хібнасьць самой ідэі. Я, шчыра кажучы, зьдзіўлены, што нехта плянуе яшчэ раз наступіць на тыя ж граблі, на якія ў Беларусі наступалі неаднойчы”.

Гіганцкія сьвінакомплексы патрабуюць вялікіх транспартных выдаткаў – на вываз гною. Гаспадарка на тысячу галоў быдла цалкам “забясьпечвае” гноем палеткі ў радыюсе 20 кілямэтраў. Гною з адной 100-тысячнай гаспадаркі, такім чынам, хопіць на ўсю краіну. Зразумела, што цалкам утылізаваць усе адкіды будзе цяжка, разважае Юры Шырокаў.

Публіцыст Анатоль Казловіч лічыць, што адмаўляць гэтую ідэю ня варта – усё ж гіганцкія жывёлагадоўчыя комплексы дазваляюць значна падвысіць вытворчасьць мяса. Да таго ж цяперашнія чыноўнікі зь Міністэрства сельскай гаспадаркі павінны ўлічыць няўдалы досьвед працы Барысаўскага комплексу. Паводле спадара Казловіча, ужо дзесяць гадоў таму гэтая гаспадарка была ў занядбаным стане, бо зрабілі яе няправільна.

(Казловіч: ) “Не было збудаваньняў, якія гарантавалі б ачышчэньне сьцёкаў. Тыя збудаваньні, што паставілі там, былі неэфэктыўныя. Магутнасьць іх была не разьлічаная на тую колькасьць галоў, што там гадаваліся, у гэтым комплексе. Так, для праформы зрабілі нешта, зэканомілі грошы, адрапартавалі – і ўсё. Галоўнае, каб больш даць мяса”.

Вёска Гожа знаходзіцца ў Гарадзенскім раёне і стаіць якраз непадалёк ад ракі Нёман, а Нёман, як вядома, цячэ ў бок Балтыйскага мора, празь Літву. Ад вёскі Кемілішкі, што ў Астравецкім раёне, да літоўскай мяжы кілямэтраў 10 –15.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG