Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень ідзе акцыя БНФ супраць расейскай радыёлякацыйнай станцыі


Севярын Квяткоўскі, Менск Маладыя актывісты Партыі БНФ агітуюць насельніцтва Клецкага й Ганцавіцкага раёнаў супраць знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай радыёлякацыйнай станцыі “Волга”. Станцыя месьціцца на мяжы гэтых двух раёнаў.

Сёньня ўдзельнікі акцыі разьдзяліліся на дзьве групы: адна накіравалася ў райцэнтар Ганцавічы, а другая — да расейскага вайсковага аб''екту. У абедзьвюх груп аднолькавая задача — інфармаваць насельніцтва пра экалягічную небясьпеку электрамагнітнага выпраменьваньня, што сыходзіць ад РЛС “Волга”. Ува ўлётках гаворыццца таксама пра тое, што расейскія вайсковыя аб''екты на тэрыторыі Беларусі аддаляюць пэрспэктыву інтэграцыі краіны ў Эўропу.

Распавядае ўдзельнік акцыі дэпутат Менскага раённага Савету Юрась Зянковіч.

(Зянковіч: ) “У гэтым годзе мы стараемся ехаць па тых населеных пунктах, дзе не былі ў мінулым годзе. У Ганцавіцкім раёне нам папросту не далі магчымасьці раскідаць улёткі. Таму тут для людзей нашая інфармацыя ёсьць навіной”.

Летась у жніўні падобная акцыя адбылася ў шэрагу вёсак Клецкага раёну, але ўдзельнікі былі затрыманы міліцыяй. На думку Юрася Зянковіча, яму з паплечнікамі ўдалося актывізаваць экалягічную праблему РЛС у Клецкім раёне.

(Зянковіч: ) “У Клецку за мінулы год прапаганда зрабіла сваё. Людзей актыўна пераконваюць у тым, што наступствы для навакольнага асяродзьдзя ня ёсьць наступствамі працы РЛС. У прыватнасьці, што у раёне РЛС дрэвы сохнуць не з прычыны выпраменьваньня”.

Юрась Зянковіч адзначае, што пераважная большасьць жыхароў вёсак у ваколіцах станцыі — пэнсіянэры. А большасьць працаздольных насельнікаў працуюць у сфэры бытавога й камунальнага абслугоўваньня расейкага аб''екту.

(Зянковіч: ) “Людзі не валодаюць інфармацыяй пра наступствы працы РЛС. Але іх купляюць досыць высокімі заробкамі — па беларускіх мерках. Тым больш, — па мерках беларускай глыбінкі”.

Юрась Зянковіч спадзяецца, што сёлета ўдзельнікам акцыі “РЛС — пагроза Беларусі” міліцыя перашкаджаць ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG