Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская кампанія плянуе палёты ў космас вакол Месяца


Кастусь Бандарук, Прага Амэрыканская прыватная кампанія “Space Adventures”, якая ўпершыню ажыцьцявіла турыстычныя паездкі ў космас на Міжнародную касьмічную станцыю, выступіла з новай ініцыятывай. Яна плянуе турыстычныя палёты ў космас вакол Месяца.

Першыя касьмічныя экскурсіі плянуюцца на 2008 год. На прэсавай канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку выканаўчы дырэктар “Space Adventures” Эрык Андэрсан паведаміў, што палёт у космас будзе каштаваць кожнаму турысту 100 мільёнаў даляраў, аднак для многіх людзей такія грошы – не праблема. Паводле Андэрсана, ужо ёсьць каля тысячы заможных людзей з ЗША, Вялікай Брытаніі і Азіі, гатовых выкласьці названую суму. “Space Adventures” хоча даказаць, што касьмічныя палёты здольныя арганізоўваць і праводзіць недзяржаўныя структуры.

(Андэрсан: ) “Space Adventures” едзе на Месяц, і гэтым самым мы пакажам сьвету, што дасьледаваньне космасу па-за зямной арбітаю магчымае і сіламі прыватных кампаніяў. Мы пакажам сьвету, што гэта магчыма дзякуючы выключна прыватнаму фінансаваньню такой значнай місіі”.

“Space Adventures” плянуе выправы ў космас на тэрмін ад 9 да 21 дня з спыненьнем на Міжнароднай касьмічнай станцыі. Турысты будуць мець магчымасьць паглядзець на Зямлю з пэрспэктывы Месяца. Яны абляцяць гэтую плянэту і з вышыні 100 кілямэтраў змогуць убачыць яе меней вядомы бок зь вялікімі кратэрамі ад удараў мэтэарытаў. У далейшай пэрспэктыве “Space Adventures” не выключае й магчымасьці высадкі турыстаў на Месяцы.

Першы турыстычны палёт мае адбыцца на борце расейскага касьмічнага карабля “Саюз”, які будзе для гэтага пераабсталяваны самай сучаснай тэхнікай. Амэрыканская кампанія цесна супрацоўнічае з расейскай касьмічнай карпарацыяй “Энэргія”, якая ўдзельнічала ў выпраўленьні ў космас двух першых турыстаў: Дэніса Тыта з ЗША і Марка Шатлворта з Паўднёваафрыканскай Рэспублікі. Кожны зь іх заплаціў за палёт па 20 мільёнаў даляраў. 1 кастрычніка трэцім турыстам у космас мае паляцець амэрыканскі бізнэсовец Грэг Ольсэн – ён заплаціць за гэта 100 мільёнаў даляраў.

Усе патэнцыйныя кандыдаты на касьмічных турыстаў, акрамя грошай, мусяць мець моцнае здароўе і павінны прайсьці адпаведнае навучаньне.

Вячаслаў Давідзенка, прэс-сакратар Расейскага фэдэральнага касьмічнага агенцтва, ня бачыць нічога заганнага ў супрацоўніцтве з камэрцыйнай амэрыканскай фірмай. Ён кажа, што супрацоўніцтва з ЗША ў галіне дасьледаваньня космасу не спынялася нават у найгоршыя часы “халоднай вайны”. У ліпені споўніцца 30 гадоў з часу сумеснай праграмы “Саюз-Апалён”. Давідзенка лічыць, што супрацоўніцтва з амэрыканскай кампаніяй “Space Adventures” дазволіць зарабіць дадатковыя сродкі на рэалізацыю расейскіх касьмічных праграм.
XS
SM
MD
LG