Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адмаўляецца ад інвэстыцыйных праектаў расейскай “Ітэры”


Ігар Карней, Менск Беларускія ўлады не падтрымалі ніводзін з 12 інвэстыцыйных праектаў расейскай кампаніі “Ітэра”, палічыўшы іх беспэрспэктыўнымі. Сярод прапановаў “Ітэры” былі: сумесная здабыча газу, будаўніцтва электрастанцыі, арганізацыя сеткі аптэк, пастаўкі інсуліну й г.д. За гэта расейцы разьлічвалі атрымаць у даверчае кіраваньне гарадзенскае прадпрыемства па вытворчасьці мінэральных угнаеньняў “Азот”, ваўкавыскі “БелПак”, а таксама магілёўскае “Хімвалакно”.

Роўна год таму праекты “Ітэры” абмяркоўваліся падчас сустрэчы кіраўніцтва кампаніі з Аляксандрам Лукашэнкам. Тады кіраўнік Беларусі высока ацэньваў эфэкт ад меркаванага супрацоўніцтва. Аднак пасьля таго, як сёлета “Газпрам” фактычна выціснуў “Ітэру” з рынку, а ад красавіка кампанія ўвогуле спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь на перапрацоўку, афіцыйны Менск зрабіў выснову, што ўласных сродкаў для інвэставаньня ў беларускую эканоміку “Ітэра” ў патрэбным аб’ёме ня мае.

Эканаміст Тацяна Манёнак удакладняе: цягам апошняга часу “Ітэра” сапраўды страціла бальшыню сваіх здабывальных кампаній і сёлета гэтыя пазыцыі ніяк не ўмацаваліся. Аднак, паводле Манёнак, беларускае кіраўніцтва найменей жадае аддаваць замежным інвэстарам кантроль над беларускімі прадпрыемствамі.

(Манёнак: ) “Якім чынам мы можам казаць пра вялікую прыватызацыю, калі нават малая ніяк ня рухаецца наперад? Даводзілася зусім нядаўна пісаць пра Талачынскі масласырзавод. Расейская кампанія купіла пакет акцый на аўкцыёне. Але мясцовыя ўлады спалохаліся, зрабілі крок назад: была ўведзена “залатая акцыя”. Наш урад і прэзыдэнт спрабуюць даказаць жыцьцяздольнасьць нейкай асаблівай беларускай эканамічнай мадэлі. Пра прыватызацыю ўвогуле няма гаворкі. Было некалькі прапановаў вываду з крызысу менскага “Інтэгралу”. Адна з прапановаў — акцыянаваньне. З высокіх трыбун адназначна заявілі: самі знойдзем выйсьце. Таму я ня веру ў жаданьне беларускага боку прыватызаваць той жа “Нафтан”, хоць і былі заявы: маўляў, казахстанскія кампаніі зацікаўлены прыватызацыяй заводу”.

Для расейскіх кампаній Беларусь зьяўляецца стратэгічным кірункам, бо доступ да мясцовай нафта– й газахіміі дазволіць ня толькі кантраляваць рэгіянальны рынак, але й экспартаваць запатрабаваную прадукцыю ў Расею й Заходнюю Эўропу. Але, як мяркуюць спэцыялісты, збліжэньне “Ітэры” з афіцыйным Менскам ад пачатку мела змушаны характар. Пра праекты “Ітэры” загаварылі пасьля таго, як у выніку рознагалосьсяў паміж беларускім урадам і “Газпрамам” наконт коштаў газу частку паставак на сябе ўзялі незалежныя газавытворцы, уключна з “Ітэрай”.

Аднак у выніку страты камэрцыйнымі кампаніямі пазыцый на ўнутраным рынку й відочнай манапалізацыі газавага сэктару “Газпрамам” Менск вырашыў не ўскладняць адносін з “Газпрамам”. А таму ад сярэдзіны 2004 году “Ітэра” не вядзе паставак газу ў Беларусь. Да таго ж, як лічаць эканамісты, эканамічная сытуацыя вельмі спрыяльная для беларускіх прадпрыемстваў: высокі кошт нафтапрадуктаў на ўсясьветным рынку дае краіне досыць вялікія дывідэнды.

Пераразьмяркоўваючы сродкі, урад можа мэтава накіроўваць грошы на асобныя прадпрыемствы, а адсутнасьць мяжы з Расеяй дазваляе гандляваць беларускімі таварамі на расейскім рынку. Але беларускае кіраўніцтва, як мяркуе эканаміст Тацяна Манёнак, зусім не глядзіць наперад.

(Манёнак: ) “Празь некалькі гадоў сытуацыя кардынальна зьменіцца. На расейскі рынак прыходзяць тыя ж кітайскія кампаніі, якія робяць даволі значныя інвэстыцыі у канкуравальныя галіны. Таму многія экспэрты ў зьвязку з гэтым ужо кажуць: беларускі ўрад павінен нейкім чынам прыцягваць профільныя расейскія кампаніі ў тэхналягічныя ланцужкі, каб беларуская прадукцыя была канкурэнтаздольнай на ўсясьветных рынках. Мяркую, што многія дырэктары айчынных прадпрыемстваў, якія працуюць на расейскіх, замежных рынках, таксама гэта разумеюць”.

У маскоўскім офісе міжнароднай групы кампаній “Ітэра” адмовіліся камэнтаваць сытуацыю вакол згорнутых інвэстыцыйных праектаў: там яшчэ спадзяюцца на новы раўнд беларуска-“ітэраўскіх” перамоваў.

Нагадаем: раней Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў кіраўніка “Ітэры” Ігара Макарава ордэнам “Дружбы народаў” і мэдалём Францішка Скарыны.
XS
SM
MD
LG