Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд друку: “Народная воля” піша пра палкоўніка Паўлічэнку


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку за 12 жніўня.

“Народная воля” ў сёньняшнім нумары друкуе матэрыял пра палкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнку, які фігуруе ў сьпісе асобаў, падазраваных у прычыннасьці да зьнікненьня Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Карэспандэнтка газэты Марына Коктыш днямі паспрабавала ўзяць інтэрвію ў цяперашняга камандзіра спэцыяльнай вайсковай часткі, аднак той адмовіўся. Пры гэтым палкоўнік загадкава вымавіў: “Пакуль што ня час”.

“Народная воля” таксама зьмяшчае матэрыялы аб праблеме алькагалізму ў Беларусі, інфармуе пра затрыманьне супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту, якія падазраюцца ў хабарніцтве.

“Белорусская деловая газета” ў сёньняшнім нумары расказвае пра надзённы клопат Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які аднаўляе цяпер дзейнасьць у Вільні. Дэкан ЭГУ Рыгор Міненкаў паведаміў журналістам, што адноўлены ўнівэрсытэт працягне менскія традыцыі, будзе фармаваць студэнтаў як заўтрашніх пасярэднікаў у дачыненьнях паміж Беларусьсю і іншымі эўрапейскімі дзяржавамі.

“БДГ” таксама аналізуе цяперашняе абвастрэньне беларуска-польскіх дачыненьняў, канфліктную сытуацыю вакол “Джэм-Банку”.

Выдаваная ў Лунінцы газэта “Информ-прогулка” паведамляе пра складанасьці, што напаткалі мясцовую матабольную каманду “Юна”, удзельніцу чэмпіянату Беларусі. Лунінец вядомы сваімі матабольнымі традыцыямі, тамтэйшыя спартоўцы летась прычыніліся да таго, каб Беларусь стала чэмпіёнам Эўропы. Аднак сёлета ў аднаго з найлепшых беларускіх клюбаў шмат праблемаў. У прыватнасьці, моладзевы склад каманды не выступае ў спаборніцтвах праз адсутнасьць фінансаваньня. Калі сытуацыя захаваецца, то літаральна праз два гады матабол у Лунінцы занепадзе, прагназуе “Информ-прогулка”.
XS
SM
MD
LG