Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Добрыя вершы" для беларускіх дзяцей, без калгасаў і дажынак


Валянціна Аксак, Менск “Побач з намі на зямлі” – так называецца першы том анталёгіі беларускае дзіцячае паэзіі. У ім сабраныя вершы пра жывёльны сьвет. Кніга, у якой больш за дзьве з паловаю сотні старонак, зьмяшчае каля пяцьсот твораў, якія, на думку складальніка анталёгіі паэта Алега Мінкіна, найбольш прыгожыя, даступныя і запамінальныя для дзіцячага ўспрыманьня. З прэзэнтацыі першага тома сэрыі “Добрыя вершы” вярнулася наша карэспандэнтка.

“Бусел, бусел-клекатун, Схапіў жабу за каўтун У карыце памачыў, Па балоце валачыў…”

Гэтая трапная, вобразная і мудрая народная дзіцячая паэтычная клясыка цяпер ужо забытая амаль усімі дзядулямі ды бабулямі, а мамы і таты сучасных малечаў дык і зусім яе ня ведаюць. Як і сотні прыгожых аўтарскіх беларускіх дзіцячых вершаванак. Сабраць усё лепшае з нацыянальнае паэзіі пад вокладкі трохтомнае анталёгіі вырашылі трое неабыякавых да таго, што чытаюць беларускім дзецям бацькі і выхавальнікі, людзей. Гаворыць укладальнік анталёгіі Алег Мінкін:

(Мінкін: ) “Галоўны крытэры – гэта быў мой уласны густ. Ні якой табэлі аб рангах проста не існавала для мяне”.

У кнізе сабраныя вершы, якія сталі клясыкай дзіцячай літаратуры, аўтарства Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна, Дануты Бічэль, Ніла Гілевіча, Артура Вольскага ды іншых.

Складальнікі прынцыпова не аддалі кнігу ў дзяржаўнае выдавецтва, паведаміла кіраўнік праекта Валянціна Трыгубовіч.

(Трыгубовіч: ) “Мы адразу разьлічвалі на не дзяржаўнае выдавецтва, таму што мы хацелі, каб гэта быў праект выключна беларускі, каб у яго ня ўставілі ні калгас, ні вываз гною на палі, ні дажынкі, ні да таго падобнае. Мы хацелі, каб гэта быў беларускі сьвет у яго чыстым выглядзе”.

Анталёгія выходзіць у недзяржаўным выдавецтве “Тэхналёгія”, а фінансуе выданьне амэрыканская беларуска Ала Орса Рамана і “O.R. Cultural & Education Foundation”.

У другім томе анталёгіі будуць вершы, прысьвечаныя ўнутранаму сьвету дзіцяці і ягоным дачыненьням з дарослымі. Такую просьбу выказалі Алегу Мінкіну тыя чытачы, якія знаёмыя зь ягонай анталёгіяй яшчэ па інтэрнэтным варыянце.

(Мінкін: ) “Хочуць, каб хутчэй выйшаў том пра сьвет чалавека, дзіцяці, таму што нават па такой простай прычыне, што нашых сьвятах – Новы Год, Каляды, Купальле – хочуць чытаць беларускія вершы”.

Трэцім будзе том вершаў пра расьлінны сьвет, які акаляе беларускіх дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG