Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вэртыкальшчыкі" польскага паходжаньня зьвярнуліся да ўладаў Польшчы


Валер Каліноўскі, Менск Анансаваны Беларускім тэлебачаньнем і дзяржаўным агенцтвам БелТА “круглы стол” у Горадні ў справе праблем польскае меншасьці не адбыўся. Тым часам больш за 30 кіраўнікоў гарадзенскіх прадпрыемстваў, установаў і арганізацый, а таксама супрацоўнікаў “вэртыкалі” і навукоўцаў польскага паходжаньня сёньня апублікавалі зварот да прэзыдэнта, Сэйму й ураду Рэспублікі Польшча.

У Звароце да ўладаў Польшчы беларускія палякі, якія займаюць розныя кіроўныя пасады на Гарадзеншчыне, заклікаюць мацаваць польска-беларускую дружбу ды аспрэчваюць інфармацыю аб перасьледзе польскай меншасьці ў Беларусі. Аўтары звароту зазначаюць, што беларускія палякі маюць магчымасьць вывучаць родную мову, культуру, атрымліваць адукацыю й працоўныя месцы.

“Мы вырасьлі на беларускай зямлі, яна стала для нас Радзімай, нашым домам. Беларуская дзяржава дала нам і нашым дзецям адукацыю, нам дадзена магчымасьць займаць высокія пасады, быць выбранымі дэпутатамі, прымаць удзел у дзяржаўных і грамадзкіх справах,” — пішуць аўтары звароту, зьвяртаючыся да ўладаў Польшчы з заклікам будаваць адносіны зь Беларусьсю на “прынцыпах ўзаемапаразуменьня й добрасуседзтва”.

Яшчэ адзін падобны ліст кіраўніцтву Польшчы накіравалі прадстаўнікі прафсаюзаў, вэтэранаў, грамадзкіх арганізацый Гарадзеншчыны. Тым часам у Горадні чакалі правядзеньня “круглага стала” Камітэту ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў па праблемах польскае меншасьці.

“Круглы стол” быў анансаваны на пачатку тыдня дзяржаўным інфармагенцтвам БелТА й нацыянальным тэлебачаньнем. Аднак жа ён не адбыўся. Вось як патлумачыў сытуацыю кіраўнік Камітэту ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко.

(Буко: ) “Ня ведаю ні пра які “круглы стол”. Такога ў плянах нават не было, ніякага “круглага стала” ў Горадні. Я цяпер знаходжуся ў сваім кабінэце на вуліцы Камуністычнай, 11”.

Спадар Буко пры гэтым паведаміў, што ягоным Камітэтам і без таго прадпрымаюцца й будуць прадпрымацца крокі дзеля ўрэгуляваньня сытуацыі вакол Саюзу палякаў Беларусі.
XS
SM
MD
LG