Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабодны прафсаюз Беларускі высяляюць праз суд


Галіна Абакунчык, Менск Гаспадарчы суд Менску прыняў рашэньне пра высяленьне Свабоднага прафсаюзу Беларускага з арэндаванага ім памяшканьня. З адпаведным пазовам у суд зьвярнулася адміністрацыя ЖРЭА Партызанскага раёну Менску. Судовае паседжаньне прайшло бяз ведама й удзелу кіраўніцтва СПБ. Прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў называюць гэта адміністрацыйным ціскам на грамадзянскую супольнасьць напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Пра рашэньне аб неабходнасьці вызваленьня займанага памяшканьня стала вядома толькі праз дзень пасьля судовага паседжаньня – кажа лідэр прафсаюзу Генадзь Быкаў.

(Быкаў: ) “Сёньня мне патэлефанавалі са ЖРЭА й паведамілі, што 9 жніўня адбыўся суд па нашым высяленьні. Я кажу – як гэта так, што мы нават ня ведалі. Ну, мы фармальна ўсё выканалі, пазовы суд адпраўляў на юрыдычны адрас. А ў нас па ўсіх дакумэнтах праходзіць, што юрыдычны адрас Свабоды, 23, а ліставаньні на адрас Захарава, 24, адкуль нас і высяляюць. У ЖРЭА ўсё ведаюць і ім было лепей, як і судзьдзі, мне здаецца, каб нашых прадстаўнікоў не было”.

Выказаныя спадаром Быкавым меркаваньні пацьвердзіла сакратарка менскага гаспадарчага суду Алена Гладкова.

(Гладкова: ) “Мы накіроўвалі паперы па адрасу юрыдычнай рэгістрацыі. Але ўсе яны вярнуліся й таму справа разглядалася без удзелу адказчыка. Шукаць мы яго не абавязаныя, а таму вельмі шмат справаў менавіта так і завяршаюцца”.

Гаварыла сакратарка менскага гаспадарчага суду Алена Гладкова. Аб прычынах высяленьня незалежнага прафсаюзу, які месьціўся ў арэндаваным памяшканьні 11 гадоў, у адміністрацыі ЖРЭА Партызанскага раёну Менску дакладных тлумачэньняў ня далі. Гаворыць юрыст аб''яднаньня Уладзіслаў.

(Уладзіслаў: ) “Мне паступіў загад падрыхтаваць пазоў паводле адсутнасьці пераважнага права на заключэньне дамовы. Як, чаму – гэта да дырэктара”.

Гаварыў юрыст ЖРЭА Партызанскага раёну Менску. Дырэктар гэтага аб''яднаньня Андрэй Сідарэнка даць нейкія камэнтары адмовіўся. А вось як гэтую сытуацыю пракамэнтаваў лідэр незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч.

(Фядыніч: ) “Тое, што суд адбыўся без прадстаўнікоў Свабоднага прафсаюзу гаворыць на тое, што, відаць, паступіў загад з вышэйшых структураў зрабіць гэта хутчэй і без усялякай валакіты. Гэта крок, які робіцца да 2006 году. Пэўна, ідзе так званая “зачыстка” таксама й тых арэндаваных памяшканьняў, якія сёньня ёсьць камунальнай уласнасьцю”.

Гаварыў Генадзь Фядыніч. Старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Генадзь Быкаў, заявіў, што лічыць патрабаваньні чыноўнікаў і рашэньне суду несправядлівымі й намерваецца зьвяртацца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі.

Нагадаем, што раней прымусовае высяленьне з арэндаваных сядзібаў перажылі Партыя камуністаў Беларуская, гарадзенская суполка Беларускага народнага фронту, суполкі Таварыства беларускай мовы ў рэгіёнах і іншыя арганізацыі. Таксама з-за адсутнасьці памяшканьня й іншых прычынаў толькі апошнім часам у Беларусі былі зачыненыя каля 50 грамадзкіх арганізацыяў.
XS
SM
MD
LG