Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павел Барадзін: "Інтэграцыя ідзе па схемах Эўразьвязу"


Алесь Дашчынскі, Менск Дзяржаўны сакратар расейска-беларускага саюзу Павел Барадзін заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што ў часе апошніх сустрэч лідэраў Расеі і Беларусі было прынятае рашэньне пра разьвіцьцё саюзнай дзяржавы згодна з прынцыпам Эўрапейскага Звязу. Ці азначае гэта, што ў будаўніцтве саюзнай краіны адбываецца нейкі паварот?

Павел Барадзін патлумачыў, што эўрапейскі тып азначае адзіныя межы, адзіныя мытныя правілы, адзіныя выплатныя сродкі, вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва і адзіную нарматыўна-прававую базу, якая рэгулюе перамяшчэньне людзей, тавараў і капіталаў. Пры гэтым палітычныя рашэньні прымаюцца, калі патрабуе эканоміка. "Калі ў Савецкім Саюзе пераважала палітыка, то ў такой мадэлі пераважае эканоміка", – заявіў Павел Барадзін. Тлумачыць прэсавы сакратар саюзу Іван Макушок:

(Макушок: ) "Я вам не магу пракамэнтаваць, таму што чакаю Паўла Паўлавіча ў Сочы, я ад''ехаў у адпачынак і чакаю яго тут. Ён заўтра прылятае. Была нейкая інфармацыя ад прэзыдэнтаў, я ня ведаю. Я ня думаю, што нейкія пераломы павінны быць у саюзным будаўніцтве, мабыць, проста ўлічваецца досьвед Эўразьвязу, і нешта будзе ў канстытуцыйным акце, які будзе прымацца. Магчыма, гэта меў на ўвазе Павел Паўлавіч. Наколькі я ведаю, сказалі журналісты, маўляў, сэнсацыя – будзе не саюзная дзяржава, а саюз дзьвюх дзяржаваў".

У Менску заяву Паўла Барадзіна пра такую дамоўленасьць паміж Уладзімерам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам аспрэчваюць. Кіраўнік камісіі ў міжнародных справаў Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў цьвердзіць, нават нельга дапускаць асацыяцыяў, што Барадзін такім чынам выказвае думку расейскага кіраўніцтва.

(Папоў: ) "Наш прэзыдэнт падобных выказваньняў не рабіў. Наша пазыцыя такая, што ў нас ровень інтэграцыі па некаторых пытаньнях і кірунках значна вышэйшы, чым у Эўрапейскім Зьвязе, і ісьці за эўрапейскім узорам – гэта рабіць крокі назад".

Павел Барадзін заявіў, што эканоміка будзе пераважаць у такім саюзе над палітыкаю. Дзіўным выглядае тлумачэньне таго, чаму Расея купляе амэрыканскія кар''ерныя самаскіды, а не беларускія. Паводле Барадзіна, "БелАЗ каштуе 250 тысяч даляраў, а амэрыканскі аналяг – паўтара мільёна. Адкат з паўтара мільёна большы".

На БелАЗе цьвердзяць, што колькасьць продажу беларускіх аўтамабіляў у Расею не паменшылася, хаця не называюць лічбаў. Тлумачыць намесьнік камэрцыйнага дырэктара ў пытаньнях маркетынгу жодзінскага заводу Фёдар Савельеў:

(Савельеў: ) "Ня ведаю, чаго Барадзін так заявіў, і некарэктныя лічбы ў вас – 250 тысяч даляраў. Нашы машыны каштуюць ад 100 тысяч аж да мільёна і болей. Дык пра якую машыну ён заяўляў, я ня ведаю. Не разумею, што ён меў на ўвазе, які адкат, каму адкат, што за адкат?"

Намесьнік галоўнага дырэктара ў пытаньнях маркетынгу і збыту прадпрыемства "БелАЗкамплект" у Маскве Валер Міхневіч:

(Міхневіч: ) "Так, практыкуюць прыватныя кампаніі ў Расеі, магчыма, і ёсьць нейкія ангажаваныя людзі, якія гэтым займаюцца. Але я ня думаю, што гэта ўсюды і так. Тыя партнэры, зь якімі мы працуем, і не глядзяць на імпартную вытворчасьць, яны задаволеныя БелАЗамі, хаця ёсьць там свае праблемы і паводле якасьці, і па тэрмінах пастаўкі. Але завод цяпер працуе. Усе спажыўцы за месяц становяцца ў чаргу і чакаюць машыну".

Дык што, магчыма, Павал Барадзін дрэнна інфармаваны?

(Міхневіч: ) "Ня ведаю, можа, ён ня так выказаўся ці, можа, Вы яго ня так зразумелі".
XS
SM
MD
LG