Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рабі. Сябе. Сам. – 2: ЭКШН!”


Іна Студзінская, Менск Ад сёньняшняга дня на беларускіх тэлеканалах стартуе цалкам інавацыйны TV-прадукт, зроблены па канонах навамоднага ўва ўсім сьвеце так званага сацыяльнага інавацыйнага мэнэджмэнту. Пачынальнікамі ў новай і дасюль невядомай у краіне плыні сацыяльнай рэклямы (упершыню ва Ўсходняй Еўропе) сталі маладыя людзі зь Менску і Берасьця – пераможцы кампаніі “Рабі. Сябе. Сам. – 2: ЭКШН!”.

Паўгоду таму і ў Беларусі пачалося незвычайнае reality-show – моладзевая кампанія “Рабі.Сябе.Сам. – 2: ЭКШН!”, якая ўзьнікла як спалучэньне сацыяльных інавацыйных праектаў і крэатыўнай фабрыкі думкі.

Арганізатары паабяцалі ўдзельнікам: прыдумайце ідэю вясёлай акцыі, пэрформансу ці шоў, скіраваную на вырашэньне нуднай бытавой праблемы, і мы зробім вас вядомымі на ўсю краіну! Слоган кампаніі – “І сабе, і людзям”.

У акцыі ўзялі ўдзел больш за 250 маладых людзей з усёй Беларусі. На конкурс прыйшло 112 ідэяў і сцэнароў, якія маглі б вырашыць штодзённыя праблемы нестандартным шляхам празь відовішча. Аўтарытэтнае журы адабрала 6 з 112: берасьцейскую, магілёўскую і чатыры менскія.

Апавядае рэгіянальны каардынатар акцыі Багдан Арлоў:

(Арлоў: ) “У Берасьці хлопцы і дзяўчаты змагаліся супраць таго, што людзі кідаюць сьмецьце ня ў сьметніцу, а чамусьці заўсёды міма. У Магілёве змагаліся супраць мацюканьня на вуліцах. У Менску зьвярталі ўвагу на адсутнасьць веладарожак, паленьне ў грамадзкіх месцах, на праблему цяжкіх дзьвярэй у мэтро і ветлівасьці ў мэтро, а таксама адсутнасьці біяпрыбіральняў і наагул праблему прыбіральняў у вялікім горадзе. Арганізатары вырашылі ўручаць два прызы: аднаго пераможцу выбірала журы, другога – гледачы. Перамогу на рашэньне журы атрымала менская каманда “Гнуткі народ” – яны ладзілі акцыю ў мэтро. Паводле вэрсіі гледачоў, перамаглі берасьцейцы.

Такім чынам, абсалютнымі пераможцамі кампаніі “Рабі. Сабе. Сам. – 2: ЭКШН!” сталі каманда берасьцейцаў “Твая мэта – чысты горад” з акцыяй “Гаваркая сьметніца” і каманда менчукоў “Гнуткі народ” з “Мушкетэрамі ў мэтро”.

Ад сёньняшняга дня і да 19 жніўня ў прайм-тайм ролікі будуць трансьлявацца на “Перв''ым музыкальн''ым” і канале ОНТ. Аб’ём трансляцыяў дастатковы для таго, каб краіна ўбачыла маладых і актыўных, якія здолелі ператварыць вырашэньне звычайнай бытавой праблемы ў экшн. Абодва ролікі-пераможцы зробленыя паводле аднолькавай схемы: узнаўляюць правядзеньне самой акцыі ў рэжыме real-time – гэта "жывыя" кадры, водгукі сьведкаў акцыі. Атрымалася сапраўды, як сказаў Багдан Арлоў, сьцёбна і весела.

(Арлоў: ) “Вельмі шмат было цікавых ідэяў, якія патрабавалі дастаткова сур’ёзных высілкаў і магчымасьцяў фінансавых, і толькі праз гэта не маглі быць ўвасобленыя. Некаторыя людзі, чые праекты не прайшлі ў фінал, захацелі іх увасобіць, захацелі зрабіць тое, што яны прыдумалі. Гэты факт вельмі цешыць арганізатараў. Бо асноўная мэта гэтай кампаніі ў слогане: “Што рабіць з ідэяй? Проста яе трэба рабіць!” Ня трэба чакаць з мора надвор’я, трэба браць усё ў свае рукі і рабіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG